18 траўня ў Наваполацкім гарадскім судзе адбыўся судовы разгляд скаргі Дзмітрыя Салаўёва на рашэньне Наваполацкага гарвыканкама аб забароне мітынгу, у якім планавалі браць удзел лідэры Народнай кааліцыі "5+".

2004 2004-05-19T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Правядзеньне мітынгу было заяўлена на 22 траўня. На дадзены мітынг зьбіраліся прыехаць лідэры Народнай кааліцыі "5+". Наваполацкі гарвыканкам забараніў мітынг на той паставе, нібыта заява не ўтрымлівала неабходных вычарпальных звестак. Падчас судовага разбіральніцтва спецыяліст аддзелу ідэялогіі гарвыканкаму Клопава (менавіта яна рыхтавала адмову), казала, што да заявы не былі прыкладзены дамовы з мясцовым аддзелам дэпартамента аховы МУС для забеспячэньня правапарадку і з мясцовым тэрытарыяльна-медычным аб'яднаньнем на арэнду хуткай дапамогі. Але нідзе ў Законе "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь" канкрэтна не вызначана, што арганізатар мусіць складаць дамовы з вышэйзгаданамі арганізацыямі на ахову парадка і медычнае абслугоўваньне. А таксама Клопава палічыла, што арганізатары мусілі абавязацца прыбраць пасьля мітынгу плошчу. Пры гэтым яна не патлумачыла, якім чынам можна аддзяліць сьмецьце, якое ўжо было на плошчы да мерапрыемства ад таго сьмецьця, якое пакінуць удзельнікі мітынгу – такім чынам, арганізатары мусяць выконваць працу гарадскіх прыбіральшчыкаў.
Яшчэ ў адказе гарвыканкама была таямнічая фраза "К заявлению не приложено обязательство в письменной форме организатора (организаторов) или лица (лиц), ответственного (ответственных) за организацию и проведение массового мероприятия, по организации и проведению массового мероприятия". Насамрэч, у Законе маецца такая фармулёўка, але калі ўважліва прачытаць артыкул 4, будзе зразумела,што не заўжды гэта патрэбна, бо акцыя заяўлялася не ад імя партыі ці аб'яднаньня, і арганізатар Салаўёў ўжо паставіў свой подпіс пад заявай.
Трэба дадаць, што адказ аб забароне мітынгу быў адпраўлены толькі 19.04.2004 (зыходзячы з паштовага штэмпелю на капэрце, далучанага да матэрыялаў справы) за 3 дні да мяркуемай даты мітынгу, хаця Закон патрабуе пісьмова паведаміць арганізатараў як мінімум за 5 дзён. Клопава патлумачыла, што ліст быў укінуты ў паштовую скрыню яшчэ 16.04.2004.
Дзіўная мэтода справаводства існуе ў Наваполацкім гарвыканкаме, калі адказы проста закідваюцца ў паштовую скрыню (са словаў Клопавай), зь якой нейкім пепаразумелым чынам 3 дні (з 16 да 19.04.2004) не вымалі пошту.
У судовых спрэчках юрыст гарвыканкама Лабанок заявіў, што надалей яны мабыць больш адказна будуць ставіцца да адсылкі карэспандэнцыі.
У выніку судзьзя Пётр Ляўчонак прыняў рашэньне аб адхіленьні скаргі Салаўёва, матывуючыся тым, што ў заяве не былі пазначаныя усе неабходныя дадзеныя, у прыватнасці пра медычнае абслугоўваньне і прыбіраньне тэрыторыі.
Застаецца пытаньне, якім чынам надалей падаваць заяўкі ў Наваполацкі гарвыканкам, каб яны былі задаволеныя, бо Закон "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь" напісаны даволі цьмяна і некарэктна. Напрыклад, у артыкуле 5 сярод абавязковых дадзеных указаны "маршруты руху". З логікі зразумела, што дадзеныя маршруты патрэбны толькі для шэсьця, але спасылкі на гэта няма і ёсьць верагоднасьць таго, што наступныя мерапрыемствы могуць быць забароненыя з-за адсутнасьці дадзеных маршрутаў. Такім чынам, Закон дае магчымасьць непажаданыя мерапрыемствы (кшталту прыезду "5+") забараніць. І абавязаць арганізатараў мясьці плошчу.

Дзьмітры Салаўёў

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international