Месяц суда па "справе Ціханоўскага". Што вядома пра суддзю, які судзіць адразу шэсць палітвязняў?

2021 2021-07-24T01:11:52+0300 2021-07-26T11:10:47+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/cihanouski_sud.jpeg_3.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У будынку гомельскага СІЗА ўжо месяц у закрытым рэжыме праходзіць суд над шасцю палітвязнямі: Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Мікалаем Статкевічам, Уладзімірам Цыгановічам, Арцёмам Сакавым і Дзмітрыем Паповым. Іх абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў, дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, распальванні сацыяльнай варожасці ў Беларусі падчас падрыхтоўкі і правядзення прэзідэнцкіх выбараў у 2020-м. Усе палітвязні былі затрыманыя яшчэ да выбараў. Інфармацыя пра тое, што суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме, з'явілася на сайце Вярхоўнага суда за тыдзень да пачатку разгляду крымінальнай справы. Акрамя гэтага, у электронным раскладзе было пазначана і прозвішча суддзі, які вынесе прысуд шасці палітвязням, – суддзя Гомельскага абласнога суду Мікалай Бакуноў. "Вясна" распавядае ўсё, што вядома з адкрытых крыніц пра суддзю па "справе Ціханоўскага". 

Суд па
Суд па "справе Ціханоўскага" 24 чэрвеня ў гомельскім СІЗА

У складзе калегіі праводзіць атэстацыю гомельскіх суддзяў

Рэзанансную крымінальную справу супраць палітзняволеных блогераў і палітыкаў Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Цыгановіча, Арцёма Сакава і Дзмітрыя Папова разглядае суддзя Гомельскага абласнога суда Мікалай Мікалаевіч Бакуноў. Ён уваходзіць у судовую калегію па крымінальных судах.

На сайце Верхноўнага суда пазначана, што ён з'яўляецца намеснікам старшыні кваліфікацыйнай калегіі. У яе паўнамоцтва ўваходзіць правядзенне атэстацыі і ажыццяўленне дысцыплінарнай вытворчасці ў дачыненні да суддзяў Гомельскага абласнога суда, эканамічнага суда Гомельскай вобласці, старшыняў, намеснікаў старшыняў і суддзяў раённых судоў Гомельскай вобласці і іншыя паўнамоцтвы.

Тэрмін прызначэння ў абласным судзе заканчваецца 15 лістапада гэтага года

Па размешчаных у інтэрнэце Указах прэзідэнта вядома, што Мікалай Бакуноў у пачатку сваёй кар'еры займаў пасаду суддзі Жлобінскага раённага суда. Ён прапрацаваў там з 2008 па 2013 год. У Жлобіне Бакуноў вынес сваё першае "палітычнае" рашэнне па арт. 23.24 КаАП (цяпер – 24.23 КаАП). Затым яго перавялі ў абласны горад – тры гады ён займаў пасаду суддзі Чыгуначнага суда Гомеля. Там ён працягнуў выносіць "палітычныя" рашэнні па адміністрацыйных справах супраць мясцовых журналістаў і актывістаў. Праз тры гады працы ў раённым судзе Гомеля Указам прэзідэнта №419 ён быў прызначаны суддзёй Гомельскага абласнога суда. Што характэрна, пяцігадовы тэрмін прызначэння Бакунова заканчваецца 15 лістапада гэтага года –  менш чым праз праз чатыры месяцы.

Першае "палітычнае" рашэнне Бакуноў вынес у Жлобіне 10 гадоў таму

Паводле дадзеных "Вясны", 31 кастрычніка 2011 года тады яшчэ жлобінскі суддзя Бакуноў арыштаваў на 14 сутак па ч. 1 арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае масавае мерапрыемства) старшыні аргкамітэту правядзення народнага сходу, кіраўніка мясцовай арганізацыі партыі левых "Справядлівы свет" Валерыя Рыбчанкі.

Бакуноў асудзіў актывіста за правядзенне 8 кастрычніка без адпаведнага дазволу сходу ў Жлобіне. Хоць Рыбчанка прадставіў пратаколы паседжання аргкамітэта, з якіх відаць, што сход у Жлобіне праводзіўся ў рамках Закона аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах. 

У выніку, Бакуноў арыштаваў партыйца на 14 сутак.

Якія "палітычныя" справы супраць журналістаў і актывістаў разглядаў Бакуноў у Гомелі?

2 красавіка 2015 года Мікалай Бакуноў, будучы суддзёй Чыгуначнага суду Гомеля, аштрафаваў на 30 базавых велічыняў (5,4 мільёна рублёў) па ч. 2 арт. 22. 9 КаАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ) журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага.

У адміністрацыйным пратаколе, які разглядаў суд, пазначалася, што Жукоўскі "5 лютага на тэрыторыі сярэдняй школы № 12 ажыццявіў незаконнае інтэрв'юіраванне супрацоўнікаў установы адукацыі, не маючы акрэдытацыі ў МЗС як замежны журналіст". На сайце тэлеканала "Белсат" 6 лютага выйшаў матэрыял пра тое, як у Гомелі за смерць трохмесячнай дзяўчынкі былі пакараныя педагогі школы № 12 і работнікі дзіцячай паліклінікі.

Гаворка ідзе аб рэзананснай гісторыі: у абласным цэнтры знайшлі забальзамаванае цела трохмесячнай дзяўчынкі, якое амаль восем месяцаў праляжала ў зачыненай кватэры. Былі затрыманыя абвінавачаныя ў забойстве-маці дзяўчынкі і яе сужыцель. Пакаранне панеслі кіраўніцтва і педагогі школы і супрацоўнікі дзіцячай паліклінікі, размешчаных у дадзеным мікрараёне. Таксама пакаранне панёс і журналіст, які асвятліў гэтую сітуацыю.


27 верасня 2016 года ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля Мікалай Бакуноў разгледзеў адміністрацыйную справу супраць актывіста Аб'яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Няпомняшчых.

Ён быў затрыманы 12 верасня, калі збіраўся ехаць у Мінск для ўдзелу ў акцыі пратэсту супраць вынікаў выбараў. Апазіцыянера абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы ў грамадскім месцы (арт. 17. 1 КаАП) і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4 КаАП). Сваю віну Няпомняшчых не прызнаў.

"Я збіраўся ў Мінск, і толькі выйшаў з тралейбуса каля чыгуначнага вакзала, як мяне схапілі супрацоўнікі АМАПа, нічога не тлумачачы, закінулі ў аўтамабіль і адвезлі ў Чыгуначны РАУС. Потым у матэрыялах справы яны напісалі, што я нібыта лаяўся матам, размахваў рукамі, на заўвагі не рэагаваў, спрабаваў ад іх уцячы. Я, стары дзед з велізарным заплечнікам 10-15 кг, спрабаваў уцячы ад бугаёў з укормленымі рожамі?" — распавёў тады Няпомняшчых.

Але Бакуноў усё роўна аштрафаваў актывіста трыма базавымі велічынямі. Пры гэтым, Няпомняшчых пракаментаваў тады гэтае рашэнне так:

"Разам з тым я лічу, што суддзя паступіў па сумленні. Думаю, ён выдатна разумее, што я не вінаваты, і даў мне мінімальнае пакаранне. Так, ён паступіў дрэнна, але мог бы даць і 50 базавых, і арышт, так што і на гэтым дзякуй", — заявіў актывіст АГП.

Адмяніў штраф журналісту «Белсата». Чым Бакуноў вядомы як суддзя Гомельскага абласнога суда?

Практычна ўсе вядомыя "Вясне" пастановы ў дачыненні да журналістаў і актывістаў, якіх іх судзілі на суткі і штрафы, Мікалай Бакуноў пакідаў без зменаў. Аднак вядома, як ён адмяніў штраф у 25 базавых журналісту-фрылансеру, які супрацоўнічаў з "Белсатам". Праўда, раней ён асудзіў гэтага ж журналіста на штраф большы на пяць базавых.

Так, 2 лістапада 2017 года Мікалай Бакуноў, будучы суддзёй Гомельскага абласнога суда, скасаваў пастанову суда Жлобінскага раёна аб адміністрацыйным спагнанні ў выглядзе штрафу ў дачыненні да журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага. Яго абвінавачвалі ў парушэнні артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ), якое выяўлялася ў супрацоўніцтве з тэлеканалам «Белсат» без акрэдытацыі ў МЗС беларусі ў якасці замежнага карэспандэнта. Міліцыя склала пратакол, а суд, разгледзеўшы яго, падвергнуў журналіста штрафам у памеры 25 базавых велічыняў.


24 траўня 2017 года суддзя Гомельскага абласнога суда Мікалай Бакуноў не задаволіў скаргу сябра незалежнага прафзвязу РЭП Віктара Казлова, які ў жыцці размаўляе шэптам, на пакаранне адміністрацыйным штрафам за гучную лаянку і непадпарадкаванне мііцыі.

Віктара Казлова затрымалі 25 сакавіка ў вёсцы Церашковічы, калі ён адпраўляўся ў Гомель, каб удзельнічаць у "Маршы недармаедаў-2". 13 красавіка суддзя Гомельскага раёна пакарала актывіста штрафам 69 рублёў за "гучную лаянку" і непадпарадкаванне міліцыі. Падчас паседжання суддзя абласнога суду Мікалай Бакуноў спытаў прафсаюзнага актывіста, чаму супраць яго сведчылі супрацоўнікі міліцыі.

"Яны былі зацікаўлены ізаляваць мяне да акцыі пратэсту. Таму ў судзе я і назваў іх ілжэсведкамі", — сказаў Віктар Казлоў.

У выніку, суддзя Мікалай Бакуноў адхіліў скаргу Казлова на пастанову суда Гомельскага раёна ад 13 красавіка.


Таксама Бакуноў у 2017 годзе пакінуў у сіле пастанову аб васьмісутачным арышце гомельскага актывіста Андрэя Толчына. Напярэдадні шырока анансаванай "недармаедскай" пратэстнай акцыі гомельскія ўлады ізалявалі найбольш актыўных удзельнікаў. Андрэя Толчына абвінавацілі ў закліках у сетцы Facebook да ўдзелу ў несанкцыянаваным вулічным шэсці, прызначаным на 25 сакавіка ў Дзень Волі.

Суддзя Савецкага раёна Гомеля Аляксандр Махараў палічыў, што фрылансер не мае права пісаць на асабістай старонцы ў сацсетцы аб масавым мерапрыемстве, якое мусіць адбыцца, і адправіў яго на 8 сутак у ІЧУ за краты. Абласны суддзя Мікалай Бакуноў пакінуў пастанову аб васьмісутачным арышце ў сіле.

І так дзясяткі "палітычных" адміністрацыйных пастаноў на Гомельшчыне.

Падрабязнасці па суду па "справе Ціханоўскага":

Гомельскі абласны суд адмаўляецца называць прычыну, па якой суд па "справе Ціханоўскага" праходзіць у закрытым рэжыме ў СІЗА

Грамадзяне звярнуліся за тлумачэннямі да старшыні Гомельскага абласнога суда Сяргея Шаўцова, але і ён не ўнёс яснасці ў пытанне.

"Выконваў функцыі прапаганды легітымізацыі парушэнняў заканадаўства". Стала вядома, у чым абвінавачваюць палітзняволенага блогера MozgON

Праваабарончаму цэнтру "Вясна" стала вядомая фармулёўка абвінавачвання блогеру Уладзіміру Цыгановічу, па якім яму пагражае пакаранне да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Кароткая даведка "Вясны" пра абвінавачаных палітвязняў:

Сяргей Ціханоўскі (42 гады) – аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни» пра праблемы звычайных беларусаў і заснавальнік аднайменнага палітычнага руху. Спачатку выстаўляў сваю кандыдатуру ў прэзідэнты самастойна, але пазней падтрымаў ідэю Міколы Статкевіча аб «кандыдатах пратэсту». Яму не далі зарэгістраваць уласнай ініцыятыўнай групы, пасадзіўшы пад арышт за «несанкцыянаванае мерапрыемства» падчас падачы дакументаў. Замест яго ў кандыдаты пайшла жонка – Святлана Ціханоўская. Ён жа зрабіўся даверанай асобаю жонкі і ўдзельнічаў у ейнай кампаніі.

Быў затрыманы 29 траўня ў Гродне ў выніку правакацыі на легальным пікеце – пры тым сам ён у канфлікце не ўдзельнічаў, спрабаваў сысці ад нападніцы. За чатыры гадзіны да інцыдэнту Лукашэнка апісаў нейкае здарэнне, вельмі падобнае да пазнейшай правакацыі супраць Ціханоўскага. Пасля той правакацыі распачыналі справу за «гвалт над міліцыянтам», аднак цяпер за гэта не збіраюцца судзіць нікога з тых, суд над кім прызначылі на 24 чэрвеня.


Мікалай Статкевіч (64 гады) – лідар незарэгістраванай «Народнай грамады», былы старшыня партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада і былы старшыня Беларускага згуртавання вайскоўцаў. Раней двойчы трапляў у няволю на працяглыя тэрміны з палітычных прычынаў: з 2004 да 2007 года за пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў у Палату прадстаўнікоў, з 2010 па 2015 год за пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў, на якіх быў кандыдатам. У 2020 годзе прапанаваў ідэю «кандыдатаў пратэсту»: стварыць як мага больш ініцыятыўных групаў і выкарыстоўваць выбары толькі дзеля легальнай магчымасці агітацыі супраць Лукашэнкі. Быў затрыманы 31 траўня 2020 года дарогаю на перадвыбарчы пікет на Камароўскім рынку ў Менску. Не ўдзельнічаў у гарадзенскім інцыдэнце. 


Арцём Сакаў (26 гадоў) – былы памежнік, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай і адзін з відэааператараў Youtube-каналу «Страна для жизни». Палітычнай актыўнасці як такой не вёў – толькі здымаў відэаролікі для Ціханоўскага. Быў затрыманы 31 траўня ва ўласнай кватэры – пры тым, што быў на пікеце 29 траўня падчас правакацыі супраць Ціханоўскага, але тады яго не чапалі. 


Дзмітрый Папоў (29 гадоў) – мадэратар (гэта значыць, не аўтар, а толькі рэдактар каментароў) сацсетак «Страна для жизни», грамадзянін Расеі. З беларускімі пратэстамі раней звязаны не быў, у Расеі кіраваў ультрапатрыярхальным праектам «Мужское государство» і праектам дэананімізацыі сілавікоў «Сканер». Не ўдзельнічаў у гарадзенскім інцыдэнце. Як пазнаёміўся і пачаў супрацоўнічаць з Сяргеем Ціханоўскім, невядома. Знік увечары 4 чэрвеня, а да знікнення запісаў відэа, у якім сказаў, што яго шукаюць міліцыянты і хочуць прыцягнуць у крымінальнай справе «ці то за забойства, ці то за нашэнне зброі». Спачатку яго затрымалі ў межах адміністратыўнай справы і арыштавалі на 15 содняў, а толькі потым выставілі абвіначанне ў «групавых дзеяннях». 


Уладзімір Цыгановіч (40 гадоў) – прадпрымальнік, блогер і аўтар Youtube-каналу «MozgON». На сваім канале пераказваў спачатку эканамічныя і грамадскія, а потым і палітычныя навіны, стаў весці трансляцыі з розных акцыяў – не толькі з пікетаў Ціханоўскага. У 2019 годзе пачаў выказвацца супраць дарожнага падатку і росту цэнаў на бензін. Упершыню выказаўся пра Ціханоўскага восенню 2019 года – абурыўся ягоным затрыманнем і заклікаў прыйсці на суд над ім, пазней таксама падтрымліваў Ціханоўскага. 31 траўня 2020 года правёў трансляцыю пікету з Камароўкі, перад якім затрымалі Статкевіча. Самога Цыгановіча затрымалі 9 чэрвеня 2020-га і арыштавалі спачатку паводле адміністратыўнага артыкулу на 15 дзён за заклік сабрацца каля «Белнафтахіму», але затым абвінавацілі ў «групавых дзеяннях». 


Ігар Лосік (29 гадоў) – блогер, аўтар сеткі каналаў «Беларусь головного мозга» і кансультант беларускай службы радыё «Свабода». У 2011 годзе прыдумаў «маўклівыя пратэсты» (калі людзі проста збіраліся ў адным месцы без плакатаў і лозунгаў, бо «ўсе ўсё і так разумеюць»). У 2013 годзе завёў Twitter-акаўнт «РБ головного мозга», які неўзабаве зрабіўся адным з самых папулярных палітычных акаўнтаў у Беларусі. На сваіх каналах асвятляў усе палітычныя падзеі яшчэ да пачатку палітычнай актыўнасці Ціханоўскага, а ў 2020 годзе інфармаваў пра дзейнасць усіх патэнцыйных кандыдатаў. Быў затрыманы 25 чэрвеня дома ў Баранавічах.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства