Практычны дапаможнік па перадачах для вязняў ад “Вясны”

2021 2021-09-02T11:17:30+0300 2021-09-02T14:12:07+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/peradachki_valadarka3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валанцёры адносяць перадачы ў СІЗА-1. Фота spring96.org

Валанцёры адносяць перадачы ў СІЗА-1. Фота spring96.org

За кратамі знаходзяцца сотні беларусаў, якія маюць патрэбу ў дапамозе і падтрымцы. Праваабарончы цэнтр “Вясна” з дапамогай сваякоў вязняў склаў практычны дапаможнік па перадачах у СІЗА і калоніі, які спросціць збор пасылак і перадач. Што класці ў перадачы, як іх перадаваць, якія лайфхакі ёсць – у дапаможніку ад "Вясны".

Якія перадачы бываюць?

Прадуктовая перадача – звычайная перадача для зняволеных, у дачыненні да якіх прысуд яшчэ не вынесены ці не ўступіў у сілу. У гэтай перадачы можна перадаваць прадукты, рэчы першай неабходнасці, адзенне і абутак да 30 кілаграм у месяц. Яе можа перадаваць любы чалавек па заяве і з прад’яўленнем пашпарту ў пэўныя дні згодна з раскладам СІЗА.

Вітамінная/карантынная перадача – садавіна-агароднінная перадача да 10 кг, якая дазволеная як для ўжо асуджаных, так і для тых, хто ячшэ не асуджаны, ці прысуд не ўступіў у сілу. Яе можна перадаваць адзін раз у 30 дзён і класці толькі апельсіны, лімоны, яблыкі, цыбулю, часнык.

Медыцынская перадача – прызначана толькі для лекаў і вітамінаў. Яна не ўлічваецца ў агульную вагу (за выключэннем некаторых СІЗА у парушэнне закону). Яе можна дасылаць як у калонію, так і ў СІЗА.

Рэжымная перадача – перадача для ўжо асуджаных, якія былі накіраваныя для адбыцця пакарання ў папраўчыя калоніі. Колькасць перадач, пасылак, бандэроляў і дробных пакетаў абмежаваныя ў залежнасці ад прызначанага судом рэжыму (агульны, узмоцнены, строгі).

Рэчавая перадача – прызначана для асуджаных, этапаваных у калонію. Яе можна перадаваць толькі адзін раз у год да 50 кілаграмаў. Лепш рабіць гэта бліжэй да халадоў, калі асуджаным патрэбныя цёплыя рэчы.

Чым адрозніваюцца пасылка і перадача?

Пасылка дасылаецца поштай. Яе перавага ў тым, што згодна з апошняй пастановай Саўміна №16 ад 14 студзеня 2020 года, лімітавая вага пасылкі – 50 кг. Акрамя гэтага, вага пасылкі не ўлічваецца ў агульную вагу перадач. Яе, як і перадачу, зняволенаму, у дачыненні да якога прысуд яшчэ не вынесены ці не ўступіў сілу, можа дасылаць любы чалавек. Колькасць пасылак не абмежаваная.

Перадачу трэба перадаваць асабіста ў пэўны час згодна з раскладам СІЗА. Агульная вага перадачаў – 30 кілаграмаў у месяц. Некаторыя сваякі зняволеных просяць не перадаваць без папярэджання менавіта перадачы, каб яны мелі магчымасць перадаваць усе неабходнае самастойна, улічваючы абмежаванні па вазе.

Як перадаць чалавеку перадачу ў СІЗА?

Каб аддаць вязню перадачу ў СІЗА неабходна запоўніць і падпісаць заяву ў двух экзэмплярах па ўстаноўленай форме. Узор заявы звычайна ёсць у месцы прыёма перадачаў, аднак можна напісаць яе загадзя. Абодва экзэмпляры заявы, перадача, а таксама дакумент, які сведчыць асобу, перадаюцца работніку следчага ізалятара.

Акрамя прадуктаў харчавання зняволеным можна перадаваць сродкі першай неабходнасці, абутак, адзенне.

Памятайце, што ў рэчы і абутак павінны быць без шнуркоў, усе прадукты трэба перасыпаць у празрыстыя пакеты (нават, запальнічкі, каву "3 ў 1", кашы-хвілінкі) варта пазначаць тэрмін прыдатнасці. З усяго трэба здымаць абгорткі. Рыбу вымайце з вакууму і кладзіце ў двайны пакет. Каўбасу, мяса і сыр трэба перадаваць нарэзанымі. Фотаздымкі і лісты перадаваць у перадачы забаронена.

Адзначым, што ў кожным СІЗА свае правілы, таму нешта можа адрознівацца.

Як паказвае практыка, на прыём некаторых рэчаў можа паўплываць нават настрой супрацоўнікаў СІЗА, таму рэчы/прадукты, якія дазволеныя, могуць не ўзяць. Будзьце гатовыя і да такога.

А як адправіць пасылку ў СІЗА?

Пасылка дасылаецца на пошце. Туды можна класці ўсё, як і ў перадачу, але на 20 кілаграмаў больш. Таксама трэба дадаць заяву з пералікам усяго, што вы перадаеце. Часам супрацоўнікі пошты могуць падказаць, што можна класці ў пасылку, а што – не.

Спіс таго, што можна перадаваць у перадачах:

  • зефір, цукеркі, мармелад, пасціла, халва, шакалад;
  • бульба хуткага прыгатавання, макароны хуткага прыгатавання, суп хуткага прыгатавання, цукар рафінаваны, шматкі (грачаныя, аўсяныя);
  • вяленае мяса, каўбаса (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёная рыба, сыр
  • канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, файлы, сшыткі;
  • кава любая, чай ліставы;
  • цыбуля рэпчатая, свежая зеляніна, часнык, агуркі, памідоры, перац;
  • алей сланечнікавы;
  • арэхі, курага, фінікі, цукаты;
  • печыва, сухары;
  • цыгарэты, запалкі;
  • туалетная папера;
  • садавіна: апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, бананы (бананы ў некаторых СІЗА нельга, таму трэба ўдакладняць);
  • грэбень для валасоў;
  • бялізна;
  • насоўкі, панчохі;
  • туалетнае і гаспадарчае мыла, вадкае мыла ці шампуні (толькі ў празрыстых бутэльках), зубная шчотка, зубная паста, пластмасавыя футляры для мыла і зубной шчоткі, грэбень, грабянец);
  • спецыяльныя сродкі гігіены для жанчын (гігіенічныя пракладкі і тампоны);
  • кішэннае люстэрка (пры адсутнасці люстэрка ў камеры);
  • касметыка па доглядзе (крэм і дэзадарант прымаюць толькі ў пластыкавых цюбіках, цвёрды дэзадарант забаронены);
  • каляровыя алоўкі, фламастэры, шарыкавыя асадкі (чырвоныя забароненыя);
  • кіпяцільнік (маламагутны, да 500 Вт);
  • гумовыя сланцы (не в'етнамкі);
  • электрабрытва або аднаразовыя пластыкавыя станкі (для жанчын таксама).

А што нельга перадаваць?     

  • чарнасліў, разынкі, сланечнікавыя семечкі;
  • казінакі;
  • шматразовыя станкі для галення;
  • бяспечныя нажніцы;
  • шалік;
  • вільготныя сурвэткі, ватныя палачкі;
  • акварэль;
  • запальнічку;
  • зёлкі;
  • пластыкавы посуд;
  • памэла і грэйпфруты;
  • пекінскую капусту;
  • соль;
  • кнігі, часопісы, крыжаванкі, сканворды.

Ці можна перадаць брытву і гадзіннік?

Электрабрытву для вязняў прымаюць у звычайнай перадачы ў любы дзень. Але яна абавязкова павінна быць з трыма галоўкамі (трымер не падыходзіць), а сілкаванне ад батарэек. Або можна перадаваць звычайныя аднаразовыя брытвы.

Для зняволеных прымаюць звычайныя электронныя наручныя гадзіннікі без металічнага бранзалета. Перадаваць трэба праз перадачу па асобнай заяве. Таксама па асобнай заяве прымаюцца і батарэйкі да гадзінніка.

Як перадаць вітамінную/карантынную перадачу?

Вітамінныя/карантынныя перадачы дазволены і тым, чый прысуд яшчэ не ўступіў у сілу, і тым, хто паехаў адбываць пакаранне ў калонію. Кожны месяц (адзін раз у 30 каляндарных дзён) зняволеным, акрамя прадуктовай перадачы ў СІЗА і рэжымнай у калоніі, дазволена дадатковая садавіна-гароднінная перадача да 10 кг, якая не ўлічваецца ў агульную вагу.

У такую перадачу можна пакласці толькі апельсіны, лімоны, яблыкі, цыбулю і часнык.

Дадаткова і толькі ў СІЗА можна дасылаць яшчэ адну 10-кілаграмовую вітамінную перадачу па пошце, але толькі для тых, хто не быў асуджаны.

Што можна пакласці ў медыцынскую перадачу?

Неабходныя лекі па рэцэпту ў медыцынскіх перадачах для зняволеных прымаюцца толькі з дазволу лекара, калі ёсць выпіска з медыцынскай карткі. Калі гэтага няма ў сваякоў, то зняволенаму неабходна звярнуцца да мясцовага лекара, і ён выпіша рэцэпт. Гэты рэцэпт вязню трэба выслаць поштай да сваякоў. Зняволенаму можна перадаваць безрэцэптурныя вітаміны і лекі (акрамя БАДаў).

У некаторых СІЗА, у прыватнасці ў Следчай турме № 8 г. Жодзіна, амаль няма лекаў ад прастуды, таму варта перадаваць безрэцэптурныя лекі ў медыцынскай перадачы: гарачкапаніжальныя, супрацьвірусныя, анальгетыкі, супакаяльныя, вітаміны і магній В6. Спрэй для носа могуць не ўзяць, таму лепш перадаваць лекі ў кроплях.

Кусачкі для пазногцяў амаль не прымаюць, за рэдкімі выключэннямі. Можна паспрабаваць перадаць мяккую пілачку. Былыя зняволеныя кажуць, што наогул не бачылі кусачкаў у СІЗА. Але ўсім падследным выдаюць нажніцы са складу па просьбе ў дзяжурнага.

Як перадаць медыцынскую перадачу?

Мазі і іншыя лекі з цюбаў або шкла трэба перакласці ў пластыкавы слоічак для аналізаў.

Пластмасавыя акуляры без шкла і металічных дужак зняволеным можна адправіць і праз медыцынскую перадачу, і праз медбандэроль. Бывае, што падследным іх не аддаюць, але для асуджаных яны даходзяць.

Для медперадачы неабходна толькі адна заява па ўзоры звычайнай перадачы (але варта дапісаць «Медыцынская»), пашпарт не патрабуюць, адразу трэба ісці ў пакой для перадач і там заняць жывую чаргу.

Абмежаванняў па вазе для медыцынскіх перадач няма. Але вядома, што супрацоўнікі некаторых СІЗА парушаюць закон і залічваць гэтую перадачу ў агульную вагу. Таму ўдакладняйце інфармацыю ў даведцы СІЗА.

Медыцынскія перадачы ў СІЗА прымаюцца толькі ў вызначаны час. Вось расклады ў некаторых з іх:

  • СІЗА-1, Мінск: панядзелак з 9.00 да 11.00.
  • Следчая турма-8, Жодзіна: чацвер з 10.00 да 12.00.
  • СІЗА-3, Гомель: серада і пятніца з 14.00 да 15.00
  • Следчая турма-4, Магілёў: кожны дзень у 12:45 за 15 хвілін.
  • СІЗА-7 робіцца праз лекара (сваякі ідуць да яго, гавораць пра праблемы і ён дазваляе/ці не).
  • Следчая турма-1, Гродна: аўторак і чацвер з 11.30 да 12.00.

Ці можна лекі даслаць поштай?

Безрэцэптурныя лекі з інструкцыямі можна адправіць медбандеролю. Дазваляецца да двух кілаграмаў за раз з улікам упакоўкі. Такую бандэроль таксама трэба падпісаць «Медыцынская».

Ці можна ў СІЗА перадаць нейкую тэхніку?

У СІЗА можна перадаць тэлевізар і вентылятар. Зняволеным дазваляецца мець толькі адзін тэлевізар і адзін вентылятар на камеру. Каб не перадаць «лішнюю» тэхніку, адразу трэба ўдакладніць у акенцы для перадач пра іх наяўнасць у канкрэтнай камеры.

Прыём тэхнікі адбываецца па асобнай заяве (прыклад для СІЗА-1), а пра час прыёму трэба ўдакладняць асобна ў кожным СІЗА.

Які тэлевізар і вентылятар можна перадаць?

Тэлевізар і вентылятар для СІЗА мусяць адпавядаць пэўнымі тэхнічнымі характарыстыкамі.

Для тэлевізара:

  • Дыяганаль да 22 цаляў (да 29 у СІЗА-7);
  • Без USB-выхаду;
  • З убудаваным цюнэрам для лічбавага тэлебачання і антэна з узмацняльнікам;
  • Пашпарт на тэлевізар, бо заяўленыя мадэль і марка ў пашпарце спраўджваюцца. На антэну дакументы не патрэбныя.

Для вентылятара:

  • Падлогавы з пластыкавымі лопасцямі і з доўгім шнуром.

Забраць тэхніку назад можна таксама праз заяву на вяртанне ў выхавальніка (гэта тычыцца і перавода зняволенага ў іншы ізалятар).

Што рабіць, калі чалавек знаходзіцца ў карцары?

У перыяд утрымання ў карцэры (да 10 сутак) зняволеным забараняюцца перапіска, спатканні, атрыманне пасылак, перадач, бандэроляў, дробных пакетаў, карыстанне настольнымі гульнямі, літаратурай, газетамі, часопісамі, прагляд тэлевізійных перадач, а таксама забараняецца мець пры сабе і набываць прадметы, рэчы, за выключэннем ручніку і туалетных прыладаў, і прадукты харчавання.

Аднак пасылкі і перадачы, якія паступілі чалавеку, што знаходзіцца ў карцары, здаюцца на склад СІЗА для захоўвання і ўручаюцца зняволеным пасля выхаду з карцара.

А калі вязня перавялі ў іншае СІЗА, што тады з перадачамі?

Пасля этапу з аднаго ізалятара ў іншы, кілаграмы перадачаў абнуляюцца, таму можна зноў перадаваць 30 кілаграм у месяц.

Ці можна перадаць перадачу адразу пасля этапу ў калонію?

Па прыбыцці ў папраўчую калонію асуджаныя на два тыдні змяшчаюцца на карантын: яны жывуць у асобным памяшканні, могуць выходзіць на свежае паветра.

На час карантыну асуджанаму можна перадаваць толькі карантынную перадачу (да 10 кг), расход грошай — 2 базавыя велічыні, усё прывезенае з сабою па этапе трапляе на склад, а вязню пакідаюць камплект бялізны, выдаюць форму і чаравікі. Каб зняволены атрымаў рэчы са склада, сваякам трэба прыехаць, забраць іх па заяве і перадаць праз звычайную перадачу або рэчавую. Таму, каб перад этапам не нагружаць свайго сваяка, лепш перадаваць усё пасля этапу.

Падчас этапу ў калонію вашага блізкага верагодна ўвесь шлях будуць весці ў кайданках, і ён сам мусіць несці свае рэчы. Таму, каб аблегчыць яму этап, пасля прысуду і да апеляцыі лепш шмат рэчаў не перадаваць.

Колькі перадач можна перадаць для асуджаных у калонію?

Рэжымную перадачу (пасылку) можна перадаваць 3-4 разы на год (у залежнасці ад рэжыму) па суме вагі да 50 кг. У ёй можна перадаваць рэчы, прадукты, сродкі гігіены, цыгарэты, парашок і г.д. Акрамя гэтага, каб трымаць сувязь, зняволенаму трэба зрабіць тэлефонную картку для званкоў у аддзяленнях Белтэлекама або анлайн, дасылаць яе не абавязкова, бо асуджаным на рукі гэтыя карткі не аддаюць. Дастаткова выслаць лістом (заказным, 1-га класа) толькі 12-значны код (пад ахоўнай плёнкай).

У папраўчых калоніях №4, 15, 17 з'явілася інтэрнэт-крама, праз якую для асуджаных можна набываць прадукты і рэчы і дасылаць анлайн. Па наяўнасці на сайце можна арыентавацца, што дазволена ў астатнія калоніі.

У Крымінальна-выканаўчым кодэксе дакладна прапісана, колькі разоў у год асуджаны мае права атрымліваць перадачы:

У папраўчай калоніі:

1. У калоніі агульнага рэжыму зняволеныя маюць права атрымліваць 4 пасылкі або перадачы і 2 бандэролі або 2 дробных пакета на працягу года. (не часцей за адзін раз у 3 месяцы)

Зняволеным, якіх перавялі на палепшаныя ўмовы ўтрымання, дазваляецца дадаткова атрымліваць 2 пасылкі або перадачы і 3 бандэролі або 2 дробных пакета на працягу года.

2. У калоніі ўзмоцненага рэжыму зняволеныя маюць права атрымліваць 3 пасылкі або перадачы і 2 бандэролі або 2 дробных пакета на працягу года. (не часцей за адзін раз у 4 месяцы)

Зняволеным, якіх перавялі на палепшаныя ўмовы ўтрымання, дазваляецца дадаткова атрымліваць 2 пасылкі або перадачы і 3 бандэролі або 2 дробных пакета на працягу года.

3. У калоніі строгага рэжыму зняволеныя маюць права атрымліваць 2 пасылкі або перадачы і 2 бандэролі або 2 дробных пакета на працягу года. (адзін раз у паўгода)

Зняволеным, якіх перавялі на палепшаныя ўмовы ўтрымання, дазваляецца дадаткова атрымліваць 1 пасылку або перадачу і 2 бандэролі або 2 дробных пакета на працягу года.

У турме:

Асуджаным, якія адбываюць пакаранне на агульным рэжыме дазволена атрымліваць 1 пасылку або перадачу і 2 бандэролі або 2 дробных пакета на працягу года;

На строгім рэжыме дазволена атрымліваць 1 бандэроль або 1 дробны пакет на працягу года;

У выхаваўчай калоніі:

У выхаваўчых калоніях зняволеным дазволена атрымліваць 8 пасылак або перадач і 2 бандэролі або 2 дробных пакета на працягу года.

Зняволеным, якіх перавялі на палепшаныя ўмовы ўтрымання, дазваляецца дадаткова атрымліваць 4 пасылкі або перадачы на працягу года.

Як перадаць рэчавую перадачу асуджаным у калонію? 

Адзначым, што асуджаным прадастаўляюцца пасцельныя прыналежнасці, а таксама яны забяспечваюцца адзеннем, бялізнай па сезоне, абуткам і сродкамі асабістай гігіены.

Рэчавая перадача дазволеная асуджаным адзін раз у год да 50 кг (незалежна ад рэжымнай). Яе лепш перадаваць бліжэй да восені-зімы, калі зняволеным патрэбныя цёплыя рэчы.

У папраўчай калоніі матузкі і рамяні дазволеныя. Чаравікі ў калоніі павінны быць толькі пэўнага ўзору: без супінатара і металічных уставак (фірма «Марко» артыкул 47165 падыходзяць).

abutak1.jpg

Спіс таго, што можна перадаваць у рэчавай перадачы адзін раз у год, складзены на прыкладзе ліста ад палітвязня, які адбывае пакаранне ў ПК №15:

  • нататнікі,
  • электрабрытва,
  • адзенне (цёмных колераў),
  • ручнік (чорны, сіні або шэры),
  • цёплыя вусцілкі для абутку,
  • мыла,
  • шампунь (гель для душа нельга),
  • сухі парашок,
  • кіпяцільнік (500 Вт),
  • зубная нітка,
  • тапкі гумовыя,
  • крэм да і пасля галення,
  • крэм для твару,
  • некалькі зубных шчотак,
  • паста зубная,
  • шчотка і крэм (чорны) для абутку,
  • гадзіннік электронны (неметалічны),
  • пачак паперы А4,
  • шарыкавыя ручкі,
  • тонкі шалік,
  • рэмень,
  • чорныя красоўкі (падэшва таксама чорная) без шнуркоў,
  • драўляныя або пластыкавыя вешалкі (моцныя),
  • прасціна і навалачкі белыя (як у шпіталях),
  • кубачкі пластыкавыя трох памераў (0,3 л, 0,5 л, 1 л або 1.1 л).

Перадача да 50 кг павінна змясціцца ў адну скрынку ці ў адзін мяшок.

Дзе набыць вопратку для калоніі?

Па парадах сваякоў асуджаных адзенне можна набыць у дзвюх крамах: stetskevich.by і zona.specodezda.by.

У чым вязню захоўваць рэчы?

Памятайце, што вязням трэба дзесьці захоўваць свае рэчы, а таксама перавозіць іх падчас этапу. Сваякі вязняў, якія сутыкнуліся з гэтай патрэбай, раяць набываць сумку ikea або вялікую сумку ў клетку (такую можна набыць на базары, але яе варта прашыць для ўмацавання).

Ці могуць вязняў пазбавіць перадач?

Асуджаных да пазбаўлення волі ў якасці спагнання могуць пазбаўляць пасылак ці перадач, а таксама спатканняў са сваякамі. Акрамя гэтага асуджаных могуць змясціць у штрафны ізалятар (ШІЗА), адзіночную камеру або ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) да 10 сутак, а зняволеных ў выхаваўчых калоніях да 7 сутак не болей за два разы запар.

На “хіміі” зняволеныя, якіх змяшчаюць у ШІЗА (ІЧУ), пазбаўляюцца права на атрыманне і адпраўленне лістоў, бандэроляў, дробных пакетаў, пасылак і перадач, набыццё прадуктаў харчавання. Верхняя цёплая вопратка выдаецца ім толькі пры выхадзе на працу (вучобу).

А калі чалавек знаходзіцца ў ШІЗА і ПКТ, што тады з перадачамі?

Згодна з Крымінальна-выканаўчым кодэксам, асуджаным у ШІЗА (штрафным ізалятары) забараняюцца: працяглыя і кароткатэрміновыя спатканні, тэлефонныя і відэа-размовы, набыццё прадуктаў харчавання і прадметаў першай неабходнасці, атрыманне пасылак, перадач, бандэроляў і дробных пакетаў, адпраўленне і атрыманне лістоў, карыстанне настольнымі гульнямі і курэнне. Прыналежнасці для сну ім не выдаюцца, прагулкі не прадастаўляюцца. На гэты перыяд перадачы асуджаным не прымаюць, а акрамя гэтага іх могуць дадаткова пазбавіць адной з дазволеных рэжымных перадач.

Для зняволеных, якіх адпраўляюць у памяшканне камернага тыпу, не прымаюць перадачы. Калі асуджаных змяшчаюць туды на доўгі тэрмін, то ім дазволена толькі адна бандэроль на працягу 6 месяцаў.

Таксама асуджаныя маюць права: атаварвацца ў турэмнай краме на 1 базавую велічыню ў месяц і здзяйсняць штодзённы шпацыр працягласцю 30 хвілін.

Як перадаць перадачу і пасылку тым, хто на хіміі?

Асуджаныя да абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу (“хімія”) не маюць абмежаванняў для пасылак і перадач. Перадачы і пасылкі для асуджаных правярае супрацоўнік установы, які павінен пераканацца, што сярод рэчаў і прадуктаў няма забароненых для захоўвання рэчаў.

Калі ў вас засталіся пытанні, пішыце на пошту "Вясны" - viasna@spring96.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства