Праваабаронца "Вясны" Андрэй Палуда пакінуў Беларусь

2021 2021-08-05T13:00:07+0300 2021-08-05T14:23:59+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/paluda_2019_viasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронца “Вясны” і каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда пакінуў Беларусь. У дадзены момант ён знаходзіцца ў адной з еўрапейскіх краін.

Праваабаронца Андрэй Палуда. Фота: spring96.org
Праваабаронца Андрэй Палуда. Фота: spring96.org

14 ліпеня, падчас сілавога наступу на НДА, Андрэй Палуда перажыў адразу два ператрусы (дома і на пляцоўцы "Тэрыторыя правоў"), допыт у Следчым камітэце і затрыманне. Праваабаронца правёў 72 гадзіны ў Ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна (Мінск) — ён мае статус падазраванага па крымінальнай справе, распачатай у дачыненні да ПЦ “Вясна” — а затым быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе.

Але пасля гэтага ціск на праваабаронцу не спыняўся. Палуду пачалі выклікаць ў Партызанскі РАУС, каб апытаць і скласці пратакол, бо супраць яго распачалі адміністрацыйную вытворчасць. Прычына: Следчы камітэт накіраваў матэрыялы аб  непадпарадкаванні законным патрабаванням службовай асобы (арт. 24.3 КаАП), бо 14 ліпеня Андрэй Палуда падчас допыту па патрабаванні следчага не даў узоры свайго почырку. Праваабаронца вырашыў не ісці на выклік у РАУС, бо санкцыя артыкула 24.3 КаАП прадугледжвае адказнасць у выглядзе адміністрацыйнага арышту:

“Для мяне цалкам было зразумела, што з’яўленне гэтага матэрыялу не з’яўляецца выпадковым, — тлумачыць сваю пазіцыю праваабаронца. — Адмова ад дачы ўзораў подпісу палягае у кантэксце правоў падазраванага, у кантэксце права на яго абарону. Але з’яўленне адміністрацыйнай вытворчасці з гэтай нагоды   гэта новаўвядзенне, якое ўспрымаецца як інструмент, каб зноў пасадзіць мяне ў ІЧУ і ажыццяўляць ціск”.

Яшчэ адным штуршком для рашэння з’ехаць Андрэй Палуда назваў ліквідацыю пляцоўкі “Тэрыторыі правоў” (дырэктарам якой ён з’яўляўся) і выклікі ў іншыя дзяржаўныя установы з гэтай нагоды. Фармальнай падставай для ліквідацыі стала неажыццяўленне камерцыйнай дзейнасці.

“Але “Тэрыторыя правоў” мела статус адукацыйна-асветніцкай установы, пра якую абавязковую камерцыйную дзейнасць можна весці размову?  Ціск інтэнсіўна ўзмацняўся і стала абсалютна зразумела, што яны ад мяне не адстануць”, — пракаментаваў сваю пазіцыю Андрэй Палуда.

“Тэрыторыя правоў” была адным з месцаў, куды сілавікі 14 ліпеня прыйшлі з вобшукам. Там знаходзіўся і Андрэй Палуда — праваабаронцу прывезлі туды адразу пасля вобшуку ў ягонай кватэры. На пляцоўцы, як распавёў Палуда, “пазабіралі літаральна ўсё, што там было”: усю тэхніку (праектары, мікрафоны, мікрахвалёўку), усе кнігі, сярод якіх — зборнік “Не смяротнаму пакаранню”, кнігі серыі “Беларуская турэмная літаратура”, выставу пра правы чалавека, плакаты, налепкі (у тым ліку — “Свабоду Марфе”), дыскі з беларускай музыкай.

Пасля вобшукаў і затрыманняў 14 ліпеня так і не былі адпушчаны тры прадстаўнікі ПЦ “Вясна”: старшыня “Вясны” Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і юрыст Уладзімір Лабковіч. Усе яны маюць статус падазраваных па крымінальнай справе, заведзенай на “Вясну”, і ўтрымліваюцца ў СІЗА-1. Праваабарончай супольнасцю яны былі прызнаныя палітвязнямі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства