viasna on patreon

Жыхара Віцебска асудзілі за абразу даішніка Вольніча на старонцы Вольгі Карач

2021 2021-10-04T13:32:11+0300 2021-10-04T13:34:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shmatau-02.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр Шматаў у судзе. Фота: Віцебская Вясна.

Аляксандр Шматаў у судзе. Фота: Віцебская Вясна.

Суд Першамайскага раёну Віцебска 4 кастрычніка вынес прысуд 50-гадоваму грузчыку Аляксандру Шматаву. Мужчыну абвінавацілі ў публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем службовых абавязкаў (арт. 369 КК). У свой час Шматаў працаваў у ППС у Віцебску. А раней, падчас тэрміновай службы, сам разганяў дэманстрацыі.

Справу разглядала суддзя Наталля Карабліна.

Паводле абвінавачвання, 25 чэрвеня 2020 года ў “Аднакласніках” на старонцы Вольгі Карач пад фота, на якім супрацоўнік ганцавіцкага ДАІ Ігар Вольніч разам з калегам затрымлівае аднаго з дэманстрантаў, Аляксандр Шматаў пры дапамозе свайго мабільнага тэлефону пакінуў каментар: «Такіх недан…аў паўсюль хапае з лішкам».

Віну абвінавачаны Шматаў прызнаў у поўным аб'ёме і раскаяўся. Абяцаў падобнага ніколі не рабіць. Прынёс Вольнічу прабачэнне на відэакамеру. Заявіў, што цалкам усвядоміў тое, што пакрыўдзіў супрацоўніка ДАІ негатыўным каментаром, і пагадзіўся кампенсаваць прычыненую маральную шкоду, піша “Віцебская Вясна”.

Па ягоных словах, на старонку Карач у стужцы «Аднакласнікаў» трапіў выпадкова. Яго абурыў факт выкарыстання супрацоўнікам МУС фізічнай сілы да дэманстранта. Палічыў ягоныя дзеянні неправамернымі, паверыў інфармацыі выкладзенай у публікацыі, паддаўся эмоцыям і вырашыў напісаць каментар. Ніякая палітычнай дзейнасцю не займаецца, дадаў.

У ходзе судовага следства Аляксандр Шматаў заявіў, што каментар тычыцца не канкрэтна Вольніча, а ўсіх трох асобаў, размешчаных на фотаздымку. Ягонае сцвярджэнне ўвайшло ў супярэчнасць з тымі паказаннямі, якія абвінавачаны даваў падчас дасудовага следства. Як ні намагаліся суддзя і пракурорка – патлумачыць прычыны разыходжання Шматаў не здолеў. Не змагла дабіцца ад Шматава ўцямнага адказу і ягоная адвакатка. Урэшце ён цалкам пагадзіўся з тымі паказаннямі, якія даваў у ходзе папярэдняга следства пасля свайго трохдзённага затрымання ў чэрвені 2021 году.

На судзе Аляксандр Шматаў паведаміў, што праходзіў тэрміновую службу ў Менску, пасля служыў у ППС аднаго з віцебскіх раёнаў.

«Я служыў тэрміновую ў белпалку міліцыі. Таксама разганялі дэманстрацыі. Тады яны крышылі-ламалі, а тут я ня ведаю што. І паказваюць, і паказваюць з кожнага прасу. Столькі ім увагі надаюць», –  паведаміў Шматаў.

Інспектар Ганцавіцкага ДАІ ацаніў нанесеныя яму маральныя пакуты і прыніжэнне гонару і годнасці ў 1 500 рублёў.

Аляксандр Шматаў пагадзіўся выплаціць грашовую кампенсацыю, але папрасіў суд зменшыць яе да 1000 рублёў. На пытанні суддзі адказаў, што грошай катастрафічна не хапае, бо даглядае хворую маці, якой штомесяц неабходна купляць лекі, а ягоны працоўны заробак складае не больш за 400 рублёў. Да таго ж паведаміў пра неабходнасць штомесячнага пагашэння банкаўскага крэдыту і пра тое, што ніякіх грашовых зберажэнняў не мае.

Пракуратура патрабуе 2 гады «хіміі»

Пракурорка прыйшла да высновы, што віна абвінавачанага знайшла сваё поўнае пацверджанне, а ягоным дзеянням дадзеная дакладная прававая ацэнка. Следства высветліла, што пад фота з затрыманнем дэманстранта ганцавіцкімі супрацоўнікамі ДАІ свае каментары пакінулі 1788 карыстальнікаў, сярод якіх і Аляксандр Шматаў (пад нікам «Рулявы абозу»). Паводле заключэнняў экспертаў, у каментары ўтрымліваецца негатыўная ацэнка дзеянняў інспектара Вольніча, якая мае «ненарматыўную форму маўленчага выражэння».

Суд вынес пастанову: пакараць Шматава абмежаванннем волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.

"Пацярпелы" даішнік Вольніч атрымаў яшчэ адну кампенсацыю праз суд і, відаць, не апошнюю

Пацярпелы Вольніч, які фігуруе ў крымінальных справах ужо некалькі разоў, на пасяджэнне не з'явіўся, бо нясе службу ў Ганцавіцкім РАУС, але даслаў заяву аб грамадзянскім пазове на 1 500 рублёў і папрасіў справу разглядаць без яго.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства