viasna on patreon

За "пратэсную актыўнасць" у Мінску судзяць палітзняволенага ўкраінца. Яго год утрымліваюць за кратамі Дапоўнена

2021 2021-09-14T11:54:31+0300 2021-10-01T15:03:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/feranec.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Заводскага раёна Мінска разглядаюць крымінальную справу супраць 33-гадовага палітзняволенага грамадзяніна Украіны Міхаіла Феранца. Яго вінавацяць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт. 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 4 арт. 16 ч. 4 арт. 341 (арганізацыя апаганьвання збудаванняў і псавання маёмасці). Ураджэнца Данецка затрымалі 16 верасня мінулага года, адразу было прынята рашэнне аб яго высылцы з Беларусі, але потым гэта рашэнне прыпынілі. Сам Міхаіл пражывае ў Беларусі з 2012 года. Прэс-служба МУС толькі праз сем месяцаў, 20 красавіка, паведаміла пра затрыманне Феранца і апублікавала «пакаяльнае відэа», у якім ён заклікае народ Беларусі «супакоіць свае хваляванні, перайсці ў мірнае рэчышча, пачаць звычайны дыялог і перастаць бударажыць краіну». Цяпер Феранца вінавацяць ва ўдзеле ў трох леташніх Маршах, а таксама ў арганізацыі шляхам адміністравання тэлеграм-канала «Смелыя людзі» нанясення пратэсных надпісаў і малюнкаў, вывешвання БЧБ-стужак у дварах Фрунзенскага раёна Мінска. Віну палітвязень на судзе не прызнаў і адмовіўся ад дачы паказанняў. Справу разглядае суддзя Анжэла Касцюкевіч, дзяржабвінавачванне падтрымлівае Міхаіл Мануілаў. «Вясна» распавядае пра суд над палітзняволеным грамадзянінам Украіны.  

"Пакаяльнае відэа" праз сем месяцаў пасля затрымання

Міхаіл Феранец быў затрыманы 16 верасня. У адносінах да яго была вынесена пастанова аб высылцы з Беларусі ў прымусовым парадку, а таксама аб затрыманні на тэрмін, неабходны для выканання высылкі, але 1 кастрычніка рашэнне аб высылцы было прыпынена.

20 красавіка, праз сем месяцаў пасля затрымання Міхаіла Феранца, прэс-служба МУС апублікавала "пакаяльнае відэа" з грамадзянінам Украіны і распавяла падрабязнасці яго затрымання. Так, у ведамстве паведамілі, што 33-гадовага жыхара Данецка затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК за тое, што "ўлетку мінулага года браў актыўны удзел у несанкцыянаваных акцыях на тэрыторыі нашай краіны".

"Мужчына – удзельнік так званага атрада грамадзянскай абароны. У тэматычных дэструктыўных тэлеграм-чатах ён каардынаваў дзеянні апазіцыйна настроеных жыхароў Фрунзенскага раёна сталіцы. У прыватнасці, заклікаў наносіць графіці на пабудовы, раскідваць загнутыя цвікі, каб нанесці шкоду транспарту органаў унутраных спраў.

Вядома, што па "парады" затрыманы звяртаўся да свайго былога камандзіра, з якім служыў у ПДВ Украіны. Цікавіўся ў яго, як лепш рыхтаваць "падарункі" – пакеты з выбуховымі рэчывамі".

МУС паведаміла, што супраць Феранца распачатая крымінальная справа па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса. Аднак у судзе яго вінавацяць ужо па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт. 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 4 арт. 16 ч. 4 арт. 341 (арганізацыя апаганьвання збудаванняў і псавання маёмасці). Заяўленыя прэтэнзіі МУС да ўкраінца не знайшлі месца ў абвінавачванні ў судзе.

Спроба раз. «Некарэктна выставілі абвінавачванне»

Суд над палітвязнем пачаўся 10 верасня, але беспаспяхова. На пачатку разгляду за "смех" з залы суда выдалілі ўсіх прысутных, у тым ліку сваякоў Міхаіла. Абвінавачванне зачыталі без слухачоў. Аднак 13 верасня на працэсе замянілі дзяржаўнага абвінаваўцу і зноў зачыталі абвінавачванне, бо суддзя заявіў, што на першым пасяджэнні "некарэктна выставілі абвінавачванне". Але што гэта значыць – невядома, бо першы дзень суда праходзіў без слухачоў.

Спроба два. Дык у чым у Беларусі абвінавачваюць грамадзяніна Украіны? 

Міхаіла Феранца вінавацяць ва ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, звязаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады ці пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў. Украінцу ставяць у віну ўдзел у трох Маршах летась: 30 жніўня (Марш міру і незалежнасці), 6 верасня (Марш адзінства), 13 верасня (Марш герояў). Паводле версіі абвінавачвання, на гэтых Маршах Феранец "замінаў праезду грамадскага транспарту шляхам перакрыцця дарог, гучна пляскаў рукамі, чым парушаў спакой грамадзян, не падпарадкоўваўся супрацоўнікам міліцыі, парушыў працу прадпрыемстваў і арганізацый".

Акрамя гэтага, паводле версіі абвінавачання, са жніўня па 16 верасня 2020 года (да затрымання) з дапамогай мабільнага тэлефона і камп'ютара праз тэлеграм-канал "Смелыя людзі", які ён адміністраваў, Феранец знайшоў людзей для здзяйснення злачынства па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. "Працягваючы свой злачынны намер, выступаючы арганізатарам і кіраўніком, Феранец з мэтай здзяйснення злачынства групай асобаў па папярэдняй змове", набыў, падшукаў, вырабіў сродкі і прылады злачынства, у тым ліку чорную, белую, чырвоную фарбы, паперу, белую і чырвоную эмаль, БЧБ-стужкі, трафарэты, радыёстанцыі, пальчаткі і іншае. Пасля гэтага, згодна з абвінавачваннем, ён размеркаваў абавязкі і сам узяў удзел у здзяйсненні злачынства. Феранец з "нявызначанымі следствам асобамі" на дамах на вуліцах Жыновіча, Ляшчынскага, Кунцаўшчына, Калеснікава, Прытыцкага, Матусевіча (пракурор пералічыў каля 30 аб'ектаў) "з мэтай публічнага выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, вядзення дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай, у тым ліку, на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве" арганізаваў пад сваім кіраўніцтвам, а таксама асабіста ажыццявіў нанясенне на паверхню фасадаў дамоў па пералічаных адрасах надпісаў, малюнкаў пратэснага характару, таксама замацаваў стужкі белага і чырвонага колераў, чым ажыццявіў псаванне маёмасці ЖЭС №6 на суму 2 611 рублёў 50 капеек (больш як 96 базавых велічынь на момант ажыццяўлення дзеяння). Такім чынам, Феранца вінавацяць у здзяйсненні злачынства па ч. 4 арт. 16 ч. 4 арт. 341 (арганізацыя апаганьвання збудаванняў і псавання маёмасці).

Міхаіл Феранец на судзе віну не прызнаў.

Якую шкоду нанёс абвінавачваны Фрунзенскаму раёну Мінска?

На судзе ў якасці грамадзянскага пазоўніка была дапытаная прадстаўніца ЖЭУ № 6 Фрунзенскага раёна. Яна растлумачыла, што ў выніку дзеянняў абвінавачванага ЖЭУ была прычыненая маёмасная шкода – нанясенне пратэснай сімволікі з дапамогай трафарэтных вырабаў (у выглядзе словаў "Таракан", лозунгаў, герба "Пагоня"). Прадстаўніца Фрунзенскага ЖЭУ заявіла, што выніковая сума маёмаснай шкоды склала 2 611 рублёў 50 капеек.

Аднак адвакат Феранца звярнуў увагу, што ў матэрыялах справы прысутнічаюць дакументы, якія фіксавалі нанясенне "пратэсных" надпісаў 17 і 21 верасня, то бок калі абвінавачваны ўжо быў затрыманы. Рэч у тым, што гэтыя акты складаюцца ў дзень выяўлення. Пасля доўгіх разглядаў прадстаўніца ЖЭУ так і не змагла адказаць, як каштарысныя дакументы за гэтыя даты трапілі ў матэрыялы крымінальнай справы супраць Міхаіла Феранца.

На працэсе дапыталі яшчэ аднаго прадстаўніка ЖЭУ, які непасрэдна складае акты, але і ён не ўнёс яснасці ў сітуацыю. Аднак на судзе сказаў, што надпісы не маглі быць нанесеныя раней – іх выяўляюць у дзень нанясення і адразу складаюць акты.

14 верасня ён адмовіўся ад дачы паказанняў.

Сказалі падпісаць, пад маркай таго, што праз два дні будзе на радзіме. Што (не)казаў падчас следства?

З прычыны таго, што Феранец адмовіўся ад дачы паказанняў у судзе абвяшчаюць яго паказанні, дадзеныя падчас папярэдняга следства. Першым у судзе агучылі пратакол аператыўнага апытання Ферэнца пасля затрымання 16 верасня. Згодна з ім, у 2020 годзе ён убачыў навіну аб затрыманні блогера Сяргея Ціханоўскага і гэтая сітуацыя яго абурыла. Таксама Феранцу не спадабалася, як праходзілі выбары. Пасля выбараў ён быў падаўлены, таму стаў удзельнічаць у нядзельных Маршах. Вырашыў стварыць чат і наносіць малюнкі таракана, пагоні і надпісы «Душы рэжым па шляху». Знаёмым пісаў радыкальныя рэчы, напрыклад, "Трэба граміць аўто праваахоўнікаў, ствараць макеты выбуховых прылад". Была ідэя раскідваць цвікі пры пераходзе дарогі, каб аўто спыняліся. Быў стваральнікам чата "Смелыя людзі", у астатніх проста адміністраваў.

Яшчэ ў адным пратаколе аператыўнага апытання 17 верасня Феранец дадае, што хацеў размаляваць сквер "Пагулянка", каардынаваў людзей па рацыі. Калі казаў, што патрэбна фарба – прыносілі яе дадому, давалі грошы. З дзяўчынай пад імем «Cat» абмяркоўваў закупку цвікоў. Быў гатовы знішчаць транспарт праваахоўнікаў. Пры перамовах са сваім камандзірам з Украіны, пазнаваў, як рабіць макеты выбухной прылады, усё было ў парыве эмоцый, так як бачыў, як сілавікі жорстка затрымлівалі людзей. Хацеў раскідваць пабітыя бутэлькі, але ў Інтэрнэце даведаўся, што гэта неэфектыўна, бо па іх можна праехаць, было вырашана кідаць цвікі, каб людзі не даехалі да працы і не плацілі падаткі.

У матэрыялах справы таксама маецца пратакол допыту падазраванага Феранца ад 29 верасня. Згодна з ім, абвінавачаны быў на Маршы 13 верасня ў Драздах, пры сабе быў транспарант у выглядзе майткаў, на якім быў намаляваны Прусак і надпіс: "Тапчы рэжым па шляху". Нікога са знаёмых у той дзень з ім не было. Па ходзе руху натоўп крычала «Жыве Беларусь», «Каб ты здох». У адзін момант з'явілася прадчуванне, што трэба сыходзіць, стаў ісці ў процілеглы бок, пачуў, як сталі крычаць людзі. Убачыў, як пад'ехаў шэры мікрааўтобус, з яго выйшаў нейкі бандыт-тэрарыст ў чорным. Людзі сталі адыходзіць.

На судзе агучылі яшчэ адзін пратакол допыту падазраванага Феранца. Згодна з ім, абвінавачаны выхоўваўся з мамай, бацька не жыў з імі з чатырох гадоў. Мама і бабуля жывуць у Данецку. У мамы праблемы з хрыбетнікам, а бабуля паралізаваная – патрэбен дагляд. У баявых дзеяннях не ўдзельнічаў.

Як запісана ў пратаколе, Феранец казаў, што супрацоўнікі, якія дапытвалі сказалі, што вышлюць на радзіму, калі падпіша дакументы. Ён не чытаў, што там напісана, чытаць іх не далі.

У пратаколе допыту ад 22 красавіка напісана, што ён не даваў паказанні, якія былі ў іншых пратаколах. Тлумачыць, што супрацоўнікі казалі падпісаць дакументы, каб праз два дні яго адправілі на радзіму. Таксама тады ён растлумачыў, як запісалі з ім «пакаяльнае відэа»: супрацоўнікі сказалі, што патрэбны ролік, каб хутка адправілі дадому, бо ім трэба даць справаздачу перад начальствам, тэкст быў надыктаваны, ролік пераздымалі раз пяць. Ролікі з ім запісваліся ў прысутнасці чатырох супрацоўнікаў у міліцыі на Кальварыйскай [УУС Фрунзенскаа раёна], не даваў згоду на распаўсюд роліка. Фізічнай сілы не ўжывалі.

У зале суда адмаўляе паказанні пратаколаў апытання за 16, 17, 18 верасня. Суддзя Касцюкевіч спытала, ці пісаў ён скаргі. Феранец адказаў:

"У момант затрымання не было магчымасці напісаць, пазней быў змешчаны на Акрэсціна, там не даюць ручку і лісцік".

Тады суддзя спытала, чаму цяпер не піша, на што абвінавачаны адказаў: "Баюся пераследу".

Суд працягнецца 17 верасня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства