Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні дваіх палітзняволеных

2021 2021-09-06T11:31:10+0300 2021-09-06T11:40:07+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/marozau_raman.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

6 верасня 2021 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, адзначаем, што крымінальная адказнасць за распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (арт.130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна дзеля абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных справаў, вайскоўцаў і да т.п. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам падаецца неабгрунтаваным.

У адносінах да апанентаў улады неабгрунтавана ўжываецца ўтрыманне пад вартай пры адсутнасці дастатковых падставаў для ўжывання меры стрымання, якая абмяжоўвае асабістую свабоду: як адзначае Камітэт па правах чалавека ААН, "утрыманне пад вартай у выглядзе меры стрымання павінна быць разумным і неабходным у любых акалічнасцях". "Утрыманне пад вартай асобаў, якія чакаюць суду, павінна быць выключэннем, а не правілам… вызваленне ад такога ўтрымання пад вартай можа ставіцца ў залежнасць ад забеспячэння гарантый яўкі на суд, яўкі на судовы разгляд у любой іншай яго стадыі і (у выпадку неабходнасці) яўкі для выканання прысуду. Гэтая прапанова датычыцца асобаў, якія чакаюць судовага разгляду па крымінальным абвінавачванні, то бок пасля выстаўлення абвінавачвання, але аналагічнае патрабаванне, якое ахоплівае перыяд да выстаўлення абвінавачвання, выцякае з забароны адвольнага арышту… Ужыванне дасудовага ўтрымання пад вартай да падазраваных і абвінавачаных не павінна быць агульнай практыкай. Знявольванне павінна быць заснавана на рашэнні, якое прымаецца ў кожным канкрэтным выпадку, пра тое, што яно абгрунтаванае і неабходнае з улікам усіх акалічнасцяў дзеля такіх мэтаў, як папярэджанне ўцёкаў, умяшанне ў працэс збірання доказаў ці рэцыдыву злачынства… Адпаведныя фактары павінны быць прапісаны ў законе і не павінны ўтрымоўваць расплывістых і шырокіх стандартаў, такіх як "грамадская небяспека"… дасудовае ўтрыманне пад вартай павінна ўжывацца не на падставе магчымага прысуду за інкрымінаванае злачыннае дзеянне, а на падставе вызначэння неабходнасці ў гэтай меры стрымання".

У прыватнасці, нам вядома пра зняволенне

  • Вячаслава Кандыбы ў СІЗА-1 г. Мінска па ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 КК (дапамаганне ў наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, здзейсненых групай асобаў) за перадачу звестак прадстаўнікоў сілавых ведамстваў тэлеграм-каналу;
  • Рамана Марозава ў СІЗА па ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 (дапамаганне ў наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, здзейсненых групай асобаў) за перадачу звестак прадстаўнікоў сілавых ведамстваў тэлеграм-каналу.

У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў характар дзеянняў абвінавачаных быў наступствам адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, быў выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у адносінах да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў спыніць беззаконне.

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачваных.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая свабоды, калі пры наяўнасці палітычных матываў яго пераследу мае месца хоць б адзін з наступных фактараў:

  1. пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
  2. асоба пазбаўлена волі выбіральна у параўнанні з іншымі асобамі.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што пераслед Вячаслава Кандыбы і Рамана Марозава з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі — палітычнымі зняволенымі. У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • перагледзець прынятыя ў адносінах да іх меры і працэсуальныя рашэнні пры выкананні права на справядлівы разгляд і ўхіленні фактараў, якія паўплывалі на рашэнне пра меру стрымання;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

"Прававая ініцыятыва";

РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт”;

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

Lawtrend;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Ідэнтычнасць і права.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства