viasna on patreon

Суд над Прахарэнкам па-ранейшаму праходзіць без яго ўдзелу, многія пацярпелыя ігнаруюць працэс

2021 2021-10-28T08:11:56+0300 2021-10-28T11:53:17+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/homel-savecki-sud-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Суд Савецкага раёна Гомеля 27 кастрычніка працягнуў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Юрыя Прахарэнкі, якога вінавацяць адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 391 (абраза суддзі або народнага заседацеля) і арт. 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).

Па справе праходзяць 23 пацярпелыя. Гэта супрацоўнікі органаў унутраных спраў, суддзі, пракурорскія работнікі і нават прэзідэнт.

Паколькі ў працэсе ад пачатку першага пасяджэння 29 верасня змяніліся адразу і суддзя, і дзяржабвінаваўца, новы суддзя Аляксандр Мохараў паведаміў, што справа, па-сутнасці, будзе разглядацца нанава.

Сам абвінавачаны ў судзе па-ранейшаму не прысутнічае, сваякі кажуць, што малады чалавек знаходзіцца ў дэпрэсіўным стане, у яго заўважаныя панічныя атакі і псіхасаматычныя парушэнні. Яму трэба неадкладнае медычнае даследаванне и лячэнне, аднак гэтае пытанне так хутка не вырашаецца.  

За час зняволення ў СІЗА Гомеля Юрый пахудзеў больш чым на 35 кілаграмаў.

Ягоным законным прадстаўніком у судзе выступае бацька — Сяргей Прахарэнка.

Суд над Прахарэнкам у Гомелі фактычна пачаўся нанава: змяніліся суддзя і пракурор, а сведкі не з’явіліся

Паводле афіцыйнага абвінавачання, Юрый быў падпісаны на каналы, дзе публікаваліся асабістыя звесткі сілавікоў. Сярод іх — "Дэанон" і “Карнікі Беларусі”. Пачынаючы ад снежня мінулага года па красавік 2021 года ён пісаў з дапамогай тэлефона ў сетцы Інтэрнэт "каментары абразлівага характару".

27 кастрычніка суд працягнуў допыт пацярпелых па справе, якія па-ранейшаму на суд не з’явіліся. Некаторыя з іх даслалі заявы, каб на судзе зачыталі іх ранейшыя паказанні.

Былі зачытаныя паказанні дадзеныя яшчэ пад час следства, Паўла Бародзькі (Мінск), Сяргея Грузневіча (Віцебск), Звенігародскай (Гомель), Уладзіслава Макарэвіча (Мінск), Уладзіслава Высоцкага.

Аднак у некаторых пацярпелых, як высвятлілася пад час судовага паседжання, у справе няма ніякіх ранейшых паказанняў і пратаколаў.

Урэшце суд пастанавіў завяршыць судовае следства без удзелу астатніх пацярпелых.

Суд таксама хацеў дапытаць маці абвінавачанага Юрыя Прахарэнкі, аднак яна чамусьці прысутнічала ў зале.

“Ну і што, што яна ў зале, яна ж не будзе распавядаць пра акалічнасці”, — заявіў суддзя Мохараў.

Аднак Марыя Прахарэнка адмовілася сведчыць супраць свайго сына.

Наступнае судовае пасяджэнне прызначанае на 10 раніцы 29 кастрычніка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства