Супраць журналісткі Ірыны Халіп узбуджаная крымінальная справа за паклёп. Газета “Для служебного пользования” атрымала папярэджаньне.

2002 2002-09-23T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/milinkevich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Генэральная пракуратура вынесла папярэджаньне газэце "Для служебного пользования" за артыкул "Афганскія барзыя", а супраць аўтара артыкула, Ірыны Халіп, распачала крымінальную справу. 20 верасьня Ірыну Халіп выклікалі ў гарадзкую пракуратуру на допыт. Сьледчы Ўладзімер Шылаў паведаміў журналістцы, што генэральная пракуратура распачала супраць яе крымінальную справу, а сьледзтва даручыла весьці падначаленай ёй гарадзкой пракуратуры.

Ірына падазраецца ў паклёпе на генэральнага пракурора Віктара Шэймана. Нагодаю для крымінальнай справы стаў артыкул "Афганскія барзыя", надрукаваны ў газэце "Для служебного пользованія". У ім Ірына Халіп распавяла пра акалічнасьці крымінальнай справы былога прэзыдэнта канцэрну "Белдзяржхарчпрам" Віктара Казекі і ягонага сына – былога начальніка аддзелу збыту аб'яднаньня "Крышталь" Андрэя Казекі, якіх падазраюць у хабарніцтве і раскраданьні дзяржаўнай маёмасьці.

Ірына Халіп спаслалася на апэратыўную відэастужку, якая знаходзіцца ў КГБ. На гэтай стужцы запісаная размова грамадзянскай жонкі Андрэя Казекі з прадстаўніком фірмы "Афганвет". Як паведамляе газэта, прадстаўнік фірмы прапанаваў свае паслугі ў закрыцьці крымінальнай справы супраць Андрэя Казекі. Для гэтага родным Андрэя нібыта трэба было заплаціць 250 тысяч даляраў, прычым частка гэтых грошай, як сьцьвярджаецца ў публікацыі, прызначалася непасрэдна генэральнаму пракурору Віктару Шэйману і сьледчым, а частка – фірме "Афганвет". Ірына лічыць, што рэакцыя генпракуратуры ёсьць сьведчаньнем таго, што яна мела рацыю.

Галоўны рэдактар газэты "Для служебного пользования" Сьвятлана Калінкіна папярэджаньне, вынесенае генпракуратурай, лічыць беспадстаўным. Любоў Вашкевіч, дырэктарка выдавецкага прадпрыемства "Марат", якое ёсьць заснавальнікам газэты, паведаміла Радыё Свабода:

(Вашкевіч: ) "Мы ня згодныя з гэтым папярэджаньнем. Па-першае, у ім акцэнтуецца ўвага на тым, што мы разгалошваем матэрыялы крымінальнай справы, у якой сьледзтва яшчэ ня скончанае. Нас папракаюць, што мы не зьвярнуліся па матэрыялы справы да сьледчага. Ірына Халіп пра ўсё даведалася ад Казекі-старэйшага, ягонай жонкі і грамадзянскай жонкі Андрэя Казекі. Яны ніякіх падпісак аб неразгалошваньні сьледзтву не давалі.

Па-другое, у папярэджаньні ніводнага слова не сказана пра арганізацыю, з-за якой, на нашу думку, мы й атрымалі гэтае папярэджаньне. Гэта фірма "Афганвет". Натуральна, мы надрукуем абвяржэньне, якое патрабуе ад нас пракуратура, нягледзячы на ўсе гэтыя абставіны. У рэдакцыі ёсьць матэрыялы, якія пацьвердзяць факты, надрукаваныя ў артыкуле. Намесьнік генэральнага пракурора Мікалай Купрыянаў дапісаў, што мы маем права абскардзіць папярэджаньне ў генпракурора. Справа ў тым, што крыху раней мы мелі папярэджаньне, падпісанае намесьнікам генпракурора Сьнігіром з такім дадаткам. Мы так і зрабілі. Абскардзілі. Дагэтуль адказу не атрымалі. Мы лічым бессэнсоўным абскарджваньне, бо ў любым выпадку адказу не атрымаем”.

Паводле беларускага заканадаўства, калі цягам году газэта атрымае яшчэ два папярэджаньні, яна будзе закрытая.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international