viasna on patreon

Недзяржаўную газету "Вольны час" адмаўляюцца друкаваць

2004 2004-04-28T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Цягам апошняга тыдня рэгіянальнай гомельскай газеце "Вольны час" адмовілі ў супрацоўніцтве тры друкарні: рэчыцкае прадпрыемства "Тытул", гомельская друкарня "Палесдрук" і мінская "Светоч". Усе яны спасылаюцца альбо на вялікую загружанасць, альбо на праблемы з абсталяваннем. Аднак заснавальнік і галоўны рэдактар газеты Уладзімір Вербавікоў лічыць, што яго выданне не бяруць у друк з палітычных меркаванняў.
У пачатку мінулага тыдня Уладзімір Вербавікоў звярнуўся ў рэчыцкае паліграфічнае прадпрыемства "Тытул", аднак дырэктарка Святлана Драгун адмовілася заключаць дамову з выданнем нібыта з прычыны вялікай загружанасці. Між тым, шараговыя супрацоўнікі прадпрыемства не пацвярджаюць гэтай інфармацыі. (У верасні мінулага года кіраўніцтва друкарні скасавала дамову з недзяржаўнай газетай "Регион-вести", спаслаўшыся на "сезонную працу па выпуску календароў").
Пасля гэтага сп. Вербавікоў паспрабаваў заключыць дамову з прадпрыемствам "Палесдрук" у Гомелі. Начальнік вытворчасці Таццяна Свіль спачатку пагадзілася, аднак пасля кароткай кансультацыі ў дырэктара заявіла, што друкарня павінна тэрмінова надрукаваць вялікую партыю дзённікаў і таму не можа прыняць газету на друк.
Наступным разам "Вольны час" паспрабаваў наладзіць супрацоўніцтва з мінскім унітарным прадпрыемствам "Светоч", якое раней ужо выпускала газету. Паколькі друкарня папярэдне згадзілася на супрацоўніцтва, рэдакцыя пералічыла грошы на рахунак прадпрыемства і закупіла паперу. Аднак 26-га красавіка, калі Уладзімір Вербавікоў асабіста наведаў друкарню, генеральны дырэктар Віталь Верчак заявіў, што не будзе выпускаць "Вольны час". Ні дырэктар, ні супрацоўнікі прадпрыемства не змаглі патлумачыць прычынаў гэтага рашэння.
Па інфармацыі У. Вербавікова, "Светоч" надрукавала каля паловы накладу газеты і цяпер з-за скасавання дамовы панясе фінансавыя страты. Галоўнаму рэдактару вярнулі арыгінал-макеты нумару, папярэдне выразаўшы з іх рэквізіты друкарні, якая выконвала замову. "Усё гэта выглядала так, нібыта ўва ўсіх друкарнях правялі адмысловы семінар, на якім вучылі, якім газетам і як адмаўляць у друку", - зазначыў у гутацы ў прэс-службай ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Уладзімір Вербавікоў.
Апошні нумар недзяржаўнага штотыднёвіка "Вольны час" пабачыў свет у жніўні мінулага года. Пэўны час газета не выходзіла з фінансавых прычынаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства