Палітзняволеныя праваабаронцы "Вясны" застаюцца за кратамі ў СІЗА-1

2021 2021-07-26T15:45:00+0300 2021-07-26T15:48:02+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/viasna_pravaabaroncy_89.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

За кратамі ў СІЗА-1 у межах крымінальнай справы застаюцца старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі, намеснік старшыні Валянцін Стэфановіч і юрыст Уладзімір Лабковіч. Іх затрымалі 14 ліпеня з яшчэ васьмю праваабаронцамі ў межах крымінальнай справы па ч.1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў). Пасля ператрусаў, допытаў і некалькіх сутак у ІЧУ на Акрэсціна, трох праваабаронцаў “Вясны” і затрыманую разам з мужам Ніну Лабковіч, дырэктарку аб'яднання інвестараў Angels Band, перавялі на “Валадарку”. У пятніцу, 23 ліпеня, на волю пад абязальніцтва аб яўцы адпусцілі Ніну. Палітзняволеныя праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч не выйшлі на волю пасля дзесяці сутак пасля затрымання. Гэта значыць, што ім прад’явілі абвінавачванні. Адвакаты праваабаронцаў знаходзяцца пад падпіскамі аб неразгалошванні, таму яны не могуць распавесці абставіны справы. «Вясна» распавядае ўсё, што вядома па крымінальнай справе супраць нашых калегаў і нагадвае гісторыю пазбаўлення Праваабарончага цэнтру рэгістрацыі.

Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч
Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч

Што кажуць у Следчым камітэце? 

Вядома, што пераслед вясноўцаў з 14 ліпеня праходзіць у межах крымінальнай справы №21128310008 па ч.1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў). 14 ліпеня пасля затрыманняў праваабаронцаў у Следчым камітэце пракаментавалі крымінальныя справы супраць сябраў "Вясны", "якія ў той ці іншай ступені звязаныя з пратэстнай дзейнасцю":

"Падчас расследавання названых крымінальных справаў атрыманая дакладная інфармацыя аб дачыненні кіраўнікоў і супрацоўнікаў шэрагу недзяржаўных арганізацый і аб'яднанняў, а таксама прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі да ценявога руху значных фінансавых сродкаў, якія ў першую чаргу паступаюць з-за мяжы, нявыплаце падаткаў і фінансавання рознага роду пратэстнай актыўнасці насельніцтва Беларусі.

Калі казаць пра гэта больш дэталёва, то мы вядзем гаворку аб дзейнасці па зборы асоб у канкрэтных месцах для здзяйснення групавых супрацьпраўных дзеянняў, аплаце адміністрацыйных спагнанняў, накладзеных за ўдзел у незаконных масавых мерапрыемствах, арганізацыі і правядзенні семінараў па пытаннях процідзеяння праваахоўным органам і іншае".

У пятніцу, 23 ліпеня, у судзе Партызанскага раёна была разгледжаная скарга адваката Валянціна Стэфановіча на пастанову аб прымяненні ў адносінах да праваабаронцы меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Суддзя Міхаіл Макарэвіч пакінуў скаргу без задавальнення — Валянцін Стэфановіч застаецца ў СІЗА-1.

"Дапамажыце дамагчыся іх вызвалення!" Amnesty International запусціла акцыю тэрміновай дапамогі палітзняволеным вясноўцам

Міжнародная арганізацыя Amnesty International запусціла акцыю тэрміновай дапамогі палітвязням праваабаронцам "Вясны".

Нагадаем, 16 лютага адбылася першая хваля ператрусаў у праваабаронцаў «Вясны». Па факце працы Праваабарончага цэнтру «Вясна» была заведзеная крымінальная справа па ч.2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне і матэрыяльнае забяспечанне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Паводле афіцыйных камэнтароў Следчага камітэту, «Вясна» нібыта аказвала фінансаванне і іншую матэрыяльную падтрымку «незаконным масавым мерапрыемствам», якія «груба парушаюць грамадскі парадак».

Раней пасля аналагічных абвінавачанняў арыштавалі праваабаронцаў і валанцёраў «Вясны» Марыю Рабкову, Андрэя Чапюка, Леаніда Судаленку і Тацяну Ласіцу. Усе яны прызнаныя палітзняволенымі.

"Мы будзем побач, нават калі будзем сядзець". Распавядаем пра шэсць правабаронцаў-вясноўцаў, якія апынуліся за кратамі 14 ліпеня

Распавядаем пра справу «Вясны» і пра нашых затрыманых калегаў і каляжанак.

Як "Вясну" пазбавілі рэгістрацыі?

Праваабарончы цэнтр “Вясна” быў беспадстаўна пазбаўлены дзяржаўнай рэгістрацыі рашэннем Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь 28 кастрычніка 2003 году за ўдзел у назіранні падчас прэзідэнцкіх выбараў у 2001 годзе.

24 чэрвеня 2007 года Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў, што, ліквідаваўшы Праваабарончы цэнтр "Вясна", беларускія ўлады парушылі пункт 1 артыкула 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (права на свабоду асацыяцыі). Згодна з рашэннем Камітэту, ураду Беларусі рэкамендавана правесці перарэгістрацыю Праваабарончага цэнтру “Вясна” і прыняць меры па недапушчэнні падобных парушэнняў у будучым. Нягледзячы на тое, што Беларусь прызнала кампетэнцыю Камітэта па правах чалавека ААН і ўзяла на сябе абавязацельствы па выкананні палажэнняў Пакту, дадзенае рашэнне не было выканана ўрадам. Улады Беларусі заявілі, што што меркаванні КПЧ ААН з'яўляюцца толькі рэкамендацыйнымі.

Чытаць цалкам рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН наконт ліквідацыі праваабарончага цэнтру “Вясна”

Надалейшыя спробы ў 2007-2009 годзе зарэгістраваць «Вясну» не ўвянчаліся поспехам. Усе тры адмовы ў рэгістрацыі былі таксама прызнаныя рашэннем КПЧ ААН парушэннем Беларуссю артыкула 22 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Пасля трэцяй адмовы ў рэгістрацыі сябры Рады арганізацыі заявілі аб спыненні далейшых спробаў рэгістрацыі з прычыны іх бессэнсоўнасці і працягу дзейнасці без дзяржаўнай рэгістрацыі. «Вясна» працягвае праваабарончую дзейнасць у Беларусі і па гэты дзень.

"Мы не спынім сваёй праваабарончай дзейнасці". Заява Праваабарончага цэнтру "Вясна"

Заява Праваабарончага цэнтру "Вясна".



Падтрымайце палітзняволеных праваабаронцаў "Вясны" лістамі салідарнасці па адрасе:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу
Алесю (Аляксандру) Віктаравічу Бяляцкаму
Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства