Старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна”, які знаходзіцца ў Жэневе, каментуе Рэзалюцыю ААН

2004 2004-04-16T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

15 красавіка ў Жэнэве камісія ААН па правах чалавека ухваліла Рэзалюцыю, якая асуджае парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. Камісія стварыла пасаду спэцыяльнага дакладчыка па Беларусі, які мае вывучыць сытуацыю з правамі чалавека ў краіне і даць справаздачу на наступнай сэсіі. Старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі так пракаментаваў гэтую падзею карэспандэнту Радыё Свабода: “Рэзалюцыя па Беларусі зьяўляецца ўжо другі раз. Нагадваю, што летась камісіяй па правах чалавека ААН таксама была прынятая рэзалюцыя па Беларусі, што было дастаткова вялікай нечаканасьцю. Яе прыняла такая шырокая сусьветная арганізацыя як ААН.

Як лічаць краіны, якія вынесьлі і прынялі гэтую рэзалюцыі, сытуацыя з правамі чалавека за апошні год у Беларусі не палепшылася. Ініцыятарамі гэтай рэзалюцыі зьяўляюцца краіны Эўрапейскага Зьвязу і ЗША.

У ёй ідзе гаворка пра дастаткова агульныя і вядомыя рэчы, прынамсі ў нас у Беларусі: пра той ціск, які аказваюць улады на разьвіцьцё няўрадавых арганізацыяў, пра палітычнае жыцьцё дэмакратычных партыяў Беларусі, пра кепскае расьсьледаваньне справаў зьніклых. Згадваецца таксама і тое, якія праблемы мае цяпер Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. Згадваецца, натуральна, і закрыцьцё Гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа.

Найбольш цікавым зьяўляецца ў гэтай рэзалюцыі (і гэта моцна адрозьнівае яе ад папярэдняй, леташняй рэзалюцыі) гэта тое, што ў шостым пункце рэзалюцыі прапануецца ўвесьці пасаду спэцыяльнага дакладчыка па правах чалавека ў Беларусі ад камісіі па правах чалавека ААН.

Я хачу заўважыць, што такая пасада звычайна прызначаецца толькі ў краінах з татальным парушэньнем правоў чалавека. Я думаю, гэта ёсьць наступны крок, які паказвае ўсё большую занепакоенасьць сусьветнай супольнасьці што да сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі”.
За рэзалюцыю прагаласавалі 23 краіны, супраць – 13, а 17 краінаў устрымаліся.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international