Няправільнае адзенне, падтрымка з балкону Марша, белыя аркушы: за што судзілі беларусаў у ліпені

2021 2021-08-03T15:33:41+0300 2021-08-05T14:11:36+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/silavik_404.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Па дадзеных праваабаронцаў "Вясны", агулам за мінулы месяц сілавікі затрымалі мінімум 327 чалавек. Вядома пра мінімум 85 судовых працэсаў над імі па адміністрацыйных справах. У выніку, за ліпень беларускія суддзі пакаралі штрафамі 27 чалавек агулам на 1 809 базавых велічыняў (каля 52,5 тысяч беларускіх рублёў) і 58 чалавек арыштавалі на 932 сутак. "Вясна назірае" традыцыйна зрабіла спіс самых дзіўных прычын для адміністрацыйнага пераследу за іншадумства за месяц.

silavik_404.jpg
Ілюстрацыйнае фота spring96.org

Пасля допыту ў КДБ хуліганілі і не падпарадкоўваліся ў РУУС

У ліпені беларускія ўлады выйшлі на новы ўзровень рэпрэсій: амаль месяц беларусаў затрымлівалі па "тэрарыстычных артыкулах". Аднак некаторых затрыманых супрацоўнікамі КДБ пазней судзілі па адміністрацыйных справах. У тых, у каго падчас ператрусаў знаходзілі рэчы ў бел-чырвонай расфарбоўцы, адпраўлялі на «суткі». Пры гэтым, выкарыстоўвалі сфабрыкаваныя пратаколы па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства) і 24.3 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі). Усе правапарушэнні, як сцвярджаюць міліцыянты, адбываліся ўжо на тэрыторыях РУУСаў, куды затрыманых прывозілі пасля допыту. Па нашых звестках, менавіта на гэтай падставе было арыштавана мінімум 20 чалавек тэрмінамі ад 5 да 30 сутак.

Пры гэтым, беларускія суддзі працягваюць ўпарта не звяртаць увагу на заявы асобаў, у дачыненні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс, аб катаваннях пры затрыманні:

29 ліпеня ў сябе дома быў затрыманы Юрый Марозаў "у сувязі з падазрэннем ва ўдзеле ў масавых мерапрыемствах". Па пратаколу, «на тэрыторыі Партызанскага РУУС ён аказаў непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, адмовіўшыся выйсці з машыны». Сваю віну хлопец не прызнаў. Ператрус у кватэры хлопца праводзілі восем супрацоўнікаў у цывільным, частка з якіх былі ў балаклавах. Са словаў Юрыя на судзе:

"У кватэру ўвайшлі восем супрацоўнікаў, ніхто не паказваў пасведчанні. Мяне паставілі на калені і трымалі тварам да сцяны. Мяне перыядычна білі. Білі нагамі. Мне апраналі пакет на галаву і душылі. Мяне сілком напаілі нейкай вадкасцю з бутэлькі. Потым у кватэры правялі ператрус у прысутнасці незнаёмых мне людзей. Былі панятыя ў балаклавах, таму я не ведаю хто гэта. Правялі ператрус, пры гэтым ператрус — гэта калі ўсе твае рэчы расшвырваюць па кватэры. Перыядычна мяне прыніжалі, лаяліся матам. Пасля гэтага мяне прымусілі нешта падпісаць. У мяне нават не было магчымасці паглядзець што гэта, бо мяне білі. Пасля гэтага канфіскавалі частку рэчаў, якія на Акрэсціна са мной не прыехалі, таму я не ведаю дзе іх шукаць. Потым мы прайшлі ў аўтамабіль. Увесь гэты час я знаходзіўся ў кайданках, таму фізічна не мог аказваць непадпарадкаванне. Калі камеры там ёсць, то можна паглядзець, што я не супраціўляўся. Я спакойна прайшоў у РУУС. У машыне са мной было трое супрацоўнікаў".

У выніку, суддзя Макарэвіч пакараў Юрыя Марозава 14-сутачным арыштам, нават нягледзячы на заяву пра катаванні.

«Няправільнае адзенне»

Па звестках «Гарадзенскай Вясны», у канцы ліпеня ў Мастах пасля футбольнага матчу быў затрыманы мясцовы жыхар Андрэй Даніловіч. Міліцыянты заўважылі на ім кашулю з Пагоняй і расцанілі гэта як несанкцыянаванае пікетаванне. 28 ліпеня суддзя Мастоўскага раённага суду Віталь Сініла арыштаваў Андрэя Даніловіча на 15 сутак.

У Мінску 31-гадовую Алесю Яначкіну пакаралі вялізарным штрафам за тое, што яна вывесіла на балконе белую цішотку з чырвонай паласой пасярэдзіне, якая, на думку міліцыянтаў, "формаўтварала БЧБ-сцяг". Цішотка сохла на балконе некалькі дзён, але суддзя Марыя Ярохіна палічыла гэта несанкцыянаваным пікетаваннем і аштрафавала Алесю на 2900 рублёў (100 базавых велічыняў).

Падтрымлівалі дваравы Марш з балкона 

У судзе Фрунзенскага раёна Мінска ў ліпені разглядзелі справы дзвюх жанчын, на якіх склалі пратаколы за падтрымку ўдзельнікаў дваравога Маршу, які праходзіў пад іх вокнамі. Згодна з пратаколам, каля 22:00 яны на балконе пятага і сёмага паверхаў выкрыквалі лозунг "Жыве Беларусь" і размахвалі БЧБ-сцягамі. Жанчыны сваю віну не прызналі.

Акрамя гэтага, пры аглядзе кватэры міліцыянты не знайшлі сцягі, якімі яны нібыта размахвалі. Сведкі-міліцыянты на судзе гаварылі, што асабіста бачылі кожную з затрыманых увечары і пазналі, нягледзячы на вялікую адлегласць. Суддзі Юлія Чыж і Марыя Ярохіна пакаралі адну жанчыну 30-сутачным арыштам, а другую — штрафам на 2900 рублёў (100 базавых).

Белы аркуш — незаконны бюлетэнь, які заклікае да пратэстных мерапрыемстваў

За белыя аркушы на вокнах ў ліпені асудзілі мінімум дзесяць чалавек. У пратаколе агляду аднаго з затрыманых было напісана, што "выяўлены аркуш паперы з’яўляецца незаконным бюлетэнем, які заклікае да пратэстных мерапрыемстваў і з'яўляецца адзіночным пікетам". Усіх мінчукоў затрымлівалі дома пасля ператрусаў, падчас якога ў некаторых канфіскоўвалі тэхніку. Толькі траіх з затрыманых пакаралі штрафамі ад 50 да 80 базавых велічыняў агулам на 5 510 рублёў. Яшчэ шэсць чалавек былі арыштаваныя на 7-28 сутак. 

За БЧБ-сцяжок у вазачцы

У сярэдзіне месяца суддзя Карсюк пакараў штрафам жанчыну за бел-чырвона-белы сцяжок, які стаяў на балконе каля акна ў вазачцы са штучнымі кветкамі. Гэта, на думку міліцыянтаў і суддзі Дзмітрыя Карсюка, з'яўляецца несанкцыянаваным пікетаваннем. Суд Цэнтральнага раёна аштрафаваў жанчыну на 2320 рублёў (80 базавых велічыняў).

За перасылку "лагатыпу экстрэмісцкага канала"

У судзе Фрунзенскага раёна ў ліпені разглядзелі справу Алега Пралата па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў). Мужчыну абвінавацілі ў "перасылцы лагатыпу, які быў унесены ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў са свайго нумару тэлефона". Супрацоўнікі міліцыі аб гэтым даведаліся 5 ліпеня – у дзень яго затрымання. Дома ў Алега правялі ператрус. Падчас ператрусу Алег па просьбе міліцыянтаў аддаў свой тэлефон і пацвердзіў, што рабіў рэпост яшчэ з некаторых каналаў, якія лічацца экстрэмісцкімі. Вынік — 14 сутак.

Cлухаў у машыне песню Цоя "Перемен"

У канцы чэрвеня 58-гадовага Сяргея затрымалі наўпрост падчас памінак. Ён сядзеў за памінальным сталом, калі яму патэлефанаваў сын і сказаў, што нехта падрапаў яго машыну, таму яму трэба спусціцца ў двор. Там яго ўжо чакалі супрацоўнікі Ленінскага РУУС, якія адвезлі яго ў аддзяленне і склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП. Сяргея абвінавацілі ў праслухоўванні "пратэстнай песні" ў сваім аўтамабілі і ў выкрыкванні лозунгу "Жыве Беларусь" амаль два месяцы таму. У якасці доказаў былі толькі паказанні міліцыянта на судзе, а ўсе астатнія матэрыялы справы сведчылі пра недатычнасць мужчыны да "правапарушэння". Яго пратрымалі за кратамі тры дні, а потым адпусцілі да суда. У выніку, мінчука ўсё ж такі пакаралі 15-сутачным арыштам. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства