viasna on patreon

Прадстаўнікі спэцслужбаў цікавяцца дзейнасьцю сябра Рады ЗБС Сяржука Семянюка. Сёньня яго выклікалі ў дэканат, дзе два чалавекі ў цывілільным зладзілі допыт аб дзейнасьці арганізацыі і грамадзкай дзейнасьцю Сяржука ў прыватнасьці.

2004 2004-04-14T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёньня ў 11:30 перад пачаткам заняткаў на аргарнатэхнічным факультэце БДАТУ (аграрна-тэхнічны ўнівэрсытэт), да Сяржука падыйшоў намесьнік дэкана факультэта, які паведаміў, што хоча пагутарыць зь ім наконт пропускаў заняткаў і магчымых наступстваў з гэтага. Але ж калі яны зайшлі ў дэканат, намесьнік дэкана паказаў Сяржуку на двух асобаў у цывільным, якія жадаюць паразмаўляць зь ім. Асобы не прадставіліся, а толькі паведамілі, што зьяўляюцца супрацоўнікамі КДБ.
Незнаёмыя адразу ж пачалі задаваць пытаньні, датычныя дзейнасьці ЗБС у апошнія месяцы. Найбольш іх цікавіла праваабарончая кампанія ЗБС “Адкрыты студэнцкі форум. Думкі ўслых”, у межах якой 22 красавіка адбудзецца бясплатны рок-канцэрт для студэнтаў, а ў траўні міжнародная канфэрэнцыя па правох студэнтаў. Запытваліся аб кіраўніцтве арганізацыі і замежных партнэрах, прасілі назваць імёны і краіны, зь якімі працуе ЗБС. Адзін з супрацоўнікаў сказаў, што ягоная задача – прымусіць Сяржука распавесьці ўсё. Але Сяржук адмовіўся адказваць на пытаньні незнаёмых людзей альбо адказваў жартам, даючы зразумець, што размова не атрымаецца.
Сяржук лічыць, што гэта была няўдалая спроба спэцслужбаў паўплываць на ягоную грамадзкую актыўнасьць і дзейнасьць ЗБС у цэлым. Гэты выпадак толькі ўзмацніў ягонае жаданьне працаваць больш актыўна ў студэнцкай арганізацыі. Зараз Сяржук Сямянюк працуе ў Радзе ЗБС і зьяўляецца рэгіянальным каардынатарам арганізацыі, таксама кіруе кампаніяй ЗБС па студэнцкіх інтэрнатах за паляпшэньне ўмоваў пражываньня.

За апошні месяц гэта неадзінкавы выпадак спробаў спэцслужбаў і адміністацыяў ВНУ рабіць уціск на сябраў ЗБС. Так, кіраўнікоў рэгіянальных суполак ЗБС выклікаюць у дэканаты, дзе папярэджваюць аб санкцыях за грамадзкую дзейнасьць. Выданьне суполкі ЗБС у БДПУ “ТАНКІСТЫ” (наклад 299 асобнікаў), якое распаўсюджваецца ў пэдагагічным унівэрсытэце, было разгледжанае прадстаўнікамі адміністрацыяў ВНУ на сэмінары па ідэалягізацыі ў Менску. Адзін з прарэктароў беларускай ВНУ (у мэтах бясьпекі ён прасіў не называць сваё імя і месца працы) распавёў, што на мінулым тыдні на гэтым сэмінары была асобная сэкцыя па абмеркаваньні дзенасьці ЗБС і шляхоў уціску на арганізацыю.

У зьвязку з гэтымі падзеямі Рада ЗБС заяўляе, што нягледзячы ні на якія пагрозы, уціск і бязглуздыя абвінавачваньні, ЗБС будзе працягваць змагацца за правы як сваіх сябраў, так і іншых студэнтаў, ніводзін зь якіх не застанецца без дапамогі ў выпадку несправядлівага стаўленьня адміністрацыі навучальнае ўстановы і іншых структураў.
За дадатковай інфармацыяй можна зьвярнуцца па наступных кантактах:
8 029 685 52 39 – маб.тэл. Сяржука Семянюка,
8 029 653 05 95 – маб.тэл. Старшыні Рады ЗБС Вольгі Кузьміч.

Прэсавая служба ЗБС
Менск, вул. Дарашэвіча, 4-2, т./факс (017) 2322743,
e-mail: infa@bsa.org.by
http://bsa.org.by

Даведка

Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў (ЗБС) – нацыянальная студэнцкая арганізацыя. У 1992 годзе была зарэгістраваная ў Міністэрстве Юстыцыі (МЮ) РБ як “Рэспубліканскае маладзёжнае грамадскае аб’яднанне “Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў”. 03.12.2001г рашэньнем Вярхоўнага суда РБ ЗБС пазбаўлены рэгістрацыі за актыўнае правядзеньне кампаніяў па сацыяльных праблемах студэнтаў (разьмеркаваньне, малыя стыпэндыі, старыя падручнікі, недахоп інтэрнатаў ды інш.) і мабілізацыйнае кампаніі. Суд не зьвярнуў увагу на адсутнасьць юрыдычна абгрунтаваных аргумантаў з боку МЮ, заявы больш за 30 эўрапэйскіх студэнцкіх і праваабарончых арганізацыяў. Ліст Міжнароднай Лігі правоў чалавека да А.Г.Лукашэнка з просьбай патлумачыць незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да ЗБС застаўся без адказу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства