viasna on patreon

За абразы ў адрас сілавікоў, пракурораў і чыноўнікаў беларусаў адпраўляюць на "хімію"

2021 2021-10-15T18:25:00+0300 2021-10-15T18:27:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/loeu-sud-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы і валанцёры "Вясны" працягваюць маніторыць судовыя пасяджэнні па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праяваў пратэсту. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, самым распаўсюджаным інструментам рэпрэсій сёння з'яўляецца крымінальны пераслед па дыфамацыйных артыкулах: за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 368, 369, 370, 391 КК). "Вясна" распавядае, каго і за што на гэтым тыдні асудзілі ў Беларусі па гэтых артыкулах Крымінальнага кодэкса.

У Быхаве асудзілі кіроўцу за абразу кіроўцы АМАПа

Суддзя Быхаўскага раёна Уладзімір Жолудзеў 12 кастрычніка асудзіў па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса кіроўцу і шматдзетнага бацьку Мікалая Кавалеўскага.

Дзяржабвінавачанне падтрымліваў пракурор Быхаўскага раёна Андрэй Стральцоў.

Пацярпелым па справе прызнаны кіроўца АМАП УУС Брэсцкага аблвыканкама старшы сяржант Шукайла. Сам Шукайла на пасяджэнне не з'явіўся, папрасіў разглядаць справу ў яго адсутнасць у сувязі з тым што ён знаходзіцца за межамі горада Быхава, заявіў грамадзянскі пазоў на суму 1 тысяча рублёў. Абвінавачаны пагадзіўся з пазоўнымі патрабаваннямі, але пры гэтым адзначыў, што заяўленая сума з'яўляецца завышанай.

Паводле абвінавачвання Мікалай Кавалеўскі 22 красавіка 2021 года не пазней за 6 гадзін 15 хвілін, знаходзячыся на тэрыторыі філіяла "Белміт ”ЗАТ “Сервалюкс Агра” размясціў на старонцы карыстальніка сацыяльнай сеткі ВКонтакте каментар “дрышч” пад публікацыяй у суполцы "Nexta", які змяшчае негатыўную ацэнку прадстаўніка ўлады ў сувязі з ажыццяўленнем ім сваіх службовых паўнамоцтваў як прадстаўніка ўлады, прычыніўшы паказанай асобе маральную шкоду.

Мікалая Кавалеўскага затрымлівалі на трое сутак з 13 па 16 жніўня. Абвінавачаны віну прызнаў часткова, сказаўшы, што сапраўды ён размясціў каментар пад публікацыяй, але ў яго не было намеру на абразу супрацоўніка. Больш таго, Мікалай Кавалеўскі патлумачыў, што не лічыць слова «дрышч» абразаю.

Абвінавачаны растлумачыў, што на працы адкрыў тэлефон, у стужцы навін убачыў паведамленне, што ў Менску асудзілі чалавека за абразу Шукайла за сказанае ў яго адрас слова «дрышч». Мікалай Кавалеўскі пад навіной пакінуў каментар такога ж зместу. У слове "дрышч" не бачыць нічога абразлівага. Дадзенае слова, на яго думку, не з'яўляецца нецэнзурнай лаянкай, а азначае характарыстыку целаскладу, напрыклад, хударлявы.

Пацярпелы падаў заяву аб правядзенні праверкі і прыцягнення вінаватых за каментары абразлівага ўтрымання ў сувязі з ажыццяўленнем ім службовых абавязкаў.

Паводле высноў судова-лінгвістычнай экспертызы ў тэксце маецца негатыўная ацэнка Шукайлы, згодна з тлумачальным слоўніку ўтрымлівае стылістычны абарот грубага і пагардлівага адцення, мае ненарматыўную форму маўленчага выказвання.

Дзяржаўны абвінаваўца ў спрэчках запытаў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на паўтара года. У якасці змякчальных віну абставінаў пракурор адзначыў знаходжанне на ўтрыманні траіх непаўналетніх дзяцей, а таксама тое, што Мікалай Кавалеўскі раней не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці.

Прысуд суда: прызнаць вінаватым і прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на паўтара года, спагнаць пазоўныя патрабаванні пацярпелага ў памеры 1 тысячы рублёў, 87 рублёў за пошліну і канфіскаваць мабільны тэлефон, з якога ажыццяўляўся ўваход у сацыяльную сетку «ВКонтакте».

Гарадзенца асудзілі на два гады калоніі агульнага рэжыму за сцяг на Кургане славы

Суд Кастрычніцкага раёна Гродна 12 кастрычніка вынес прысуд па крымінальнай справе справе мясцовага жыхара, які вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на Кургане славы, што суд расцаніў як здзек над дзяржаўнымі сімваламі (арт. 370 КК РБ).

Гаворка ідзе пра 41-гадовага бізнесоўцу Ігара Бузука, якога затрымалі летам пры спробе з'ехаць з Беларусі.

Як ўстаноўлена падчас судовага следства, абвінавачаны 11 ліпеня 2021 года, у начны час, на мемарыяльным комплексе «Курган Славы» з мэтай здзеку над дзяржсімваламі замацаваў на флагштоку над Дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь палотнішча бел-чырвона-белага колеру.

У відэароліку, знятым УУС Гродна, мужчына распавядае, што ён прыехаў да Кургана на ровары, замацаваў бел-чырвона-белае палотнішча па-над чырвона-зялёнага пры дапамозе сцяжак, і падняў сцяг.

Хворага на анкалогію пенсіянера прысудзілі да “хатняй хіміі”.

13 кастрычніка суд Лоева і Лоеўскага раёна вынес прысуд жыхару Гомеля – 65-гадоваму пенсіянеру Сяргею Машніцкаму. Яго прызналі вінаватым паводле арт.369 КК РБ за абразу службовай асобы і прысудзілі да 1,5 гадоў “хатняй хіміі”. Ён хварэе на анкалогію.

Прысуд вынес суддзя Іван Цалкоў. Бок дзяржабвінавачання падтрымаў намеснік пракурора Ігар Арцёменка.

Падчас папярэдняга следства і суда Сяргей Машніцкі знаходзіўся на волі. Пацярпелы на паседжанне не з’явіўся.

Сяргей Машніцкі расказаў, што чалавек ён не палітычны і ў асноўным бавіць час на лецішчы, вечарамі глядзіць з ноўтбука навукова-пазнавальныя фільмы. І падчас іх прагляду падчас перадвыбарнай кампаніі часта выскоквалі “усялякія блогеры”, некаторыя з іх глядзеў у пазнавальных мэтах. Так ён звярнуў увагу “на гэтую Карач”, якая “пёрла на прэзідэнта, дзяржаву – ярая змагарка”. Таму ён вырашыў пакінуць каментар. Ён хацеў напісаць “с*ка белобрысая”, але кнопка заела і трапіў на Вольніча: Машніцкі не мае прэтэнзій да яго, бо сам працаваў у міліцыі, працаваў па кантракце ў Маскве.

Суддзя запытаў у яго, чаму ён не пакінуў асабістае паведамленне, на што Сяргей Машніцкі запытаў, як гэта зрабіць.

Пацярпелы Ігар Вольніч не з’явіўся на паседжанне, на судзе зачыталі ягоныя ранейшыя паказанні. Але ён перадаў грамадзянскі пазоў на кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1500 рублёў. На пытанне, ці прызнае абвінавачаны пазоў, Сяргей Машніцкі адказаў: “Прызнаю. А дзе я яму грошы вазьму, калі жыву ад пенсіі да пенсіі? 400 рублёў. Не прызнаю. Дадаць больш няма чаго”.

Суд за абразу сумнавядомага даішніка Вольніча завяршыўся трыма гадамі "хатняй хіміі"

Пацярпелы - супрацоўнік ДАІ з Ганцавіч Ігар Вольніч. Ён ужо добра "вядомы" сваімі" прэтэнзіямі да тых, хто каментаваў фотаздымак з ягонай выявай.

Дзяржабвінаваўца папрасіў пакараць Машніцкага 1,5 гадамі абмежавання волі без накіраванне ў ПУАТ – “хатняй хіміяй”. А таксама – задаволіць пазоў на суму 1000 рублёў.

У спрэчках і апошнім слове абвінавачаны падкрэсліў: “Я не меў злога намеру, дыскрэдытацыі, прыніжэння, ей-Богу не меў. Пакінуў без усялякай задняй думкі. Што супрацоўнікі МУС маюць такую чуллівую псіхіку – што я магу сказаць? Адзінае што – можа, меньшы тэрмін? Не дажыву я яшчэ. Улічваючы трактоўку таго, што адбываецца, магу толькі папрасіць прабачэння ў ваеннаслужачага”.

Суддзя Цалкоў прысудзіў Машніцкаму паўтары гады “хатняй хіміі”, а таксама абавязаў сплаціць на карысць пацярпелага 1000 рублёў, а таксама выплаціць 87 рублёў дзяржвыдаткаў. Ноўтбук канфіскаваны ў даход дзяржавы.

Студэнтку ГДУ асудзілі за абразу работніцы пракуратуры

Суд Жлобінскага раёна 13 кастрычніка вынес рашэнне па крымінальнай справе студэнткі ГДУ імя Францішка Скарыны Кацярыны Кашавар, 2003 года нараджэння. Яе абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады - работніцы пракуратуры Фрунзенскага раёна Мінска Тараценка (арт. 369 КК РБ).  

Пацярпелая прымала ўдзел у судовым пасяджэнні праз Скайп.

Справу разглядаў суддзя Мікалай Сяргеевіч, абвінавачанне прадстаўляў пракурор Сямён Фядорчанка.

Напачатку судовага пасяджэння Фядорчанка хадайнічаў аб тым, каб судовае пасяджэнне праходзіла ў закрытым рэжыме, маўляў, каб не прынесці дадатковай шкоды пацярпелай і абараніць яе інтарэсы.

Пасля перапынку суддзя задаволіў хадайніцтва пракурора.

З улікам прадстаўленых дзяржаўным абвінаваўцам доказаў суд пастанавіў прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 1 год 6 месяцаў.

Мабільны тэлефон, з якога размешчаны каментар, прымусова канфіскаваны ў даход дзяржавы як сродак учынення злачынства.

Два каментары пра міліцыянтаў каштавалі 1 000 рублёў, тэлефона і паўтара гады "хатняй хіміі"

У аўторак, 12 кастрычніка, у Маскоўскім судзе Берасця суддзя Іна Клышпач абвясціла прысуд Вадзіму Аляксандраву. Мужчыну прызналі вінаватым у абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).

Справу распачалі з-за двух каментароў у сацсетцы "Вконтакте", якія Аляксандраў пакінуў у лютым 2021 пад фатаграфіямі Шлупакова Аляксандра Леанідавіча і Шрамава Сяргея Уладзіміравіча.

Дзяржабвінавачанне ў асобе пракурора Крупеніча ацэньвала пакінутыя Аляксандравым каментары як "публічная абраза". Міліцыянты, якія праходзілі пацярпелымі па справе, свае маральныя пакуты ацанілі ў 1 000 рублёў кожны і прад'явілі адпаведныя пазовы да Аляксандрава.

Аднак за час суда абвінавачаны пералічыў Шрамаву і Шлупакову па 500 рублёў, і тыя адклікалі пазовы, задаволіўшыся ўжо атрыманым.

Абаронца Равуцкая прасіла прызначыць пакаранне Аляксандраву ў выглядзе штрафу, улічваючы прызнанне ім віны і наяўнасць двух малалетніх дзяцей (пры тым што жонка знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку). Але суддзя Клышпач прызначыла менавіта тое пакаранне, што прапаноўваў пракурор: паўтара года абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ, канфіскаваць тэлефон у даход дзяржавы.

Суд у Іванава: драгічынскі супрацоўнік міліцыі Юры Чарнышкоў хоча прыцягнуць да адказнасці 97 каментатараў

У судзе Іванаўскага раёна 14 кастрычніка вынеслі прысуд Аляксандру Капузу, якога вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады – оперупаўнаважанага АБЭЗ у Драгічынскім раёне Юрыя Чарнышкова (арт. 369 Крымінальнага кодэкса РБ).

Справу разглядаў суддзя Генадзь Кудласевіч, бок дзяржабвінавачвання падтрымліваў Сяргей Жуковіч. Пацярпелым па справе быў прызнаны супрацоўнік міліцыі Юры Чарнышкоў, які ўжо быў у такім статусе па шэрагу спраў і казаў, што будзе прыцягваць да адказнасці ўсіх 97 каментатараў, што абразілі яго.

Будынак суда ў Іванаве
Будынак суда ў Іванаве

Паводле абвінавачвання, вечарам 14 жніўня 2020 года Аляксандр Капуза, маючы намер і мэту публічна абразіць прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, наўмысна пакінуў у сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” каментар пад фотавыявай супрацоўніка міліцыі Чарнышкова з апісаннем, што 10 жніўня міліцыянт збіваў дзяўчыну рукамі і нагамі на плошчы, а потым здаў яе АМАПаўцу. Капуза напісаў пад пастом каментар наступнага зместу: “Так, ён больш падобны на п*д*ра”. Па словаха пракурора, абвінавачаны ўсведамляў публічны характар сваіх выказванняў і разлічваў на наступнае ўспрыманне нявызначаным колам асобаў размешчанай ім абразлівай інфармацыі, меў за мэту прычыненне шкоды аўтарытэту дзяржаўнай улады.

Пацярпелы не з’явіўся ў суд праз занятасць па службе, аднак заявіў грамадзянскі пазоў на кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 3 000 рублёў. У судзе яго інтарэсы прадстаўляла адвакатка.

Абвінавачаны прызнаў віну цалкам, абараняў сябе сам. Патлумачыў суду, што ў той перыяд быў у працоўным адпачынку, наведваў бацькоў, у “Аднакласніках” пабачыў інфармацыю пра Чарнышкова, паверыў ёй і на эмоцыях пакінуў каментар. Таксама Капуза сказаў, што ён сам “за прэзідэнта і за краіну”, яго дзеянні не былі звязаныя з леташнімі падзеямі, але за дзіця, якое “збілі, стала крыўдна”. Свой каментар абвінавачаны не выдаляў, прабачэння ў пацярпелага не прасіў, але збіраўся гэта зрабіць у судзе. Для сябе Аляксандр Капуза зрабіў адпаведныя высновы.

Заяўлены грамадзянскі пазоў прызнаў часткова, прасіў зменшыць суму кампенсацыі хаця б да 2 000 рублёў.

З агучаных у судзе пісьмовых матэрыялаў справы стала зразумела, што 9 і 10 жніўня для спынення пратэстаў і забяспячэння грамадскага парадку быў задзейнічаны асабісты склад Драгічынскага АУС, у тымі ліку і Юры Чарнышкоў. У журнале прымянення спецсродкаў не зафіксавана, што Чарнышкоў прымяняў спецыяльныя сродкі ці зброю ва ўказаны перыяд часу. Таксама на запісах відэарэгістратараў супрацоўнікаў Драгічанскага РАУС не зафіксавана фактаў супрацьпраўнага перавышэння Чарнышковым службовых паўнамоцтваў і прымяненні ў дачыненні да каго-небудзь фізічнай сілы альбо спецыяльных сродкаў.

Падчас спрэчак бакоў пракурор Сяргей Жуковіч прасіў суд прызнаць Аляксандра Капузу вінаватым і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, канфіскаваць мабільны тэлефон у даход дзяржавы як сродак здзяйснення злачынства, а грамадзянскі пазоў пацярпелага задаволіць ў поўным аб’ёме.

Абаронца пацярпелага адзначыла, што Юры Чарнышкоў быў прыніжаны не толькі як супрацоўнік міліцыі, але і як мужчына, што мае сям’ю і дарослых дзяцей. У той цяжкі час яе давернік знаходзіўся ў стане найвялікага стрэсу, бо абразы сыпаліся на яго адусюль, у тым ліку ў адрас яго маці, жонкі і дзяцей. У выніку было распачата шмат крымінальных спраў, а ў самаго Чарнышкова пахіснулася здароўе, знізіўся зрок, ён адчуваў знявагу, прыгнечанасць, адчай.

Яна прасіла задаволіць пазоў у поўным аб’ёме, а таксама спагнаць з абвінавачанага 250 рублёў за яе адвакацкія паслугі. Таксама абаронца адзначыла, што ўсе сродкі, атрыманыя ў якасці кампенсацыі, пацярпелы накіроўвае сям'і, у якой пяць дзяцей засталіся сіротамі ў сувязі з тым, што бацькі памерлі ад ускладненняў ад каранавіруса.

Абвінавачаны сказаў, што раскайваецца і просіць ва ўсіх прабачэння.

У выніку суддзя Генадзь Кудласевіч падтрымаў прапанову пракурора і прызначыў Капузе два гады “хатняй хіміі”, пастанавіў спагнаць з яго кампенсацыю маральнай шкоды на карысць пацярпелага ў памеры 3 000 рублёў і выдаткі на паслугі адваката Чарнышкова – 250 рублёў, а мабільны тэлефон канфіскаваць.

“Ахвяруючы сваімі жыццямі” здымалі бела-чырвона-белыя шарыкі

15 кастрычніка ў судзе Пінскага раёна і горада Пінска за абразу прадстаўніка ўлады асудзілі Аляксандра Кушнерука.

Справу разглядаў суддзя Яўгенія Мельнік, бок дзяржаўнага абвінавачвання прадстаўляў Уладзіслаў Марчык.

Паводле абвінавачвання, Аляксандр Кушнерук 18 лютага 2021 года пакінуў абразлівы каментар у групе “Двіж” сацыяльнай сеткі “ВКонтакте” пад публікацыяй з тэкстам пра тое, як оперупаўнаважаны па наркакантролю Шрамаў і ўчастковы Шлупакоў “ахвяруючы сваімі жыццямі” здымалі бела-чырвона-белыя шарыкі, напісаў каментар наступнага зместу: “Мудакі! Лохі!".

Пацярпелыя ў суд не з’явіліся, паколькі працуюць ў Дубровенскім РАУС Віцебскай вобласці, грамадзянскіх пазоваў не заяўлялі.

У спрэчках бакоў пракурор Марчык запрасіў для Аляксандра Кушнерука два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, а тэлефон абвінавачага канфіскаваць у даход дзяржавы як сродак здзяйснення злачынства. Менавіта такі прысуд і вынесла суддзя Яўгенія Мельнік.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства