viasna on patreon

Мужчыну асудзілі да 1,5 гадоў "хатняй хіміі" за абразу Чамаданавай

2021 2021-10-18T17:25:14+0300 2021-10-19T16:52:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/chamadanava.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вольга Чамаданава. Фота: mvd.gov.by

Вольга Чамаданава. Фота: mvd.gov.by

18 кастрычніка суд Фрунзенскага раёна Мінска вынес прысуд 45-гадоваму інжынеру-праграмісту Віктару Л.: яго прызналі вінаватым паводле арт.369 КК. і асудзілі да 1,5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — "хатняй хіміі". Таксама ён кампенсаваў маральную шкоду ў памеры 3000 рублёў.

Яго прызналі вінаватым у тым, што ў тэлеграм-канале, зараз прызнаным экстрэмісцкім, ён абразіў Вольгу Чамаданаву — у той момант яна з'яўлялася прэс-сакратаркай МУС. Так, 26 студзеня 2021 года ён пакінуў каментар пад пастом з навіной пра суд, на якім чалавека за абразу Чамаданавай асудзілі да "хатняй хіміі" і абавязалі яго выплаціць на карысць Чамаданавай 5000 рублёў. Паводле фармулёўкі абвінавачання, каментар утрымліваў негатыўную ацэнку Чамаданавай і меў ненарматыўную і нецэнзурную форму моўнага выказвання, гэтым ён публічна абразіў прэс-сакратарку. 

Мужчыну асудзілі на два гады "хатняй хіміі" за абразу ў тэлеграм-чаце Чамаданавай

Справу разглядала суддзя Таццяна Акавітая. "Вясна" з дапамогай валанцёраў назірала за гэтым судовым працэсам — распавядаем ягоныя абставіны.

Прысуд вынесла суддзя Алена Бушава. Дзяржабвінавачанне падтрымаў пракурор Дзмітрый Хаваўка.

Віктар Л. прызнаў віну, прынёс прабачэнні і раскаяўся ў тым, што здзейсніў. Ён распавёў, што звычайна ў ягонай лексіцы не прысутнічаюць падобныя выразы, але ў той момант праз цяжкі псіхалагічны стан ён "дапускае, што пакінуў гэты каментар". Але адзначыў, што ў яго не супастаўляецца, што ён мог пакінуць такія каменты. Першапачаткова ён адмаўляў, што надпіс пакінуў ён.

Да яго прыйшлі з вобшукам 19 сакавіка 2021 года: вынулі сістэмны блок, планшэт, ноўтбукі і тэлефоны. Экспертыза не выявіла ў памяці ліставанняў на тэхнічных сродках дадзеных словаў. 

Сведка з боку абвінавачання — супрацоўнік ГУУС Д.М.Лобан — распавёў, што падчас маніторынгу сацсетак выявіў пад фотаздымкам Чамаданавай больш за 60 каментароў, большасць з якіх утрымлівала ненарматыўную лексіку. У яго атрымалася ідэнтыфікаваць шэраг карыстальнікаў, сярод якіх быў і Л. Ён адзначыў, што 29 студзеня 2021 года каментар быў выдалены, але ў яго захаваўся ягоны скрыншот.

На судзе таксама выступіла пацярпелая Вольга Чамаданава. Яна распавяла, што ўспрыняла каментар як абразу. Таксама праз каментар яна адчула стрэс і маральныя пакуты, таму што каментары таксама чытаюць яе блізкія — у першую чаргу, гэта датычыцца бацькоў і дачкі. Яна адзначыла, што тыя 5000 яна перадала людзям з інваліднасцю і што наогул усе кампенсацыі пералічваюцца на добрую справу. Гэтым разам Чамаданава таксама заявіла пазоў на суму ў 3000 рублёў і пагадзілася на тое, каб яны былі выдадзеныя наяўнымі пад распіску. На наступным паседжанні пазоў быў задаволены ў поўным аб'ёме.

Адвакат Л. зачытала ягоныя станоўчыя характарыстыкі з месцаў працы, а таксама падзяку са школы за выхаванне сына — зараз студэнта БДУ.

Падчас спрэчак бок абвінавачання адзначыў, што Л. прызнаў віну часткова: ён патлумачыў, што бачыў на пацярпелай форму, разумеў, што абражае супрацоўніцу за ейную дзейнасць, аднак таксама адзначыў, што не карыстаўся тэлефонам, які далучаны да матэрыялаў справы. Дзяржабвінаваўца падкрэсліў, што пацярпелая ўпэўненая, што яе абразілі выключна праз выкананне службовых абавязкаў. Экспертыза пацвердзіла, што каментар утрымлівае негатыўную ацэнку Чамаданавай.  Дзяржабвінаваўца папрасіў пакараць Л. 1,5 гадамі абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — "хатняй хіміяй". Суддзя пагадзілася з такім пакараннем. 

Абаронца падкрэсліла, што ў распісцы пацярпелая просіць не караць абвінавачанага строга, таму лічыць, што абмежаванне волі — гэта занадта строгае пакаранне і просіць спыніцца на штрафе. 

У апошнім слове Л. адзначыў, што ягонае жыццё знаходзіцца паміж працай і домам: паколькі ён шмат працуе і можа прынесці больш карысці грамадству і дзяржаве на волі, папрасіў абмежавацца штрафам. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства