Віцебскіх школьнікаў прымушаюць падпісвацца на дзяржаўныя выданьні

2004 2004-03-10T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як паведамляе Радыё Свабода, у пералік рэкамэндаваных аддзеламі адукацыі газет і часопісоў, на якія павінны падпісацца школьнікі, увайшлі “Советская Белоруссия” і дзяржаўная гарадзкая газета “Віцьбічы”.
Бліжэй да заканчэньня тэрміну падпіскі на другі квартал гэтага году віцебскім школам загадалі выканаць адмысловы плян — падпісацца на пэўную колькасьць дзяржаўных выданьняў. Пра тое, як гэтае распараджэньне выконваецца, распавядае настаўніца адной са школ Першамайскага раёну: “Нашай школе даюць план, колькі чаго школа мусіць выпісаць. Да прыкладу, “Віцьбічы” — 5 асобнікаў на клас, “Советская Белоруссия” — 2 асобнікі. Абавязкова! Аж да таго, што, калі гэты план ня будзе выкананы, класнага кіраўніка чакаюць непрыемнасьці — пазбавяць прэміі, альбо яшчэ штосьці такое”.

Такім чынам, школьнікі мусяць зьбіраць грошы на калектыўную падпіску. У сярэднім, кожны вучань мусіць ахвяраваць на гэта ад 500 да 1 тысячы рублёў.

У сьпісе “рэкамэндаваных” выданьняў няма ніводнага выданьня на беларускай мове, нават рэспубліканскай газеты для дзяцей ды падлеткаў “Раніца”. Затое ў адной са школ таго ж Першамайскага раёну вучням пачатковых класаў загадана зьбіраць грошы на падпіску часопіса “Беларуская думка” — колішняга “Коммуниста Белоруссии”. Зразумела, што 6–9 гадовыя дзеці чытаць такі часопіс ня будуць. Што да іхных настаўнікаў, дык яны таксама хацелі бы зьбіраць грошы на іншыя выданьні: “Раней, два-тры гады таму, настаўнікі абіралі тыя выданьні, якія ім насамрэч патрэбныя. Да прыкладу, цудоўныя расейскія прадметныя выданьні. Для настаўніка яны дарагія, і таму зьбіраліся грошы на гэтыя выданьні. Потым імі карысталіся адразу некалькі настаўнікаў, і гэта дапамагала ім рыхтавацца да ўрокаў. А цяпер яны ня маюць на гэта права, яны мусяць выконваць план — “Віцьбічы”, Советская Белоруссия” ды іншыя дзяржаўныя выданьні”.

Віцебскія настаўнікі кажуць, што неўзабаве кантроль з падпіскай на дзяржаўныя выданьні будзе яшчэ больш жорсткі: у некаторых школах класным кіраўнікам загадана высьветліць, якія газеты выпісваюць сем’і іхных вучняў. У адпаведных сьпісах трэба пазначаць, ці няма паміж іх недзяржаўных выданьняў, да прыкладу, газеты “Віцебскі кур’ер”. Гэтыя зьвесткі будуць захоўвацца ў школах да асобнага запатрабаваньня.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international