viasna on patreon

"Ухвалена цэнзурай", або Што рабіць, калі лісты не даходзяць да палітвязняў?

2021 2021-10-10T14:26:41+0300 2021-10-12T18:08:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/solidarity_art_87.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Паштоўкі салідарнасці палітвязням

Паштоўкі салідарнасці палітвязням

Недаацаніць важнасць лістоў для зняволеных вельмі складана. Практычна кожны, хто трапіў за краты, скажа, што самую вялікую падтрымку і радасць прыносяць вестачкі з волі. Лісты - гэта не толькі навіны, але і новыя ўражанні і знаёмствы, спосаб камунікацыі і падтрымкі сувязі з рэальнасцю. 

Праваабаронца "Вясны" Уладзімір Лабковіч распавядаў, што кожны дзень вылучаў час, каб пісаць лісты палітвязням. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА па крымінальнай "справе Вясны" і дзеліцца сваімі назіраннямі: 

"Кожны ліст - вялікі свята. Таму пішыце, калі ласка. Толькі тут разумееш, наколькі гэта важна".

Адной з асноўных прычын неатрымання лістоў кожным з бакоў перапіскі з'яўляецца рэпрэсіўная палітыка адміністрацый месцаў несвабоды ў адносінах да палітвязняў. Вядома, што сам Дэпартамент выканання пакаранняў аддаў распараджэнне на мэтанакіраванае абмежаванне ў лістах: як да палітвязняў, так і ад іх. Ці з'яўляюцца такія дзеянні самаўпраўнасцю з боку супрацоўнікаў, што яны парушаюць і як гэтаму супрацьстаяць - у прававым лікбезе ад "Вясны".

Якімі прынцыпамі павінны кіравацца супрацоўнікі месцаў несвабоды?

Утрыманне пад вартай ажыццяўляецца на прынцыпах законнасці, гуманізму, роўнасці ўсіх грамадзян перад законам, павагі чалавечай годнасці ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права, а таксама міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь і не павінна суправаджацца жорсткім, негуманным абыходжаннем, якое можа нанесці шкоду фізічнаму або псіхічнаму здароўю асобы, якая знаходзіцца пад вартай.

Асаблівае стаўленне да затрыманага з-за палітычнага артыкула і абмежаванне ў карэспандэнцыі па гэтай прычыне з'яўляецца дыскрымінацыяй і можа расцэньвацца як псіхалагічнае катаванне.  

Неабходнасць зносін з вонкавым светам замацавана і ў арт. 37 Мінімальных стандартных правілаў абыходжання са зняволенымі (Правілы Нэльсана Мандэлы): 

"Зняволеным варта даваць магчымасць мець зносіны праз рэгулярныя прамежкі часу і пад належным наглядам з іх сем'ямі або сябрамі, якія карыстаюцца незаплямленай рэпутацыяй, як у парадку перапіскі, так і ў ходзе наведванняў".

Дзе замацавана права на перапіску? 

У кожнага, хто ўтрымліваецца пад вартай, ёсць выразна пазначанае ў заканадаўстве права на перапіску. Яно замацавана ў адпаведных прававых актах: Крымінальна-выканаўчым кодэксе, Законе "Аб парадку і ўмовах утрымання асобаў пад вартай", Правілах унутранага распарадку СІЗА, папраўчых устаноў і інш.

Ці ёсць абмежаванні ў ліставанні са зняволенымі? 

Не, затрыманым і асуджаным дазваляецца атрымліваць і адпраўляць лісты і тэлеграмы без абмежавання іх колькасці. Аднак, варта памятаць, што ўся карэспандэнцыя падлягае цэнзуры.

Пры гэтым уручэнне лістоў, якія паступаюць на імя асобы, што знаходзіцца пад вартай, а таксама адпраўленне яго лістоў адрасатам вырабляюцца адміністрацыяй месца несвабоды не пазней чым у трохдзённы тэрмін з дня паступлення ліста.

Якія лісты не прапусціць цэнзар? 

Супрацоўнікі, якія адказваюць за цэнзуру, не перадаюць лісты зняволеным і не вяртаюць іх адрасату толькі ў строга пазначаных законам выпадках. Калі лісты:

  • выкананыя тайнапісам, шыфрам, з ужываннем іншых умоўнасцяў або жаргону;
  • носяць цынічны характар; 
  • накіраваныя на прычыненне шкоды правам дзяржаўных органаў, грамадскіх аб'яднанняў і асобных грамадзян; 
  • утрымліваюць звесткі, што складаюць дзяржаўную, службовую таямніцу.

Пры гэтым, зняволенаму паведамляецца пра наяўнасць такога ліста, пасля чаго складаецца адпаведны акт і ліст знішчаецца.  

Таму важна пісаць адназначна зразумелыя лісты, каб паменшыць або выключыць верагоднасць падвядзення паслання пад цэнзуру.

Як падвысіць шанец уручэння лістоў зняволенаму і атрымання адказу? 

  • Адпраўляць лісты 1 класам або заказным: супрацоўнікам будзе складаней зрабіць выгляд, што ліста не было. 
  • Нумараваць лісты і ставіць дату: так чалавеку будзе зразумела, калі ліст быў адпраўлены і калі перададзены супрацоўнікамі ўстановы.
  • Не забываць пісаць зваротны адрас і ўкладаць канверт, некалькі лістоў паперы для адказу.
  • Пісаць больш лістоў! Чым больш лістоў паступае, тым больш лістоў даходзіць.

Што рабіць, калі лісты ўсё роўна не перадаюць?

Калі вы ўпэўненыя, што ваш ліст не ўтрымліваў забароненых цэнзурай элементаў, але так і не быў ўручаны адрасату, - значыць супрацоўнікі ўстановы парушаюць правы зняволеных на перапіску, перавышаюць свае службовыя паўнамоцтвы і павінны несці за гэта адказнасць. 

Адным з магчымых спосабаў паўплываць на сітуацыю з'яўляецца накіраванне скаргі ў вышэйстаячую арганізацыю - Дэпартамент выканання пакаранняў ці пракуратуру, якая закліканая сачыць за выкананнем законаў усімі дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі. 

Юрыдычная служба "Вясны" падрыхтавала шаблоны скаргаў на неабгрунтаванае абмежаванне ў перапісцы супрацоўнікамі турмы/калоніі і супрацоўнікамі СІЗА/ІЧУ.

Ці спрацуе скарга? 

На жаль, на сённяшні дзень скаргі - малаэфектыўны інструмент, але за кожным адказам-адпіскай стаіць чыйсьці подпіс, а гэта значыць, што менавіта гэтыя чыноўнікі будуць несці адказнасць у будучыні за парушэнні, дапушчаныя з іх ведама і маўклівай згоды асобна ўзятымі супрацоўнікамі.

Важна выкарыстоўваць усе даступныя і законныя спосабы ў адстойванні сваіх правоў і правоў блізкіх.

Што яшчэ можна зрабіць?

Яшчэ адзін спосаб паўплываць на сітуацыю - гэта апублічванне парушэнняў з дапамогай незалежных СМІ. Інфармацыйная служба "Вясны" гатовая асвятляць усе факты парушэнняў правоў палітвязняў.

Пішыце лісты палітвязням!

"Хачу напісаць вязню!" Распавядаем, як гэта зрабіць

Як пісаць лісты ў месцы зняволення, якія ёсць асаблівасці і лайфхакі, распавядае Яна Ганчарова, каардынатарка праекта "РосУзник" і праваабаронца "Human Constanta".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства