viasna on patreon

У Беларусі памілавалі 13 палітвязняў. Распавядаем, хто яны Дапоўнена

2021 2021-09-16T19:40:00+0300 2021-09-17T07:36:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/okrestina_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота spring96.org

Ілюстрацыйнае фота spring96.org

15 верасня ў эфіры БТ намесніца кіраўніка адміністрацыі Вольга Чупрыс заявіла, што Лукашэнка памілаваў 13 чалавек. Яна адзначыла, што сярод памілаваных ёсць людзі, якія здзейснілі злачынства ў інтэрнэце і раскаяліся ў зробленым. У дзевяці з трынаццаці чалавек ёсць непаўналетнія дзеці. Па інфармацыі «Нашай Нівы», памілаваным сёння да 14-й гадзіны будзе зачытаны ўказ Лукашэнкі, і яны выйдуць на волю. Праваабаронцам «Вясны» сталі вядомыя прозвішчы ўсіх 13 палітзняволеных — распавядаем пра іх.

Спіс памілаваных:

  1. Віктар Каліноўскі — 2,5 года "хіміі" (арт. 339 КК, злоснае хуліганства), пакаранне заменена на "хатнюю хімію"
  2. Валерый Лоза — 2,5 года "хіміі" (арт. 369 КК, абраза прадстаўніка ўлады)
  3. Максім Шаўлінскі — 2 гады "хіміі" (арт. 188, паклёп)
  4. Ігар Быкоўскіх — 1,5 года "хіміі" (арт. 369 КК, абраза прадстаўніка ўлады)
  5. Яўген Каральчук — 1 год "хіміі" (арт. 370 КК, здзек з дзяржсімвалаў)
  6. Сяргей Рудзінскі — 1,5 года "хіміі" (арт. 369 КК, абраза прадстаўніка ўлады)
  7. Яўген Пашалюк — 2 гады "хіміі" (арт. 391 КК, абраза суддзі)
  8. Вадзім Сычык — 1 год "хіміі" (арт. 339 КК, хуліганства), пакаранне заменена на "хатнюю хімію"
  9. Аляксандр Баброў — 2,5 года калоніі агульнага рэжыму (арт. 342 КК, арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак)
  10. Юлія Кашаверава — 1,5 года калоніі (арт. 339 КК, злоснае хуліганства)
  11. Аляксей Коршун — 2,5 года калоніі (арт. 130 КК, распальванне сацыяльнай варожасці), пераведзены на "хімію"
  12. Яўген Рапін — 3 гады «хіміі» (арт. 342 Крымінальнага кодэксу)
  13. Яўген Говар — 2,5 года калоніі (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса), пераведзены на "хімію"

У межах працэдуры памілавання вызвалілі Віктара Каліноўскага з Брэста і Валерыя Лозу з Светлагорску. Вядома, што Віктара Каліноўскага ўжо вызвалілі. Яго перавялі на "хатнюю хімію". Валерый Лоза ляжаў у шпіталі з атытам вуха, але сёння да яго прыехалі з адміністрацыі ваўкавыскай «хіміі» і прапанавалі збірацца і ехаць з імі ў пракуратуру, каб аформіць патрэбныя дакументы для вызвалення.

Берасцеец Віктар Каліноўскі, асуджаны да 2,5 гадоў «хіміі», адбываў пакаранне ў шклоўскай папраўчай ўстанове адкрытага тыпу №49. Яго асудзілі па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу за надпісы на некалькіх прыпынках і гандлёвым кіёску ў Брэсце.

Жыхара Светлагорска Валерыя Лозу абвінавачвалі ў абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім сваіх абавязкаў (арт. 369 Крымінальнага кодэкса). Суд прызначыў Валерыю Лозу 2,5 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову. Пакаранне палітвязень адбываў у Ваўкавыску.

Таксама былі памілаваны палітзняволены Максім Шаўлінскі з Оршы быў асуджаны да 2 гадоў «хіміі» за каментар у закрытым тэлеграм-чаце. Яго абвінавацілі ў паклёпе на супрацоўніка міліцыі па артыкуле 188 Крымінальнага кодэксу (паклёп). Сваё пакаранне ён адбываў у Мазыры. Сёння яго таксама павінны вызваліць.

Палітвязні Ігар Быкоўскіх з Мінску, Яўген Пашалюк з Камянца і Яўген Каральчук з Століна адбывалі пакаранне ў ПУАТ №46, а Сяргей Рудзінскі ў ваўкавыскай ПУАТ №29. Усе яны былі асуджаныя па дыфамацыйных артыкулах: здзек з дзяржаўных сімвалаў, абраза прадстаўніка ўлады і абраза суддзі. Яўгена Каральчука асудзілі да 1 года «хіміі», Ігара Быкоўскіх —да 1,5 гадоў, Яўгена Пашалюка — да 2 гадоў, Сяргея Рудзінскага — да 1,5 гадоў. Сёння яны павінны выйсці на волю.

Палітвязня Вадзіма Сычыка з Бярозы, асуджанага да 1 года «хіміі» за разбітае шкло ў аўтобусе 10 жніўня ў Бярозе (арт. 339 Крымінальнага кодэксу), пераводзяць на «хатнюю хімію».

Праваабаронцам стала вядома, што памілавалі таксама Юлію Кашавераву. Яе абвінавацілі па ч.1 арт. 339 КК (злоснае хуліганства) за тое, што яна падчас мірнай акцыі пратэсту 4 кастрычніка мінулага году сарвала маску і галаўны ўбор з супрацоўніка МУС і ўдарыла нагой па міліцэйскім бусе. На судзе яна не адмаўляла, што пасля таго, як ёй не далі аказаць дапамогу пацярпеламу, не стрымалася і нанесла тры ўдары па задніх дзвярах міліцэйскага мікрааўтобуса. Пракурор прасіў пакараць яе шасцю гадамі калоніі, але ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска 23 лютага яе асудзілі да 1,5 года калоніі.

За кратамі медсястра знаходзілася амаль 11 месяцаў. Юлія адбывала пакаранне ў жаночай гомельскай калоніі №4.

Памілавалі палітзняволенага супрацоўніка БМЗ, якога асудзілі за перакрыццё дарогі на заводзе. Палітвязень Аляксандр Баброў — былы супрацоўнік Беларускага металургічнага завода ў Жлобіне, актывіст забастоўкі. 17 жніўня на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту супраць мірных пратэстоўцаў яны разам з іншымі працаўнікамі перакрылі дарогу для тэхналагічнага транспарту на заводзе. Была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 1 арт. 342 КК РБ «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Першага лютага суд пакараў Аляксандра Баброва 2,5 гадамі калоніі агульнага рэжыму. У зняволенні палітвязень знаходзіўся амаль 8,5 месяцаў, большасць з якіх сядзеў у папраўчай калоніі №13. Яго маці паведамілі, што сёння Баброва вызваляць з калоніі.

Памілаваны палітвязень, якога асудзілі за распальванне сацыяльнай варожасці. Аляксей Коршун — жыхар Оршы, затрыманы 31 сакавіка. Вядома, што яго асудзілі да 2,5 гадоў калоніі агульнага рэжыму за каментары ў сацыяльнай сетцы "Вконтакте" па артыкуле 130 Крымінальнага кодэксу (Распальванне сацыяльнай варожасці). Па словах сваякоў, Аляксей таксама сёння быў памілаваны і пераведзены на "хімію". Ён застаецца ў статусе палітзняволенага.

На волю выйшаў памілаваны Яўген Рапін, які падчас «Маршу вызвалення палітвязняў» ударыў па камеры відэаназірання на Акрэсціна. Палітзняволенага Яўгена Рапіна асудзілі да 3 гадоў «хіміі» па арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Яўгена абвінавацілі ў тым, што ён удзельнічаў у акцыі пратэсту 4 кастрычніка і ўдарыў па камеры відэаназірання каля ізалятара на Акрэсціна. У Рапіна трое непаўналетніх дзяцей. Пакаранне ён адбываў у Мазыры.

Яўген Говар — трынаццаты памілаваны палітвязень. Яўген Говар — былы супрацоўнік Беларускага металургічнага завода ў Жлобіне. Яго судзілі разам Аляксандрам Бабровым, якога таксама сёння памілавалі, па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. 17 жніўня на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту супраць мірных пратэстоўцаў Говар разам з іншымі працаўнікамі БМЗ перакрыў дарогу для тэхналагічнага транспарту на тэрыторыі завода. Першага лютага суд абвясціў прысуд Яўгену Говару: два з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Яго перавялі на "хімію", ён застаецца з статусе палітзняволенага.

Такім чынам, «Вясне» на гэты момант вядомыя прозвішчы трынаццаці памілаваных, якіх праваабаронцы прызналі палітвязнямі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства