viasna on patreon

"Страчаныя лёсы Беларусі": гісторыі 15 выбітных гістарычных дзеячоў і дзяячак, чые лёсы былі загубленыя смяротнымі выракамі

2021 2021-10-09T16:13:16+0300 2021-10-10T11:47:27+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/strachanuya_lyosy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

"Страчаныя лёсы Беларусі" — праект у межах Тыдня супраць смяротнага пакарання ў Беларусі. Ён распавядае гісторыі 15 выбітных гістарычных дзеячоў і дзяячак, чые лёсы былі загублены смяротнымі выракамі. Яны былі асуджаныя да смяротнага пакарання ў розныя часы і за розную дзейнасць, якая на той момант была забароненая законам.

Праз смяротнае пакаранне людзі сыходзілі ў нябыт, не рэалізаваўшы творчыя задумы, не завяршыўшы навуковыя доследы, не здзейсніўшы ў палітыцы прагрэсіўных рэформаў.


Браніслаў Тарашкевіч — аўтар першай граматыкі беларускай мовы, асуджаны да расстрэлу.

Палітычны дзеяч, мовазнаўца, акадэмік Акадэміі навук Беларусі, які ў лістападзе 1932 года асуджаны на 8 гадоў катаргі, у 1933 годзе трапіў пад абмен вязнямі паміж Польшчай і БССР — яго абмянялі на беларускага літаратара Францішка Аляхновіча, аўтара першай у свеце кнігі пра рэпрэсіі ў СССР «У кіпцюрох ГПУ». Ёсць сведчанні, Аляхновіч сказаў Тарашкевічу пры абмене: «Бронюсь, куды ты ідзеш?» Браніслаў Тарашкевіч не ведаў, што чакае яго ў БССР, ён планаваў працаваць на карысць Радзімы.

6 траўня 1937 года Браніслаў Тарашкевіч арыштаваны. 5 студзеня 1938 года «двойкай» НКУС і Пракуратуры СССР асуджаны да расстрэлу. Паводле афіцыйнай версіі, быў расстраляны 29 кастрычніка 1938 года ў Мінску, імаверна ў Курапатах. Рэабілітаваны 26 студзеня 1957 года. 


Язэп Лёсік — мовазнаўца, палітык, Старшныня Рады БНР, асуджаны да смерці па справе «Саюза вызвалення Беларусі».

За ўдзел у рэвалюцыі 1905 года Язэпа Лёсіка асудзілі на бестэрміновую высылку ў Іркуцкую губернію, дзе ён заняўся самаадукацыяй і пісаў у газету «Наша Ніва». Лёсік — удзельнік Першага Усебеларускага з'езда, адзін з ініцыятараў абвяшчэння БНР 25 сакавіка 1918 года. Ён быў Старшынёй Рады БНР і на міжнароднай арэне дамагаўся прызнання БНР.  Таксама ён быў дырэктарам Інстытута беларускай мовы, акадэмікам Акадэміі навук Беларусі.

Арыштаваны ў 1930 годзе па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і высланы ў Саратаўскую вобласць, дзе потым праз 8 год быў арыштаваны па справе «контррэвалюцыйнай арганізацыі палітссыльных у Саратаве». Быў асуджаны да 5 гадоў ГУЛАГа за «антысавецкую прапаганду». Сваякам паведамілі, што Язэп Лёсік на наступны дзень пасля прысуду памёр ад сухотаў, аднак па больш рэалістычнай версіі ён быў расстраляны адразу пасля абвяшчэння прысуду. Месца пахавання невядомае. Рэабілітаваны пасмяротна двойчы: 8 кастрычніка 1958 года і 10 чэрвеня 1988 года. У 1990 годзе Язэпу Лёсіку вярнулі званне акадэміка.


Вацлаў Ластоўскі — акадэмік АН Беларусі, пісьменнік, гісторык і палітык, якога асудзілі да смяротнага пакарання.

Адзін з лідараў нацыянальнага адраджэння, палітык, пісьменнік, гісторык, даследчык літаратуры, акадэмік АН Беларусі. Аўтар першай кнігі па гісторыі Беларусі і палітык, які стаяў ля вытокаў абвяшчэння 25 сакавіка 1918 года Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1919-га ўзначаліў Раду міністраў БНР. Жыў у Мінску, арганізоўваў экспедыцыі ў рэгіёны Беларусі, падчас якіх быў знойдзены Крыж Еўфрасіні Полацкай.

Арыштаваны і асуджаны двойчы. Да расстрэлу асуджаны "як агент польскай разведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі". Рэабілітаваны пасмяротна двойчы: 16 верасня 1958 года і 10 чэрвеня 1988 года. Адноўлены ў званні акадэміка Акадэміі навук Беларусі ў 1990 годзе.


Мойшэ Кульбак — першы пісьменнік з Беларусі, які ўзначаліў ПЭН-клуб, асуджаны да смяротнага пакарання.

Пісьменнік і перакладчык, пераклаў на ідыш асобныя творы Янкі Купалы, а таксама іншыя творы.

Арыштаваны 11 верасня 1937 года ў Мінску, асуджаны да расстрэлу як "член контррэвалюцыйнай трацкісцка-тэрарыстычнай арганізацыі" і за "сувязь з польскімі разведорганамі". Расстраляны ў "Чорную ноч беларускай літаратуры" з 29 на 30 кастрычніка 1937 года. Рэабілітаваны пасмяротна 15 снежня 1956 года.


Тодар Кляшторны — беларускі паэт, расстраляны за крытыку сталінскай сістэмы.

Тодар Кляшторны ў паэме «Калі асядае муць» адкрыта крытыкаваў сталінскую сістэму: «Ходзім мы пад месяцам высокім, а яшчэ — пад ГПУ».

Арыштаваны 3 лістапада 1936 года, асуджаны як «член антысавецкай арганізацыі» да расстрэлу з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны пасмяротна 8 чэрвеня 1957 года.


Кастусь Каліноўскі — расстраляны нацыянальны герой Беларусі, Літвы і Польшчы.

Лідар паўстання 1863 — 1864 гадоў быў арыштаваны ва ўзросце 26 год і асуджаны да смерці. Павешаны публічна на Лукішскай плошчы.

Цела не аддалі сваякам для пахавання, а таемна вывезлі на Замкавую гару, закапалі і засыпалі вапнай. Толькі ў 2017 годзе парэшткі былі знойдзеныя, а ў 2019 адбылося перапахаванне на могілках Росы.


Станіслаў Ішора — растраляны 24-гадовы каталіцкі святар.

8 сакавіка 1863 года Станіслаў Ішора зачытаў у касцёле паўстанцкі маніфест і прывёў да прысягі паўстанцаў.

Пасля затрымання быў асуджаны да 5 гадоў сібірскай катаргі, аднак пасля паўторнага пасяджэння пад кіраўніцтвам палкоўніка Уласава было прынята рашэнне аб расстрэле. Расстрэлены публічна на Лукішскай плошчы (Вільня).


Максім Гарэцкі — даследчык і пісьменнік, які мог стаць першым беларускім Нобелеўскім лаўрэатам па літаратуры.

Класік беларускай літаратуры быў растраляны ў 1937 годзе ў Вязьме. Жонцы літаратара паведамілі, што прычынай смерці стала нібыта кровазліццё ў мозг. Пры жыцці Максім Гарэцкі быў пачынальнікам жанру інтэлектуальна-філасофскай, лірычнай і дакументальнай прозы. Яго ваенныя творы параўноўваюць з творамі Эрыха-Марыі Рэмарка і Анры Барбюса.

Рэабілітаваны пасмяротна 15 лістапада 1957 года.


Алесь Дудар — выбітны пісьменнік, расстраляны ў «Чорную ноч беларускай літаратуры».

Адзін з самых упартых барацьбітаў за беларусізацыю, самабытную беларускую культуру, уласны шлях Беларусі ў гісторыі і палітыцы. Быў адным з заснавальнікаў легендарнага літаратурнага аб'яднання "Маладняк", а таксама стаў першым з беларускіх паэтаў асуджаны да 3-гадовай высылкі. Ён быў тройчы асуджаны, катаваны, прыгавораны да растрэлу. Стаў героем твора Ганны Севярынец "Гасцініца «Бельгія»".

Рэабілітаваны пасмяротна 21 верасня 1957 года.


Цітус Далеўскі — паўстанец і герой «Каласоў пад сярпом тваім», якога пакаралі смерцю.

Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў быў арыштаваны і асуджаны ваенна-палявым судом да смяротнага пакарання праз растрэл, які здарыўся публічна на Лукішскай плошчы ў Вільні. Парэшткі Цітуса былі знойдзены падчас раскопак на гары Гедыміна ў Вільні ў 2017 годзе і перапахаваны з Кастусём Каліноўскім і яго паплечнікамі ў капліцы на могілках Росы.

Далеўскі з'яўляецца персанажам рамана Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».


Міхаіл Валовіч — павешаны ўдзельнік паўстання 1830 г., які мог бы працягваць навуковую і палітычную дзейнасць.



Выпускнік Віленскага ўнівесітэта, блізкі сябра Таварыства філаматаў і філарэтаў, які выступаў за скасаванне прыгону і за бязвыплатную перадачу зямлі сялянам. 11 чэрвеня 1833 года ў Гародні Міхаіла Валовіча асудзілі да смяротнага пакарання праз чвартаванне, аднак "змякчылі" прысуд — павесілі 2 жніўня 1833 года. Цела павешанага ўначы перавезлі ў закінуты вапнавы кар'ер і закапалі такім чынам, каб яно не магло быць адшуканае і не стала месцам ушанавання.

Каб не смяротнае пакаранне, Міхаіл Валовіч быў бы навуковым і палітычным дзеячом.


Палута Бадунова — застрэленая беларуска, якая ў Незалежнай Беларусі магла стаць міністрам адукацыі.

У 1938 годзе ў Менску па рашэнні НКУС БССР была растраляна беларуская палітычная дзяячка, пісьменніца і настаўніца. Яна ўваходзіла ў Раду БНР, была міністаркай апекі,
падпісала Акт Незалежнасці 1918 году: дзякуючы ёй жаночы подпіс пад гэтым дакументам стаіць толькі ў беларусаў. Бадунова ўдзельнічала ў адкрыцці беларускіх дзіцячых прытулкаў і школ, пісала тэксты на палітычныя тэмы. Таксама з'яўлялася старшынёй Беларускага дабрачыннага таварыства "Цётка".

Была затрымана па даносе аб нібыта негатыўным выказванні пра Савецкую ўладу. Меркаванае месца растрэлу і пахавання — урочышча Курапаты.


Казімір Лышчынскі — філосаф, палітык, педагог. Каб не смяротнае пакаранне, ён развіваў бы філасофскую думку, мог стаць еўрапейскім філосафам, беларускім Мантэнем.

У 26-гадовым узросце пачаў вучыцца ў Кракаўскім езуіцкім калегіуме, прыняў манаства. У 1666 годзе адчыніў школу, дзе навучаў дзяцей чытанню, пісьму, арыфметыцы. Стаў дэпутатам Берасцейскага ваяводскага сейма, а ў Берасцейскім судзе выконваў абавязкі адваката. Казімір Лышчынскі пісаў трактат пад назвай «Аб неіснаванні Бога», але не публікаваў тэкст. Ён хацеў «мець свет без улады, гарады без начальнікаў, народы без валадароў».

Сябар дзяцінства Ян Бжоскі, не жадаючы вяртаць Лышчынскаму пазыку ў 100 талераў, выкраў трактат і перадаў яго віленскаму біскупу. Царкоўны суд вынес жорсткі прысуд — спаліць філосафа. На першым этапе за яго заступілася берасцейская шляхта, і Трыбунал ВКЛ адмяніў прысуд. Але кароль даў згоду разгледзець справу Лышчынскага на Варшаўскім сойме. Суд над Казімірам Лышчынскім быў судом над свабоднай думкай. Смяротнае пакаранне адбылося 30 сакавіка 1689 года на Старым рынку ў Варшаве на вачах натоўпу.


Зяма (Залман) Півавараў — паэт, перакладчык, кінакрытык.

Вучыўся ў Мсціслаўскім педагагічным тэхнікуме, потым працаваў качагарам у Ленінградзе. Потым вярнуўся ў Беларусь і паступіў на літаратурны факультэт Беларускага вышэйшага педагагічнага інстытута. Аўтар зборніка вершаў «Лірыка двух нараджэнняў», выступаў у беларускім друку як тэатральны рэцэнзент i кінакрытык. Працаваў у газеце «Чырвоная змена».

Арыштаваны 13 лістапада 1936 года ў Мінску, асуджаны да расстрэлу з канфіскацыяй маёмасці пазасудовым органам НКУС 28 кастрычніка 1937 года як «член нацыянал-фашысцкай арганізацыі» за «антысавецкую прапаганду» і «ўдзел (з 1934 г.) у тэрарыстычнай групоўцы».

Расстраляны з 29 на 30 кастрычніка 1937 года — у «Чорную ноч беларускай культуры». Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага Суда СССР 8 сакавіка 1958 года.


Фабіян Шантыр — удзельнік руху беларускага нацыянальнага адраджэння, палітык, літаратар. 

Працаваў мулярам, адвакатам, настаўнікам. Друкаваў творы ў газеце «Наша Ніва». У 1916–1917 гадах Фабіян Шантыр удзельнічаў у Мінску ў дзейнасці клуба беларускай інтэлігенцыі «Беларуская хатка». Быў адным з лідараў левага крыла Беларускай сацыялістычнай грамады, удзельнічаў у 1-м Усебеларускім з’ездзе ў снежні 1917 года. Фабіян Шантыр — аўтар публіцыстычнага тэксту «Патрэбнасць нацыянальнага жыцця для беларусаў і самаадзначэння народу». У 1919 годзе Фабіян Шантыр — камісар па нацыянальных справах Часовага ўрада БССР.  У 1920 годдзе мабілізаваны ў Чырвоную армію.

У 1920 года Фабіян Шантыр арыштаваны, абвінавачаны ў «нацыянальнай контррэвалюцыі» і асуджаны да смяротнага пакарання. Расстраляны 29 траўня.


Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства