«Калі б не розгалас, яго б забілі». Людміла Кучура пра тое, як трэба змагацца за мужа ў турме

2021 2021-08-20T16:00:56+0300 2021-08-20T16:22:01+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/ludmila_i_petr_kuchura.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Людміла і Пётр Кучура пасля вызвалення. Фота з сацсетак

Людміла і Пётр Кучура пасля вызвалення. Фота з сацсетак

16 жніўня Пётр Кучура выйшаў з магілёўскай турмы пасля 17 гадоў адседкі па крымінальнай справе. Яго жонка Людміла Кучура на працягу ўсяго тэрміну змагалася за вызваленне мужа з калоніі. Жанчына падзялілася сваімі пачуццямі і гісторыяй барацьбы і вызвалення з праваабарончым інтэрнэт-выданнем MSPRING.MEDIA.

Нагадаем, Пётр Кучура быў асуджаны ў 2004 годзе на 18 гадоў пазбаўлення волі нібыта за наўмыснае забойства дзяржінспектара па ахове жывёльнага і расліннага свету Мікалая Гурына. Суд прыйшоў да высновы, што Кучура займаўся браканьерствам, а калі ўбачыў інспектара — застрэліў яго. Аднак адвакат Пятра Жанна Ждановіч і жонка Людміла Кучура ўсе гады зняволення былі ўпэўненыя, што мужчына ні ў чым не вінаваты і яго трымаюць у калоніях і турмах незаконна.

Падчас следства з матэрыялаў крымінальнай справы зніклі мноства рэчаў, якія даказвалі невінаватасць Кучуры: была канфіскавана даведка аб выніках апытання Пятра з выкарыстаннем паліграфа, быў заменены бушлат ахвяры, знікла куля, якой быў забіты Гурын. Таксама з матэрыялаў справы зніклі прызначэнні на экспертызы і самі экспертызы: судова-балістычная, крыміналістычная па вопратцы загінулага.

Усе гады зняволення жонка Пятра Людміла вяла барацьбу за яго свабоду. Яна пісала скаргі, заявы ў разнастайныя інстанцыі, выступала ў СМІ, прадстаўляючы свае доказы невінаватасці Пятра. Потым дадаліся скаргі на катаванні. У якой бы папраўчай установе ні знаходзіўся мужчына, яго жыццю і здароўю пастаянна пагражалі, а часам нават увасаблялі пагрозы ў жыццё.

У магілёўскай ПК-15 у 2013 годзе Пятра накіравалі ў ШІЗА. Там у туалет і ракавіну супрацоўнікі калоніі засыпалі вядро хлоркі. Калі мужчына уключыў ваду, з-за праблем з каналізацыяй ўся раствораная хлёрка апынулася на падлозе — дыхаць было немагчыма. Гэта першы публічны выпадак у Беларусі, калі стала вядома пра катаванні хлёркай. У 2020 і 2021 годзе падобную практыку выкарыстоўваюць ужо на некаторых палітычных затрыманых і зняволеных.

У 2019 годзе Людміла Кучура паведаміла, што начальнік ПК-15 Аляксандр Лазарэнка нанёс пяць удараў яе мужу. Супрацоўнікі той жа калоніі прапаноўвалі Пятру здзейсніць самагубства — прадстаўнік адміністрацыі калоніі раіў яму перарэзаць вены. Праваабаронца Барыс Бухель, сябра магілёўскай ГНК, які ў студзені 2020-га наведаў Кучуру, пазней распавядаў, што на руцэ ў мужчыны было 9 парэзаў.

У тым жа 2019 годзе Кучуру перавялі ў магілёўскую турму — гэта значыць на самы жорсткі магчымы рэжым.

Усе гэтыя факты сталі вядомыя дзякуючы таму, што жонка Пятра — Людміла — не пабаялася распавядаць пра тое, што робяць з яе мужам. 16 жніўня яна дачакалася яго на волі, пад сценамі магілёўскай турмы №4.

Начальнік турмы чакаў вызвалення Кучуры

Тут і далей распавядае Людміла Кучура.

Гэта не перамога, вядома. 18 гадоў ад званка да званка адседзеў. Але дзякуй Богу, што выйшаў. Ну, не 18, па новым крымінальным заканадаўстве яму скарацілі тэрмін, атрымалася на 1 год і 4 месяцы менш.

Пеця вельмі моцна схуднеў. Хаця б кілаграм пяць б яму набраць. Я калі яго ўбачыла схуднелым, то адзначыла, што ён нават неяк састарыўся, хоць у 2017 годзе, калі быў яшчэ ў ПК-15, быў у целе, 106 кілаграм, дужы. А цяпер змардаваным выглядае.

Калі выйшаў, быў вельмі разгубленым. Сказаў, што ў яго адчуванне, быццам ён спіць, не верыць, што выйшаў на свабоду. Яму нават сумкі афіцэры выносілі. Начальнік турмы сказаў, што больш вызвалення Пятра чакаў, чым ён сам, нават сумкі афіцэры выносілі, абы не застаўся (смяецца).

Вяртанне праз 17 гадоў

Калі ехалі дадому, Пётр сказаў, што вельмі ўсё памянялася. Калі ў Мінск прыехалі, нават не пазнаў — столькі гадоў прайшло. Сказаў, што ў Мінску не хоча жыць. Памятае яго іншым, кажа, што пакідаў адзін горад, а вярнуўся праз столькі гадоў ў зусім іншае месца. Не падабаецца. Будынак прыгожы, але жыць там не хочацца, кажа.

Зараз яму далі два гады нагляду. То бок два разы на месяц Пятру трэба будзе хадзіць і адзначацца па чацвяргах у міліцыю. Хачу напісаць заяву, каб яго на дачу адпусцілі. Ён вельмі агарод любіць.

Турма — пекла 

Паспеў распавесці, што ў турме сітуацыя — проста жах. Яму там, вядома, даставалася. Ён нават на волю выходзіў, па-мойму, са штрафнога ізалятара. Каб усе ведалі, якое ж там пекла. Калі муж распавядае, што там адбывалася, ёсць адно жаданне — каб людзі, якія здзекуюцца ў турме з людзей, пры гэтым жыцці маглі адказаць за свае ўчынкі.

Я неяк размаўляла з супрацоўнікам МУС, ён распавядаў, што ў турмы і калоніі выдатнікі Акадэміі і Інстытута МУС не ідуць. Туды ідуць тыя, хто горш за іншых. Адсюль і такая жывёльная жорсткасць. Тыя, хто не вытрымлівае, — вельмі хутка звальняюцца. Пакарання за жорсткасць проста няма. Усе праверкі, якія там праходзяць, — "ліпавыя", і ад ДВП, і ад пракуратуры, адпіскі адны.

Аб катаваннях і справядлівасці 

Ён жа першы распавёў, напрыклад, пра катаванні хлёркай. Але яго цяжка зламаць. Ім нават прыйшлося даводзіць да самагубства. Мы скардзіліся ў розныя дзяржорганы, аж да Генпракуратуры. Звярталіся і ў Камітэт ААН супраць катаванняў, але адтуль прыйшла нейкая смешная адпіска.

Мы і далей будзем працягваць змагацца за справядлівасць. Як можна спыніцца, калі пакутуе столькі людзей? Пасля 2020 года ў многіх расплюшчыліся вочы на ​​тое, што адбываецца ў краіне, у тых жа калоніях, турмах. Там сядзяць не толькі злачынцы, там сядзяць тыя, каго туды пасадзіла рэпрэсіўная дзяржаўная машына.

У нас была група, якая займалася тымі справамі, дзе віна чалавека ў злачынстве не даказана, але яго ўсё роўна пакаралі. У гэтай групе былі нават людзі, чыіх дзяцей забілі, але бацькі іх не верылі, што пасадзілі менавіта вінаватага.

У 2010-м была дзікая гісторыя: на 24 гады пасадзілі хлопца, Раміза Мамедава, нібыта за забойства стрыечнай сястры ў Лідзе. Следства і суд праігнаравалі той факт, што ў той дзень Раміза не было нават у гэтым горадзе. Паводле высновы генпракурора, міжведамаснай камісіі пры Адміністрацыі прэзідэнта, Вярхоўны суд потым адмяніў прысуд Мамедава і накіраваў на новы разгляд у Гарадзенскі аблсуд, але той усё роўна пакінуў рашэнне аб 24 гадах зняволення. Пра якую справядлівасць у гэтай краіне можа ісці гаворка?

Калі справу майго мужа разглядалі ў Адміністрацыі Лукашэнкі ў 2010 годзе, супрацоўнікі казалі, маўляў, Людміла Міхайлаўна, вы малайчына, нам сказалі, што справа вашага мужа сфальсіфікавана на ўзроўні Мінскай абласной пракуратуры. І ўсё казалі, што 95% — муж будзе дома.

А ў выніку — ад званка да званка. Дома ён апынуўся. Толькі праз колькі гадоў?

Даказаць невінаватасць мужа 

Шукаю і прыемныя моманты ў гэтай трагедыі. Чалавека не было побач амаль 17 гадоў. Увесь гэты час у мяне ў двары людзі пыталіся: Люда, ну як там Пётр, як там мой муж? Калі даведаліся, што выходзіць, мяне спынялі, пыталіся, як гэта яго ўбачыць.

Пару дзён таму адзін сябра прыехаў нават з Чэхіі з Пецем сустрэцца, праўда, забыўся, што карантын ёсць. У выніку на самаізаляцыі на 10 сутак апынуўся (смяецца). 18 жніўня у гэтага сябра дзень нараджэння, дык мы да яго хадзілі. А 20 жніўня ўжо ў Пеці дзень нараджэння.

Усе ведаюць, што ён невінаваты. Людзі хочуць яго ўбачыць, хочуць падтрымаць.

Мне адзін чалавек у нас у двары задаў пытанне. Маўляў, Люда, вось ты столькі змагалася — і нічога не дамаглася, усё роўна адседзеў ад званка да званка. Я яму адказала, што ён вельмі дурны. Я выдатна ведаю ўладу, я не дурніца. Я лічу, што я даказала невінаватасць свайго мужа. Таму што калі не змагацца — гэта значыць прызнаць, што чалавек здзейсніў злачынства і нясе заслужанае пакаранне. А тут пакарання ніякага не павінна было быць. Калі ідуць усе гэтыя скаргі, калі пра ўсё гэта публікуецца, калі ідзе інфармацыя пастаянна — гэта ўсё ідзе на карысць невінаватага вязня.

Калі чалавек невінаваты, сваякі павінны змагацца. Увесь свет павінен бачыць, што чалавек невінаваты і што рашэнне суда — абсурд. Бачыць гэта на канкрэтных фактах.

Улада недаацаніла сваіх грамадзянаў 

Гісторыю майго мужа, іншых людзей, якія апынуліся ў такой сітуацыі, у будучыні трэба паказваць па тэлевізары, каб нашы грамадзяне разумелі, які страх і жах адбываўся ў наш час. І каб больш гэта ніколі не паўтаралася. Каб не было, як цяпер: калі ёсць нейкія сувязі ў органах, ты можаш чалавека забіць, а пасадзяць іншага.

Муж расказваў, што ў матэрыялах справы нават не спрабавалі сфальсіфікаваць ўсё такім чынам, каб ён выглядаў вінаватым хоць бы ў вачах следства. Яны проста думалі, што мы дробныя людзі. Ну, хто я такая і хто Пётр? Ён кіроўца, я хатняя гаспадыня. Яны думалі, што проста зжаруць нас і ўсё. А тут вось, «пашанцавала» ім са мной.

Пацярпеў наш сын ад усёй гэтай сітуацыі. Ён вучыўся на факультэце міжнародных адносін, калі здарылася сітуацыя з Пятром, на пятым курсе. Юрыст-міжнароднік. Вучыўся на 4 і 5. Інцыдэнт адбыўся ў снежні 2004 года. А ў студзені 2005 года адразу перад судом у яго быў экзамен па спецыяльнасці і прадстаўленне курсавой. А яму ставяць 2 без права пераздачы і абароны дыплома.

Таксама падымала скандал, нават трапіла да Радзькова [Аляксандр Радзькоў — міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь у 2003-2010 гадах]. Пасля скаргаў яму толькі праз год удалося ўсё абараніць і забраць дыплом. Сыну да гэтага прыйшлося з’язджаць у Англію, таму што знаёмыя з органаў папярэдзілі, што мы разварушылі гэта асінае гняздо і што могуць нават наркотыкі падкінуць, «каб правучыць».

Пагрозы і праслушкі

Як з такімі, з пагрозамі ў адкрытую я не сутыкалася. Перадавалі праз трэціх асоб часам. Дакладна была праслухоўка.

Быў цікавы выпадак — мы з адной жанчынай, мамай хлопца, які сядзіць 24 гады за забойства стрыечнай сястры [Раміз Мамедаў], неяк гаварылі па тэлефоне, абмяркоўвалі аднаго чалавека з нашай групы. А там у трубцы раптам мужчынскі голас прыглушана камусьці кажа: «Яны цяпер кажуць пра N».

Быў страх. Асабліва першы час. Мяне папярэджвалі адны нармальныя людзі, каб была вельмі асцярожная — не хадзіць у позні час, дарогу пераходзіць толькі на зялёнае святло з людзьмі.

А потым калі пачала адкрыта казаць, хто вінаваты ў крымінальнай справе майго мужа, неяк супакоілася. Думаю, праз гэты розгалас трохі ўсё супакоілася. Вялікую ролю адыграла свабодная прэса, якая пісала пра гэта ўсё: і «Народная воля», і «БелГазета», і «Свободные Навіны плюс», і «Наша Ніва», сайты праваабарончыя. Я вельмі ім удзячная. Іх праца мае вялікае значэнне. Гэтай агалоскай я не дала ім забіць свайго мужа.

Я зараз гэта ўсё лёгка распавядаю, дзесьці з гумарам. Гэта ўжо проста перажыта. Я старалася не зацыклівацца, таму што тут і дах можа паехаць. І старалася праблемы вырашаць па меры іх паступлення. Не давала сабе сумаваць. Галоўнае — ніколі не здавацца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства