viasna on patreon

#FreeViasna: Тыднёвы агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў “Вясны”

2021 2021-10-11T14:19:56+0300 2021-10-12T11:34:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/poster_freeviasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

17 верасня распачалася кампанія салідарнасці са зняволенымі праваабаронцамі “Вясны” - #FreeViasna. Сабралі навіны за мінулы тыдзень пра “вясноўцаў”, што знаходзяцца за кратамі.

10 кастрычніка ў Італіі “Марш за Мір” быў адкрыты студэнтамі з Падуанскага ўніверсітэта, якія маршыравалі ў тым ліку за свабоду беларускіх студэнтаў, “вясноўцаў” і мір ва ўсёй Беларусі.

Ужо на працягу 60 гадоў кожныя два гады ў Італіі праходзіць гэтае мерапрыемства, якое збірае больш за 150 арганізацый і тысячы ўдзельнікаў, якія ідуць 25 км ад горада Перуджа да горада Асізі, дзе нарадзіўся святой Франчэска, сімвал міру і свабоды.


Праваабарончы цэнтр “Вясна” ўвайшоў у шорт-ліст міжнароднай прэміі “Цюльпан правоў чалавека” за 2021 г., якую ладзіць урад Каралеўства Нідэрланды.

Незалежнае журы, якое складаецца з пяці экспертаў, абярэ трох кандыдатаў. Пераможцу абвесціць міністр замежных спраў Нідэрландаў.

“Цюльпан правоў чалавека” — штогадовая прэмія ўрада Нідэрландаў, якая ганаруе праваабаронцаў за іх працу па прасоўванні і абароне правоў чалавека ва ўсім свеце, а таксама асвятленне сумежных праблем. Прэмія ўручаецца штогод, пачынаючы з 2008 года.

Алесь Бяляцкі: “Веру, што неўзабаве ўсё будзе добра”

Старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі, якога ўтрымліваюць ў СІЗА-1 амаль тры месяцы даслаў з-за кратаў паштоўку да беларускі. Ён дзякуе за віншаванне з Днём народзінаў і піша, што быў рады атрымаць яго. Распавядае, што “жыццё аднолькава ідзе і тут, і там”.

“Галоўнае, не ўпадаць у дэпрэсію і не сумаваць. Я веру, што неўзабаве ўсё будзе добра. А тое, што нас не забівае, мацуе нас”, – піша Алесь.

Таксама ў адным з лістоў Алесь Бяляцкі распавёў пра свой рацыён. Ён складаецца з турэмнай ежы і прадуктаў, якія перадае жонка і ён сам набывае ў мясцовай краме.

pacyen_bialiackaga.jpg

Праваабаронца “Вясны” Алена Лапцёнак распавяла Радыё Рацыі пра Алеся Бяляцкага:

“Ведаючы чалавека столькі гадоў, магу сказаць, што ён, па-першае, заўсёды вытрыманы, вельмі арганізаваны, вельмі самаадданы, мэтанакіраваны. Чалавек, які стаіць на нацыянальных каштоўнасцях у першую чаргу і гэтым кіруецца ў сваім жыцці”.

6 кастрычніка ў Мінскім гарадскім судзе разглядзелі скаргу Алеся Бяляцкага на падаўжэнне тэрміна заключэння пад варту. Прадказальна суддзя Яўген Хаткевіч пакінуў скаргу без задавальнення — праваабаронца застаецца за кратамі.

З раскладу суда стала дакладна вядома, што Алесю Бяляцкаму прад’яўлена абвінавачванне толькі па адным артыкуле Крымінальнага кодэкса — ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў), санкцыя па якім прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў. Раней паведамлялася, што, акрамя арт. 243, праваабаронцу абвінавачваюць па двух частках арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Дасылайце ліст ці паштоўку Алесю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму

14 кастрычніка Валянцін Стэфановіч адзначае Дзень народзінаў. Павіншуйце праваабаронцу!

Намесніку старшыні ПЦ “Вясна” Валянціну Стэфановічу 14 кастрычніка споўніцца 49 год. Але адзначаць дзень народзінаў праваабаронца будзе не ў коле родных і сяброў, а за кратамі. Павіншуйце Валянціна!

Дасылайце віншаванні Валянціну: 

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Стэфановічу Валянціну Канстанцінавічу

Працягваецца конкурс ілюстрацый «Кот на Валадарцы» ў падтрымку Валянціна Стэфановіча

Нагадаем, праваабаронца ў сваім лісце да жонкі Аліны распавёў, што намаляваў ёй прыгоды ката ў турме, але іх на волю не прапусціў цэнзар. Таму мы абвясцілі конкурс, каб Кот нарэшце пабачыў волю.

У межах конкурса свой малюнак даслаў студэнт Навум з Санкт-Пецярбурга. Менавіта так выглядае ў яго ўяўленні Кот на Валадарцы.

malunak_kot.jpg

Як паўдзельнічаць у конкурсе? Малюйце Ката (гэта можа быць апісаны Валянцінам сюжэт ці нешта сваё), посціце працы ў сацсетках і абавязкова адзначайце хэштэг #FreeViasna, альбо дасылайце ілюстрацыі нам на пошту freeviasna@gmail.com. Малюнкі прымаем да 4 лістапада, потым абярэм пераможцу і дашлем памятны прыз. Таксама дасылайце вашыя ілюстрацыі Валянціну ў СІЗА-1 і абмяркоўвайце з ім героя.

Прысуд па справе гомельскіх праваабаронцы і валанцёрак “Вясны” можа быць вынесены ўжо на гэтым тыдні

Леанід Судаленка з-за кратаў распавёў "Вясне", што адбываецца на закрытым судзе, як ён правёў свой Дзень народзінаў, калі будзе вынесены прысуд і чаму яны з Таццянай не сталі пісаць прашэнне аб памілаванні. 

Усяго па крымінальнай справе было дапытана каля 200 чалавек. Па інфармацыі Леаніда, на судзе былі дапытаныя 61 чалавек – у асноўным, гэта кліенты, якія звярталіся да праваабаронцы па прававую дапамогу: 

"Усе сведкі ў судзе сказалі праўду, і гэта галоўнае. Прыемна чуць, як людзі, якія прыходзяць у суд па позвах, кажуць “дзякуй”, звяртаючыся да мяне ў клетку. І гэта нягледзячы на заўвагі суда".

Леанід Судаленка: "Прыемна чуць, як сведкі на судзе кажуць "дзякуй", звяртаючыся да мяне ў клетку"

Палітзняволеныя праваабаронца "Вясны" Леанід Судаленка і валанцёрка Таццяна Ласіца ўтрымліваюцца за кратамі ў гомельскім СІЗА-3 амаль ужо дзевяць месяцаў.

Прысуд Леаніду Судаленку, Таццяне Ласіцы і Марыі Тарасенка можа быць абвешчаны ўжо на гэтым тыдні.

Нагадаем, суд над праваабаронцам Леанідам Судаленкам і валанцёркамі “Вясны” Таццянай Ласіцай і Марыяй Тарасенка распачаўся 3 верасня. Усіх іх вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК). Разгляд справы суддзя Сяргей Салоўскі па прапанове пракурораў Яўгена Фартушняка і Кірыла Вышнякова праводзіць у закрытым рэжыме. 

Дасылайце лісты ці паштоўкі Леаніду ды Таццяне:

СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Леаніду Леанідавічу Судаленку
Таццяне Леанідаўне Ласіцы


За мінулы тыдзень не было навінаў ад Марфы Рабковай, Андрэя Чапюка і Уладзіміра Лабковіча.

Дасылайце лісты ці паштоўкі Марфе, Андрэю і Уладзю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Марыі Аляксандраўне Рабковай
Андрэю Сяргеевічу Чапюку
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Працягваем збіраць адкрытыя лісты ў падтрымку зняволеных "вясноўцаў"

Дасылайце вашыя лісты салідарнасці ў падтрымку зняволеных "вясноўцаў" нам на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім іх “вясноўцаў”, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства