Сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі Фёдар Бакуноў і Сяргей Катушонак трапілі ў нейрахірургічнае аддзяленьне віцебскага абласнога шпіталю пасьля нападу чацьвярых невядомых людзей у цывільным

2004 2004-04-27T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Спадары Бакуноў ды Катушонак распавялі, што па сканчэньні чарнобыльскай жалобнай акцыі яны вярталіся з офісу гарадзкой арганізацыі АГП, куды заносілі сымбалічны чарнобыльскі звон. Каля восьмай вечара на мосьце імя Блахіна, недалёка ад кінатэатру “Беларусь”, каля іх спынілася цёмная іншамарка, зь якой выйшлі чацьвёра невядомых. Двое зь іх засталіся каля машыны, астатнія нібыта прайшлі ўздоўж іх. Апошняе, што памятаюць Фёдар Бакуноў ды Сяргей Катушонак — моцны ўдар па галаве, нанесены ў патыліцу.

Апрытомнелі яны толькі празь некалькі гадзінаў на бязьлюдным пустыры недалёка ад месца нападу. Выпадковы кіроўца дапамог ім дабрацца да шпіталю, адкуль ужо ўраньні яны змаглі датэлефанавацца да сваякоў.

Лекар нэўрахірургічнага аддзяленьня Ўладзімер Сідарэнка ацэньвае стан здароўя пацярпелых як здавальняючы. Абодва яны маюць страсеньне мозгу, а таксама выразныя прыкметы зьбіцьця — драпіны ды сінякі. Паводле высновы лекара, у шпіталі ягоным пацыентам давядзецца правесьці блізу дзесяці дзён.

27 красавіка спадары Бакуноў ды Катушонак заявілі пра зьдзейсьнены на іх напад у міліцыю. Аднак яны ня пэўныя, што змогуць пазнаць крыўдзіцеляў, бо тыя напалі ззаду і ў часе кароткае бойкі ня вымавілі ніводнага слова. На думку апазыцыянэраў, так могуць дзейнічаць толькі адмыслова падрыхтаваныя людзі, аднак мэта іхнага нападу ім невядомая.
Паводле Радыё Свабода

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international