Ліквідацыя грамадзянскай супольнасці. Поўны спіс НДА, якія сутыкнуліся з ціскам беларускіх уладаў Дапоўнена

2021 2021-08-17T14:36:00+0300 2021-08-17T15:00:39+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/viasna_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі ўлады працягваюць ліквідаваць арганізацыі грамадзянскай супольнасці. 30 ліпеня Лукашэнка налічыў 185 «дэструктыўных» няўрадавых арганізацыяў: “У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструктыўных структур, якія прадстаўляюць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бяспецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамерцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадскае аб'яднанне, 113 устаноў”. “Вясна” збірае спіс арганізацый, якія патрапілі ў махавік рэпрэсій, і распавядае, як у Беларусі закрываюць арганізацыі грамадзянскай супольнасці.

Ілюстрацыйнае фота spring96.org
Ілюстрацыйнае фота spring96.org

Як і на якіх падставах у Беларусі знішчаюць НДА?

Вялікая “хваля зачысткі” абрынулася на арганізацыі беларускай грамадзянскай супольнасці 22 ліпеня, але некаторыя арганізацыі ліквідавалі яшчэ незадоўга да гэтага. Так, напрыклад, здарылася з брэсцкімі арганізацыямі “Дзедзіч”, “За свой горад”, тэатр “Крылы халопа” і іншыя.

У махавік рэпрэсій трапляюць недзяржаўныя арганізацыі незалежна ад напрамку і характару дзейнасці. Гэта і культурныя арганізацыі, і асветніцкія, і праваабарончыя, і экалагічныя, і даследчыя, і спажывецкія, і сацыяльныя, і іншыя. Пад “раздачу” нават трапіла прарасійскае маладзёжнае сацыяльна-культурнае грамадскае аб’яднанне “Русь молодая”, якое ў сваіх праектах прапагандуе і садзейнічае ў развіцці рускай культуры і рускай мовы, папулярызуе сярод моладзі традыцыйныя славянскія культурныя каштоўнасці, гісторыю славянства.

Пра знішчэнне арганізацый беларускія ўлады, як правіла, не паведамляюць іх кіраўнікам: аб ліквідацыі яны даведваюцца, праверыўшы статус арганізацыі ў Адзіным дзяржаўным рэестры юрыдычных асоб.   

Прэтэнзіяў і пытанняў ва ўладаў да беларускай грамадзянскай супольнасці назбіралася шмат. Раней Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што ў Беларусі «актыўна пачалі працу ў дачыненні да розных НКА, НДА». У бок арганізацый гучалі абвінавачванні ў навязванні дэмакратыі, працы ў "дэструктыўных мэтах". Пасля гэтага прайшлі масавыя ператрусы ў арганізацыях і дома ў праваабаронцаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Следчы камітэт пасля гэтага заяўляў, што нібыта выявіў дачыненне НДА і СМІ да нявыплаты падаткаў і фінансавання пратэстнай актыўнасці. У пракуратуры адзначылі, што ў іх нібыта «рыхтаваліся і рэалізоўваліся масавыя беспарадкі і экстрэмісцкія праявы ў дачыненні да Беларусі».

Афіцыйна падставамі ліквідацыі арганізацый грамадзянскай супольнасці ўлады называюць:

  • дзейнасць арганізацыяў не адказвае мэтам, названым у статуце;
  • атрыманне двух папярэджанняў ад Мінюста на працягу года;
  • неажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці на працягу 24 месяцаў (напрыклад, універсітэт імя Ніла Гілевіча, «ИМЕНА»).

3 жніўня прэс-служба генеральнай пракуратуры паведаміла, што па прадстаўленню пракуратуры горада Мінска Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Мінгарвыканкама ліквідавала чатыры установы: “Хьюман канстанта”, “Цэнтр па прасоўванні правоў жанчын”, “Офіс па правах людзей з інваліднасцю” і “Цэнтр прававой трансфармацыі". Афіцыйная падстава ліквідацыі гэтых арганізацый — іх дзейнасць не адпавядала мэтам і прадмету, названых у іх статутах. Але пракуратура дадала:

“Акрамя таго, на інтэрнэт-сайтах размяшчалася не адпаведная рэчаіснасці інфармацыя, накіраваная на распаўсюд дэструктыўных настрояў у грамадстве, публікаваліся заклікі да эканамічнага і палітычнага ціску на краіну і іншых дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы”.

Установы ліквідуюцца паводле рашэнняў рэгіструючых дзяржорганаў, гэта значыць мясцовых выканкамаў, у першую чаргу, Мінгарвыканкама. 

З пазовамі па ліквідацыі грамадскіх аб'яднанняў Мінюст мусіць звярнуцца ў суд. Так адбылося з "Прававой ініцыятывай”, "Рухам “За Свабоду”", ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў”, “Беларускім ПЭН-цэнтрам".

“Вясна” вядзе спіс арганізацый, якія ўлады і суддзі ліквідавалі ці ліквідуюць у апошнія месяцы.

*Спіс пастаянна дапаўняецца і абнаўляецца. Вы можаце дапамагчы праваабаронцам зрабіць поўны і актуальны спіс, дадаўшы інфармацыю праз бот @viasna_bot ці ў тэлеграм @Spring96info.

Ліквідацыя грамадзянскай супольнасці. Поўны спіс НДА, якія сутыкнуліся з ціскам беларускіх уладаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства