viasna on patreon

#FreeViasna: Тыднёвы агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў “Вясны”

2021 2021-09-27T14:27:23+0300 2021-09-27T18:01:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/poster_freeviasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

17 верасня распачалася кампанія салідарнасці са зняволенымі праваабаронцамі “Вясны” - #FreeViasna. Сабралі навіны за тыдзень пра “вясноўцаў”, што знаходзяцца за кратамі.

У ААН 24 верасня на 48-ай сесіі Савета па правах чалавека адбыўся інтэрактыўны дыялог па Беларусі. Вярхоўны камісар Мішэль Бачалет прадставіла сваю прамежкавую справаздачу па сітуацыі ў Беларусі і ўзгадала пра зняволеных праваабаронцаў “Вясны”. За вызваленне “вясноўцаў” выказаліся і прадстаўнікі еўрапейскіх краінаў і НДА.

"Я глыбока занепакоеная працягам аперацый спецслужбаў супраць грамадзянскай супольнасці". Інтэрактыўны дыялог па Беларусі адбыўся ў ААН

24 верасня 2021 года на 48-й сесіі Савета па правах чалавека ААН адбыўся інтэрактыўны дыялог па прамежкавай вуснай абноўленай інфармацыі УВКПЧ аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Леанід Судаленка адзначыў сваё 55-годдзе за кратамі

Прадстаўнікі міжнародных арганізацый павіншавалі гомельскага праваабаронцу Леаніда Судаленку з юбілеем.

З Днём народзінаў! Праваабаронцы з розных краін і арганізацый віншуюць Леаніда Судаленку з юбілеем

23 верасня праваабаронцу Леаніду Судаленку, які цяпер за кратамі, спаўняецца 55 гадоў. Яго віншуюць калегі — праваабаронцы з розных краін і арганізацый.

Таксама ў сваіх лістах да актывіста з Гомеля Васіля Палякова Леанід Судаленка распавёў, як рухаецца разгляд яго крымінальнай справы ў судзе, што праходзіць у закрытым рэжыме.

«Але вырак ужо чытаецца. Мяркуючы як ён ідзе, суддзя шкадуе, што няма дзе разгуляцца, а так бы даў болей».

«Дзяўчат (Ласіцу і Тарасенка) ад першай часткі, думаю, вызваляць. Таццяне яшчэ паўгода давядзецца пасядзець. Па Марыі – інтрыга. Па другой частцы арышт – мінімальна. У мяне максімальны тэрмін – мінус некалькі месяцаў на дзіця. Значыць, дэмбель – вясна 23-га. А там па сітуацыі», - прагназуе праваабаронца.

Праваабаронца за кратамі: дармаеды, КПЧ ААН, агуркі і РЭП — знаёмімся з Леанідам Судаленкам у падкасце “Вясна прыйдзе”

Леанід Судаленка — праваабаронца з Гомеля. Са студзеня 2021 года ён знаходзіцца ў СІЗА, а з верасня над ім распачаўся суд. У закрытым рэжыме.

Алесю Бяляцкаму споўнілася 59 гадоў

З віншаваннямі і словамі падтрымкі Алесю Бяляцкаму выступілі віцэ-прэзідэнтка Еўрапейскага парламента і сімвалічная “хросная” Алеся Нікола Бір, намеснік кіраўніка дэпартамента мэрыі Парыжа па правах чалавека і барацьбе з дыскрымінацыяй Жан-Люк Рамэра-Мішэль, праваабаронцы Анэ Тусвік Бондэ, Марцін Угла, Анар Мамедлі, Саша Кулаева, Талекан Ісмаілава і іншыя.

З Днём народзінаў, Алесь!

25 верасня Алесь Бяляцкі, заснавальнік і кіраўнік Праваабарончага цэнтра "Вясна", адзначыў свой дзень нараджэння. Яму споўнілася 59 год.

Жонка Алеся Бяляцкага атрымала яго першы асабісты ліст-адказ. Як распавяла Наталля Пінчук, за два месяцы зняволення гэта адзіны ліст, дзе напісана, што Алесь атрымаў ліст ад яе.

“Значыць, гэта адзіны ліст ад мяне, які ён атрымаў”, — адзначае жонка праваабаронцы.

Па словах Наталлі, негатыўнай інфармацыяй Алесь яе не засмучае, “піша, што ўсё нармальна”. Праваабаронца перадае ўсім прывітанне і дзеліцца, што цяпер чытае кнігу Харукі Марукамі “Паляванне на авечак”.

“Прайграў той, хто страціў надзею загадзя”. Марфа Рабкова даслала ліст з-за кратаў

У лісце ад 15 верасня каардынатарка Валанцёрскай службы “Вясны” Марфа Рабкова піша, што са здароўем у яе ўсё адносна добра, з сукамерніцамі жывуць дружна і ва ўсім адна адной дапамагаюць. Марфа за кратамі шмат чытае, з апошняга — Якуба Коласа. У лісце палітзняволеная ўзгадвае лёс паэта і тое, што ён таксама сядзеў на «Валадарцы». На волю Марфа даслала верш Коласа «Каля акна ў астрозе», які быў напісаны падчас яго зняволення.

“Хоць я вам і працытавала даволі сумны верш, але я веру, што наш шматпакутны народ заслужыў сваю свабоду. І мы зможам спакойна жыць, працаваць, развівацца і гадаваць сваіх дзяцей. Нам трэба так мала: каб паважалася наша чалавечая годнасць і выконваліся правы чалавека. І ўсё гэта будзе хутка, галоўнае не ўпадаць у адчай і не апускаць рукі.

Прайграў той, хто страціў надзею загадзя. І хоць падстаў для гэтага мноства - мы павінны адказваць на іх толькі самай яркай і шчырай усмешкай. Справядлівасць абавязкова пераможа. Трэба захоўваць у сабе годнасць, не азлобляцца і быць вышэй за ўсіх гэтых нягод”, — піша праваабаронца.

Amnesty International запусціла электронны зварот за тэрміновае вызваленне Марфы Рабковай, які можа падпісаць любы жадаючы: для гэтага неабходна на сайце арганізацыі пакінуць свае імя, прозвішча, электронны адрас і абраць краіну.

Amnesty International: Запатрабуйце вызваліць Марфу Рабкову

Арганізацыя прапануе накіраваць ліст міністру замежных спраў і генеральнаму пракурору з патрабаваннем неадкладна спыніць крымінальны пераслед Марфы Рабковай і вызваліць яе.

Валянцін Стэфановіч: Я ведаю, што вы робіце ўсё, што ў вашых сілах у нашую падтрымку”

Палітзняволены “вясновец” Валянцін Стэфановіч даслаў з-за кратаў ліст, датаваны 18 верасня, у якім распавёў пра сябе і пра свае справы.

Валянцін ужо прачытаў апавяданні Уладзіміра Караткевіча і зараз пачаў чытаць твор Барыса Пастэрнака “Доктар Жывага”. Яшчэ знайшоў другую кніжку А. Горвата “Прэм’ера”, таксама “выпісаў” кнігі А. Клінава “Шклатара” і В. Марціновіча “Мова”.

“Так што, чытаю тут сучасных беларускіх літаратараў”, – піша праваабаронца.

Як адзначыў Валянцін, тэлевізар ён слухае як фон, але ўважліва глядзіць навіны – і расійскія, і беларускія. Ён заўважыў, што з эфіру дзяржаўных СМІ цалкам знікла тэма рэферэндума па зменах Канстытуцыі:

“Выглядае на тое, што яго перадумалі праводзіць”.

Таксама праваабаронца напісаў, што ведае пра кампанію #FreeViasna:

“Я ведаю пра кампанію ў нашую падтрымку. Я ў гэтым і не сумняваўся. Я верыў і веру ў вас, сябры, я ведаю, што вы робіце ўсё, што ў вашых сілах у нашую падтрымку. Гэтыя высілкі рана ці позна дадуць свой плён. Я гэта ведаю”.

Валянцін піша, што пошту ён атрымлівае нерэгулярна, але ўпэўнены, што яго падтрымлівае шмат людзей на волі:

“Нягледзячы, што я не атрымліваю лістоў падтрымкі, я ведаю, што мне піша вялікая колькасць людзей. Усё гэта надае мне сілаў і моцы. Я ведаю, што ўсё, што я рабіў, усё, што мы робім, недарэмна”.

Праблемы ў ліставанні адзначае і жонка Валянціна Стэфановіча, якая амаль не атрымлівае лістоў ад мужа. Чацвёрты ліст, які атрымала Аліна Стэфановіч 23 верасня, датаваны 23 жніўня.

“Такія рэчы выпадковымі не бываюць. Валянцін таксама перадаваў праз знаёмых, што ён атрымлівае вельмі мала лістоў, фактычна толькі ад сям’і. Мы не ведаем ці ўсе лісты ад сям’і, ад мяне, сястры, маці ён атрымлівае. Ад сяброў, калег фактычна не атрымлівае. То бок лісты не ходзяць у абодва бакі, гэта выпадковасцю быць не можа”,паведаміла “Радыё Рацыя” жонка праваабаронцы.

Уладзімір Лабковіч перадае ўсім прывітанне. Вядома, што ён трохі прастудзіўся, але трымаецца бадзёра і добра харчуецца з атрыманых перадачаў. Таксама ў Уладзя за два месяцы за кратамі значна пагоршыўся зрок праз недахоп святла ў камеры.

Па-ранейшаму няма ніякіх навінаў ад валанцёраў “Вясны” Андрэя Чапюка і Таццяны Ласіцы.

Адкрыты ліст “вясноўцам”: “Жадаю перамогі справядлівасці і хутчэйшага вяртання на волю!”

У межах ініцыятывы “Адкрыты ліст “вясноўцам” публікуем вялікі ліст Дзяніса, адрасаваны ўсім зняволеным праваабаронцам “Вясны”.

“Дарагія Вясноўцы!

Хачу падтрымаць вас у такі цяжкі момант хаця б словам, у той час, як вы падтрымлівалі беларусаў доўгія гады сваімі дзеяннямі, прафесійнымі ведамі і верай у немінучую перамогу справядлівасці.

Да 2020 года пра праваабаронцаў, напэўна, чулі толькі тыя, хто быў вымушаны звярнуцца да вас па дапамогу, або тыя нешматлікія, як мне здаецца, людзі, як і вы, якія валодаюць гіпертрафаванай эмпатыяй і цягай да справядлівасці. Я не ведаю, як і чым матываваны кожны з вас. Напэўна, у кожнага ёсць свае асабістыя прычыны, жыццёвыя абставіны, якія прывялі вас у “Вясну”. Але цяжка пераацаніць тое, што вы робіце, калі стараецеся дапамагчы самым уразлівым людзям, якія апынуліся без абароны закона, захаваць веру ў сябе, людзей, справядлівасць і, у канчатковым выніку, у дзяржаву (як бы дзіўна гэта не гучала).

“Вясна” — гэта адзін з брэндаў, якім наша грамадства можна ганарыцца, хоць, на жаль, яго сіла і вядомасць з'яўляюцца зваротным бокам слабасці і недасканаласці існуючай сістэмы права. Вы валодаеце такім маральным аўтарытэтам у грамадстве, што, думаю, мала знойдзецца людзей, якія сумняваюцца ў вашай невінаватасці, хто мог асуджаць Алеся Бяляцкага некалькі гадоў таму. Чытаючы навіны пра Марфу Рабкову, сэрца сціскаецца ад таго, якія бессэнсоўна-бесчалавечныя і цяжкія выпрабаванні выпалі не толькі ёй, але і яе блізкім. Валянцін Стэфановіч, Леанід Судаленка... Чым далей чытаеш “спіс затрыманых”, тым больш не разумееш, па якіх прынцыпах прапануецца жыць беларусам. Ёсць нейкая іронія ў тым, што калі паспрабаваць сфармуляваць гэты прынцып, то ствараецца ўражанне, што ў адпаведнасці з найноўшым заканадаўствам пад яго дзеянне можа патрапіць любы грамадзянін.

Я не думаю, што вам патрэбны жаль, так як вы лепш, чым хто небудзь, ведалі пра тое, якія “збоі” ў сістэме выканання правоў чалавека бываюць. Але я жадаю вам здароўя і душэўных сіл вытрымаць усе выпрабаванні і захаваць сябе, свае ідэалы, тое, за што вас не толькі любяць блізкія, але і цэняць незнаёмыя з вамі беларусы. Жадаю перамогі справядлівасці і хутчэйшага вяртання на волю!

Дасылайце адкрытыя лісты салідарнасці і падтрымкі нам на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім іх “вясноўцаў”, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.

Працягвайце пісаць праваабаронцам у турмы:

  • СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 (Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк)
  • СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А (Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства