viasna on patreon

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" заклікала ЦВК Грузіі перагледзець рашэнне аб акрэдытацыі Ярмошынай у якасці назіральніцы Дапоўнена

2021 2021-09-14T14:44:42+0300 2021-09-14T16:04:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/jarmoshyna-6.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Праваабаронцам стала вядома, што Цэнтральная выбарчая камісія Грузіі акрэдытавала на мясцовыя выбары, якія пройдуць 2 кастрычніка, у якасці міжнародных назіральнікаў групу прадстаўнікоў ЦВК Беларусі, і ў прыватнасці, старшыню Цэнтравыбаркаму Лідзію Ярмошыну. У сувязі з гэтым прадстаўнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" звярнуліся ў Цэнтравыбаркам Грузіі і заклікалі перагледзець прынятае рашэнне і тым самым аказаць падтрымку народу Беларусі, які імкнецца да дэмакратычных пераўтварэнняў.

"Мы, прадстаўнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", былі вельмі здзіўленыя і расчараваныя рашэннем Цэнтральнай выбарчай камісіі Грузіі запрасіць у якасці міжнародных назіральнікаў чальцоў Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, і ў прыватнасці, яе старшыню Лідзію Ярмошыну", – адзначаюць праваабаронцы.

Прадстаўнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" нагадалі, што, пачынаючы з 1996 года, усе выбары, якія праводзіліся ў Рэспубліцы Беларусь, былі прызнаныя АБСЕ не адпаведнымі міжнародным абавязанням Беларусі ў галіне сумленных і свабодных выбараў. У прыватнасці, выбарчы працэс па выбарах прэзідэнта Беларусі 2020 года, арганізаваны ЦВК Беларусі, на ўсіх яго этапах не адпавядаў шэрагу асноўных міжнародных стандартаў правядзення дэмакратычных і справядлівых выбараў і суправаджаўся шматлікімі парушэннямі гэтых прынцыпаў і патрабаванняў нацыянальнага заканадаўства. Фальсіфікацыя вынікаў галасавання пры папушчальніцтве ЦВК Беларусі выклікала шырокую хвалю пратэстаў і прывяла краіну да палітычнага крызісу, які працягваецца да цяперашняга часу.

Акрамя гэтага, праваабаронцы адзначылі, што некаторыя чальцы ЦВК і яе старшыня Лідзія Ярмошына ўключаныя ў санкцыйныя спісы Еўрапейскага Саюза, ЗША, Вялікабрытаніі і шэрагу іншых дзяржаваў у якасці меры адказнасці за ўдзел у фальсіфікацыях выбараў і дзеяннях, якія падрываюць дэмакратычныя працэсы і інстытуты ў Беларусі.

"Пры такіх акалічнасцях запрашэнне прадстаўнікоў ЦВК Беларусі і яе старшыні Лідзіі Ярмошынай для ўдзелу ў назіранні за мясцовымі выбарамі ў Грузіі з'яўляецца недапушчальным і па сутнасці будзе азначаць падтрымку грузінскімі інстытутамі, у першую чаргу, ЦВК Грузіі, фальсіфікацый вынікаў галасавання на выбарах у Беларусі, да якіх маюць непасрэднае дачыненне запрошаныя беларускія службовыя асобы", – заявілі праваабаронцы.

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" заклікала прадстаўнікоў ЦВК Грузіі перагледзець прынятае рашэнне і тым самым аказаць падтрымку народу Беларусі, які імкнецца да дэмакратычных пераўтварэнняў.

Дапоўнена. ЦВК Беларусі заявіў, што Ярмошына не будзе назіраць на выбарах у Грузіі.

"На самой справе назіральнікамі на гэтыя муніцыпальныя выбары едуць два супрацоўнікі апарата камісіі. Інфармацыя не дакладная, яна не адпавядае рэчаіснасці. Лідзія Міхайлаўна нікуды не едзе і нават не планавала", — распавялі ў ЦВК.

 "Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства