viasna on patreon

#FreeViasna: Тыднёвы агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў “Вясны”

2021 2021-10-04T12:58:09+0300 2021-10-04T14:09:44+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/poster_freeviasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

17 верасня распачалася кампанія салідарнасці са зняволенымі праваабаронцамі “Вясны” - #FreeViasna. Сабралі навіны за мінулы тыдзень пра “вясноўцаў”, што знаходзяцца за кратамі.

Алесь Бяляцкі: “Моцна мяне засмуціла смерць Алеся Разанава. Ён — вялікі беларускі паэт”

Старшыня “Вясны” Алесь Бяляцкі даслаў ліст з-за кратаў. У ім праваабаронца распавёў пра побыт, прачытаныя кнігі і прагледжаныя тэлеперадачы і падзяліўся тым, што яго засмуціла ў турме.

“Гляджу тут розныя расійскія серыялы, якія ідуць па тэлевізіі. Наглядзеўся да канца жыцця і яшчэ працягваю: Шэф, Сінічка, мянтоўскія войны і г.д. Таксама з захапленнем сачу за спортам на 5-м канале і рознымі спаборніцтвамі: футбол, Кубак Лігі Чэмпіёнаў, Чэмпіянат Свету па грэблі, тэніс (Беларусь-Аргенціна). Чытаю крыху, меней, чым бы хацелася. Прачытаў кнігі Каці Мядзведзевай, Адама Глобуса, чытаю вершы Максіма Багдановіча. Так што, не сумую, так і праходзяць мае дні”.

Напісаў Алесь і пра Алеся Разанава:

“Моцна мяне засмуціла смерць Алеся Разанава. Ён — вялікі беларускі паэт, і творчасць яго да канца не даацэненая, не даасэнсаваная, не зразумелая. Спадзяюся, што гэта адбудзецца”

Мэр Парыжу і палітычная дзяячка Анн Ідальга накіравала ліст у падтрымку Алеся Бяляцкага, які з’яўляецца ганаровым грамадзянінам сталіцы Францыі.

Я заўважаю, што гэтыя неапраўданыя рэпрэсіі, якія моцна ўдарылі па Праваабарончым цэнтры «Вясна», шырока асуджаюцца міжнароднай супольнасцю.

Так як Вы з'яўляецеся Ганаровым грамадзянінам горада Парыжу, я хачу Вам сказаць, што я зраблю ўсё, што ў маіх сілах, разам з асацыяцыямі, асноўная місія якіх - паўплываць на невыноснае рашэнне пазбавіць вас вашых асноўных свабодаў”, - напісала Анн Ідальга.

Нагадаем, 1 красавіка ў мінулым годзе Алесь Бяляцкі і “Вясна” былі ўганараваныя прэстыжнай міжнароднай прэміяй “За годны лад жыцця-2020”. Гэта вядомая міжнародная ўзнагарода, якую яшчэ называюць альтэрнатыўнай нобелеўскай прэміяй. Алесь Бяляцкі – першы грамадзянін Беларусі, які атрымаў гэтую прэмію.

Каментуючы ўручэнне Алесь сказаў тады:

“Прэмія, якой  мяне ўганаравалі ў гэты драматычны для гісторыі Беларусі момант, з’яўляецца важнай падтрымкай для ўсяго беларускага грамадства, якое сёння хоча дэмакратычных зменаў, якое дабіваецца, каб правы чалавека ў Беларусі шанаваліся і выконваліся”.

Даслаць ліст ці паштоўку Алесю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму

Валянцін Стэфановіч у лістах да жонкі распавёў пра свой побыт у СІЗА

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч даслаў лісты жонцы Аліне, у якіх распавёў, як удасканальвае навыкі выкладчыка, распавядаючы 11-12 сукамернікам пра войны і малюючы мапы, пра адчуванне падтрымкі з волі і чаму цэнзар не прапусціў з "Валадаркі" яго малюнкі.

“Нават седзячы тут і не маючы поўнай інфармацыі, адчуваю вялікую падтрымку на волі. То невядомыя людзі грошай на рахунак закінуць, то ў пасылцы яблыкаў дашлюць. Ведаю, што і калегі мае пра мяне не забыліся. Ад гэтага сядзець мне тут значна лягчэй".

"Мае публічныя лекцыі маюць вялікі попыт і інтарэс". Пра што распавядае ў лістах жонцы Валянцін Стэфановіч?

Намесніка старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" ўтрымліваюць за кратамі ў СІЗА-1 ужо два з паловай месяцы.

Таксама Валянцін у сваім лісце да жонкі распавёў, што намаляваў ёй прыгоды ката ў турме, але іх на волю не прапусціў цэнзар:

“Я вось неяк намаляваў табе маё жыццё ў карцінках у выглядзе ката. На адной з карцінак Кот быў на шпацыры ў турэмным дворыку, на іншай — у душы мыўся, а на трэцяй — сядзеў у камеры за сталом і вячэраў. Вельмі смешна атрымалася, але вось мясцоваму цэнзару гэтыя малюнкі не спадабаліся і ліст мне вярнулі назад з пазнакай “Не прайшоў цэнзуры”.

Увага: конкурс!

Мы абвяшчаем конкурс ілюстрацый “Кот на Валадарцы” (якая рэчаіснасць, такія і конкурсы).

Гэта можа быць апісаны Валянцінам сюжэт ці нешта іншае. Малюйце, посціце працы ў сацсетках і абавязкова адзначайце хэштэг #FreeViasna, альбо дасылайце свае працы нам на пошту freeviasna@gmail.com. Працы прымаем на працягу месяца — да 4 лістапада, потым вызначым пераможцу і ўзнагародзім памятным прызам.

Дасылайце вашыя ілюстрацыі Валянціну ў СІЗА-1 і абмяркоўвайце з ім героя: 

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Стэфановічу Валянціну Канстанцінавічу

Леанід Судаленка: «Застаюся з галоўным — сваім сумленнем і праўдай»

Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка атрымаў шмат віншаванняў з днём нараджэння ад неабыякавых людзей і адказаў на іх.

У адным з лістоў ён напісаў:

"Я ўжо страціў і страчу на будучы час свабоду, але застаюся з галоўным сваім сумленнем і праўдай. А з імі любыя выпрабаванні не страшныя. Усё праходзіць і гэта пройдзе. Я дваццаць гадоў займаўся абаронай правоў іншых людзей і ў страшным сне не мог уявіць, што гэтую дапамогу ператвораць у крымінальную”

У іншым адказе Леанід перадае падзякі і прывітанне жыхарам мінскага мікрараёну “Уручча” і падкрэслівае:

“Вялікі дзякуй за віншаванні з ДН! Таксама за падтрымку і ўвагу да нас, тых, хто аказаўся на гэтым беразе ракі. Гэта тое, чаго не хапае нам усім, гэта тое, што дае нам сілы вытрымаць у паўзмроку падарункі лёсу… Я веру, што ўжо заўтра ўсё будзе інакш”.

Нагадаем, суд над Леанідам Судаленкам і валанцёркамі “Вясны” Таццянай Ласіцай і Марыя Тарасенка распачаўся 3 верасня. Усіх іх вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК). Разгляд справы суддзя Сяргей Салоўскі па прапанове пракурораў Яўгена Фартушняка і Кірыла Вышнякова праводзіць у закрытым рэжыме. 

Даслаць ліст ці паштоўку Леаніду:

СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Леаніду Леанідавічу Судаленку

Таццяна Ласіца адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванне

Як вынікае з дасланага ліста Леаніда Судаленкі, валанцёрцы Таццяне Ласіцы таксама прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя А. Лукашэнкі. Але жанчына адмовілася гэта рабіць.

Канечне, мы не пісалі. Няхай яны самі скажуць, што праваабарона = злачынства...” – падкрэсліў у лісце Судаленка.

Даслаць ліст ці паштоўку Таццяне:

СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Таццяне Леанідаўне Ласіцы

Год з моманту затрымання валанцёра Андрэя Чапюка

Год таму, 2 кастрычніка, у Мінску супрацоўнікі ГУБАЗ затрымалі валанцёра “Вясны” Андрэя Чапюка.

9 кастрычніка яму прад'явілі абвінавачванні па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса – «Удзел у масавых беспарадках», а 28 студзеня супраць яго і яшчэ некалькіх чалавек была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэксу — «Удзел у злачыннай арганізацыі ў любой іншай форме».

Увесь гэты год Андрэй утрымліваецца ў СІЗА-1 за сваю мірную праваабарончую дзейнасць і дапамогу рэпрэсаваным людзям.

Даслаць ліст ці паштоўку Андрэю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Андрэю Сяргеевічу Чапюку

 

За мінулы тыдзень не было навінаў ад Марфы Рабковай і Уладзіміра Лабковіча.

Даслаць ліст ці паштоўку Марфе і Уладзю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Марыі Аляксандраўне Рабковай

Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Адкрыты ліст “вясноўцам”: “Тысячы беларусаў удзячныя вам за вашу працу”

У межах ініцыятывы “Адкрыты ліст вясноўцам” публікуем шчымлівы ліст ад суайчынніцы да зняволеных праваабаронцаў.

“Дарагія вясноўцы, хочацца, каб вы ведалі: тысячы беларусаў удзячныя вам за вашу працу, за тое, што вы ёсць. Вельмі балюча і крыўдна, што сёння пакутуюць лепшыя. У вашай асобе за краты пасаджаныя свабода, справядлівасць, годнасць, гонар і салідарнасць. Але знішчыць гэта немагчыма. Зло бывае вельмі моцным, але дабро ўсё роўна мацней і яно пераможа.  

Год таму многія, напэўна, яшчэ не ведалі, хто такая Марфа Рабкова, а сёння гэта імя вядома кожнаму неабыякаваму беларусу. Мужнасць гэтай маладой дзяўчыны выклікае захапленне і не дазваляе ўпадаць у дэпрэсію ад уласных пакут.  

Шчыра віншую з Днём нараджэння Леаніда Леанідавіча Судаленку і Алеся Віктаравіча Бяляцкага. І вам, і Валянціну Стэфановічу, і Таццяне Ласіцы, і Марфе Рабковай, і Уладзіміру Лабковічу, і Андрэю Чапюку жадаю сіл і здароўя. Хай вышэйшыя сілы, анёлы-захавальнікі і наша любоў робяць вас непаражальнымі.

Хочацца верыць, што “цёмныя сілы” не вытрымаюць святла вашых высакародных душ і адступяць перад сілай вашага духу”.

Дасылайце адкрытыя лісты салідарнасці і падтрымкі нам на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім іх “вясноўцаў”, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства