viasna on patreon

Падчас перавозкі ў Гародню са Смаленскай друкарні затрыманы наклад газеты “День”

2004 2004-04-08T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

7 красавіка ўвечары быў затрыманы наклад газеты "ДЕНЬ" на пасту ДАІ каля Іўя, падчас перавозкі газеты ў Гродна са Смаленскай друкарні. Цяпер 4 800 асобнікаў "ДНЯ" знаходзяцца ў Івейскім РАУС, паведамляе Pahonia.promedia.by

Прыватную машыну Міхася Белакоза, які перавозіў наклад адзінаццатага нумара "ДНЯ", спынілі ў 20.30 на Івейскім пасту ДАІ, што на паўдарозе ад Менска да Гродна. Супрацоўнікі ДАІ адразу выклікалі аператыўную групу, якая і прыняла рашэнне аб затрыманні наклада.

- Я амаль на 100 адсоткаў упэўнены, што акцыя была спланаваная, - гаворыць Міхась Белакоз, які перавозіў наклад ў сваёй прыватнай машыне. - Супрацоўнік ДАІ спыніў мяне, дакумантаў на газету не запатрабаваў, а прайшоў да тэлефона і адрапартаваў "Ну, затрымалі".

Па словах Белакоза, супрацоўнікі апергрупы склалі толькі пратакол агляду месца здарэння, у якім не пазначылі прычыну затрымання "ДНЯ". Супрацоўнік адзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі (АБЭЗ), які ўваходзіў у склад групы, адмовіўся назваць сваё прозвішча. Праз гадзіну Белакоза адпусцілі. Пры гэтым яму не далі ніводнага дакуманта аб затрыманні газеты.

Як паведаміў дзяжурны Івейскага РАУС Нехвядовіч, 4800 асобнікаў газеты "ДЕНЬ" былі затрыманыя па прычыне таго, што "ўсе суправаджальныя дакуманты выклікаюць сумненні ў іх сапраўднасці". Па словах рэдактара "ДНЯ" Міколы Маркевіча, дакуманты былі аформленыя належным чынам.

- Гэта таварная накладная ў двух экзэмплярах і даверанасць на перавозку накладу, - расказвае Маркевіч. - Накладныя - гэта дакуманты строгага ўліку, яны нумарныя, на гербавай паперы, маюць некалькі ступеняў абароненасці і рэгіструюцца ў падаткавай інспекцыі.

Цяпер наклад газеты знаходзіцца ў Івейскім РАУС і па словах Нехвядовіча, 8 красавіка пачнецца разбіральніцтва па гэтай справе. Звычайны тэрмін падобнага разбіральніцтва - 10 дзён.

На мінулым тыдні наклад дзесятага нумара "ДНЯ" ўжо затрымлівалі на тым самым Івейскім пасту ДАІ, але пасля гадзіннага разбіральніцтва машына з накладам тады была адпушчаная.

"ДЕНЬ" выдае калектыў зліквідаванай уладамі ў 2001 годзе гарадзенскай газеты "ПАГОНЯ".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства