viasna on patreon

У Віцебску пачалі судзіць Андрэя Новікава — валанцёра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай

2021 2021-07-20T18:14:15+0300 2021-07-20T18:42:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/novikau_.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Новікаў у судзе. Фота Радыё Рацыя

Андрэй Новікаў у судзе. Фота Радыё Рацыя

19-20 ліпеня ў судзе Кастрычніцкага раёна горада Віцебска пачалі судзіць 50-гадовага палітвязня Андрэя Новікава, валанцёра ініцыятыўнай группы Святланы Ціханоўскай. Яго абвінавачваюць паводле арт. 342 і арт. 371 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Справу разглядае суддзя Сняжана Кіндзеева. Бок дзяржабвінавачання падтрымлівае старшы пракурор Бяшковіч.

У чым абвінавачваюць?

Андрэя Новікава абвінавачваюць у тым, што не пазней за 17 снежня 2019 года па 5 чэрвеня 2020 года групай асоб па папярэдняй замове разам з Ціханоўскім здзейсніў арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і былі спалучаныя з непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікам улады і пацягнуўшыя парушэнні работы транспарту, прадпрыемстваў, арганізацый.

Так, пачынаючы з кастрычніка 2019 года, згодна за абвінавачаннем, дзейнічаючы па папярэдняй змове са Статкевічам, Ціханоўскім і іншымі асобамі, у інтэрнэце публічна заклікаў да падрыхтоўкі і арганізацыі дзеянняў, груба парушаючых грамадскі парадак. Таксама яны запланавалі і рэалізавалі пад відам пікетавання па збору подпісаў серыю незаконных массавых мерапрыемстваў. З мэтай прыцягнення да актыўных дзеянняў, Ціханоўскі і іншыя асобы па Беларусі наўмасна размеркаваўшы ролі і прыцягваючы новых удзельнікаў, здзейснілі змову, і з марта 2019 па травень 2020 года арганізавалі, забяспечылі стварэнне, адміністраванне і вядзенне ютуб-каналаў "Краіна для жыцця" і "Беларусь  12stop", тэлеграм-канал "Краіна для жыцця", аналагічных рэгіянальных тэлеграм-каналаў, а таксама іных тэлеграм- і ютуб-каналаў, якія рыхтавалі да групавых дзеянняў.

Для распальвання агрэсіўнасці людзей Ціханоўскі і іншыя асобы размяшчалі ў інтэрнэце адпаведную інфармацыю, забяспечвалі яе дубляванне ў пазначаных каналах, каб сфарміраваць у шырокай групу асобаў варожую сацыяльна-псіхалагічную устаноўку, а таксама свядома ілжывай нелігітымнасці патрабаваняў прадстаўнікоў улады. Згодна з абвінавачаннем, публічна дэманстравалася ўсёдазволенасць, прапагандаваўся выгляд безпакаранасці, размяшчаліся інфармацыйныя матэрыялы з заклікамі непадпарадкавання законным патрабаванням прадстаўнікам улады. Заклікі дазволілі стварыць умовы і прыстасаванні для здзяйснення злачынстваў.

У сваю чаргу, Новікаў падпісаўся на каналы, праглядаў іх, вёў актыўнае ліставанне з іншымі, натхніўшыся заклікамі Ціханоўскага, Статкевіча і іншых асобаў, увераваўшы ў сваю безпакаранасць, прыняў рашэнне далучыцца да здзяйснення злачынства групай асоб па папярэдняй змове. Ён шукаў сродкі для здзяснейння злачынства, ствараў умовы да далучэння актыўных і пасіўных удзельнікаў, схіляў і арганізаваў канкрэтныя дзеянні.

Андрэй Новікаў далучыўся да акцыі-флэшмоба, а 12-й гадзіне дэманстратыўна спыняў свае дзеянні, у якасці атрыбута акцыі выкарыстоўваў загадзя пазначаны агітацыоннай сімволікай і налепкамі аўтамабіль. Выкарыстоўваючы створаны ім канал "Андрэй Новікаў", ствараў і размяшчаў для ўсеагульнага агляду відэа. Таксама ён атрымаў правы адміністравання працуючага ў адзінай сістэме тэлеграм-канала "Віцебск для жыцця. Чат". Андрэй Новікаў таксама асабіста сустрэўся с Ціханоўскім і іншымі асобамі на тэрыторыі Пастаўскага раёна, тым самым здзейсніў змову, размеркаваўшы ролі для здзяйснення злачынства. Выконваючы сваю ролю, Андрэй Новікаў працягваў публікаваць на сваім канале відэа, а потым — стварыў тэлеграм-канал "Поставщина для жизни", надзяліўшы сябе правамі адміністратара. Таксама Андрэй Новікаў прыняў удзел у стварэнні размешчаных ў інтэрнэце іншых відэа — у тым ліку, "Пікет Ціханоўскага ў Глыбокім". 

Згодна з абвінавачаннем, Новікаў, з'яўляючыся актыўным удзельнікам "Краіны для жыцця", дзейнічаючы групай асоб па папярэдняй змове, арганізаваў і прыняў удзел у незаконных массавых мерапрыемстваў. Таксама Новікаў, не з'яўляючыся сябрам ініцыятыўнай групы Ціханоўскай, быўшы грамадзянінам РФ, размяшчаў у пазначаных вышэй каналах інфармацыйныя заклікі прыняць удзел у масавых мерапрыемствах, арганізоўваў іх. З мэтамі фармавання ў асобаў устойлівых псіхалагічных установак і жадання ўдзельнічаць у групавых дзеяннях, калі гэта спатрэбіцца, распаўсюджваў інфармацыйныя матэрыялы. 

Таксама з'яўляючыся грамадзянінам РФ, быўшы пісьмова папярэджаным пра крымінальную адказнасць, у парушэнне тэрмінаў забароны уезда ў Беларусь, а таксама быўшы прымусова высланым з Рэспублікі Беларусь, неаднаразова прыязджаў у Беларусь на невыяўленых следствам маршрутках, а таксама асабістым аўтамабілі. Апошнім разам — 5 красавіка 2020 года. 13 красавіка ён быў затрыманы па месцы жыхарства. 

Вінаватасць Новікава, згодна з абвінавачаннем, даказваецца часткова ягонымі паказаннямі, сведак, пратаколамі агляду, пісьмовымі матэрыяламі справы.

Што кажа Андрэй Новікаў?

Андрэй Новікаў поўнасцю прызнае віну па арт. 371 КК, часткова — паводле арт. 342 КК: ён пагадзіўся з тым, што ўдзельнічаў у мерапрыемствах, здымаў і размяшчаў на сваім канале ролікі. Не прызнае — арганізацыю масавых беспарадкаў, змову з Ціханоўскім і Статкевічам. 

"Я сутыкаўся з грубасцю прадстаўнікоў улады"

Андрэй Новікаў распавёў, што ягоныя сябры з Далёкага Усходу даслалі яму спасылку на канал "Краіна для жыцця" з пытаннем, ці ўсё праўда, што там адбываецца — толькі пасля гэтага даведаўся пра Сяргея Ціханоўскага, ягоны канал і зацікавіўся. Даведаўшыся пра акцыю "Беларусь 12stop", падумаў, што гэта легальны спосаб выказаць сваё меркаванне

"Размаўляючы па працы, са знаёмымі, я зразумеў, што ўсе прыгнечана кажуць аб тым, што адбываецца, абураныя, але баяцца сказаць нешта прама, — адзначыў палітвязень. — Я ніколі не баяўся і лічыў, што калі дзейнічаю адкрыта, у рамках заканадаўства — дык чаму б не выказаць сваё меркаванне адкрыта? Тым больш, гэта гарантавана Канстытуцыяй, наколькі я разумею".

Новікаў распавёў, што жыццё ў Беларусі задавальняла яго, пакуль ён прыязджаў сюды ў адпачынак. Вярнуўшыся ж на радзіму жыць, ён сутыкнуўся з бюракратыяй і неразуменнем з боку ўладаў.

"Напрыклад, у вёсцы павінна быць асвятленне — яго не было, — успамінае Андрэй. — Я дамагаўся, каб вёску асвятлілі, нават павесіў у сябе дома пражэктар, які мог асвятляць даступную тэрыторыю, але ў сельсавеце мне адказвалі ў стылі "грошай няма, але вы трымайцеся". У вёсцы былі разбітыя дарогі, не было скрыняў для смецця. Я хацеў нарыхтоўваць дровы з буралому, які назапасіўся каля майго дома, але і тут узніклі праблемы: я нават пісаў на гарачую лінію Міністэрства лясной гаспадаркі. Хацеў заняцца фермерскай гаспадаркай, але не мог нават пралічыць эканоміку, таму што не атрымліваў ніякай інфармацыі адносна праекта: мяне пасылалі ад адной службовай асобы да іншай. Людзі, якія павінны былі рэагаваць на мае звароты як грамадзяніна і падаткаплацельшчыка, ніяк не рэагавалі, я сутыкаўся з грубасцю прадстаўнікоў улады".

Суддзя доўга спрабавала высветліць, чым жа Андрэя Новікава не задавальняла жыццё ў Беларусі.

"А чым могуць ладзіць патухлыя погляды людзей? — адказаў ён. — Бяззубыя раты жанчын-даярак, якія не могуць дазволіць сабе нармальную стаматалогію? У мяне была магчымасць пераехаць, але мяне цягнула да роднай зямлі. Я хацеў заняцца гаспадаркай, але сутыкнуўся з тым, што закон ёсць, але ён не працуе. Я спрабаваў даносіць свае думкі, але ў сельсавеце мне адказвалі: "Ну што я магу? Як скажуць — так і будзе". Мяне не задавальняла гэтая безгаспадарчасць.

"Я бачыў выхад з сітуацыі ў неабыякавасці грамадзян"

Андрэй Новікаў адзначыў, што адносіць сябе да людзей з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, якія не хочуць жыць у хлусні і крывадушнасці, а хочуць жыць у нармальнай краіне.

"Я бачыў выхад з сітуацыі, якая склалася ў неабыякавасці грамадзян, — сказаў ён. — У ідэале людзі павінны распараджацца сваім лёсам і жыццём. Я хацеў развіваць дабрабыт, сваім прыкладам даць зразумець, што казаць праўду — гэта годна. Абмеркаванне праблем на ўзроўні сельсавета і райвыканкама не прыносілі вынікаў: я быў на іх пасяджэннях, з мяне там хацелі зрабіць пасмешышча. Маёй канчатковай мэтай было змяніць жыццё ў маёй вёсцы — каб гарэла святло, напрыклад. Я хацеў прымусіць тых асоб, якія за гэта атрымліваюць грошы, выконваць свае абавязкі належным чынам".

Таму ён стварыў канад "Пастаўшчына для жыцця". Андрэй заўважыў, што гэта не "даччынае прадпрыемства "Краіны для жыцця": ніхто не даваў яму установак, як рабіць кантэнт на канале і тым больш не плацілі за яго — гэта было выключна выказванне ягонай грамадзянскай пазіцыі, падставай дагрукацца да людзей. У тым ліку, ён публікаваў там аб'явы аб месцах правядзення збору подпісаў: так хацеў пазначыць людзям, дзе знайсці месца, дзе можна легальна рэалізаваць сваё грамадзянскае права ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Палітвязень не быў згодны з усімі публікацыямі на канале: паколькі ён быў адкрытым, усе скідалі туды, што хацелі, але Андрэй чысціў яго ад відавочных правакацыйных паведамленняў.

Новікаў таксама пацвердзіў, што ўдзельнічаў у акцыях "Беларусь 12stop", падчас якіх зняў і размясціў 13 відэа.

Андрэй таксама распавёў, што быў падпісаны на канал "Віцебск для жыцця чат", мог выказацца наконт паведамленняў, якія яго закранулі. Аднойчы ён выпадкова даведаўся пра тое, што з'яўляецца адміністратарам канала: цяпер нават не ведае, хто даў яму гэтыя правы, але быў не супраць. Час ад часу ён выдаляў адкрытыя ўкіды. "У мяне было дастаткова падстаў меркаваць, што там былі і правакацыі з боку сілавікоў", — адзначыў ён.

"Мне падабаецца чалавек, які кажа праўду"

Андрэй Новікаў распавёў, што асабіста знаёмы з Сяргеем Ціханоўскім, але не з Мікалаем Статкевічам. Ён глядзеў ролікі Ціханоўскага: у ягоных паездках па Беларусі была паказаная такая ж разруха, што Новікаў бачыў у сябе на Пастаўшчыне. І калі ў адным са сваіх стрымаў Ціханоўскі звярнуўся па дапамогу з жыллём, Новікаў прапанаваў яму пажыць у адным з вясковых дамоў.

— Вы прапанавалі Ціханоўскаму ўладкаваць яго побыт, таму што падзялялі ягоныя погляды? — удакладніла суддзя.

— Наогул чыста па-чалавечы. Мне падабаецца чалавек, які кажа праўду. Ён казаў тое, што не паказвалі па беларускім тэлебачанні, — адказаў Новікаў.

Ён праводзіў Сяргея і ягонага аператара Арцёма ў дом, падрыхтаваў простую вячэру, абмеркаваў з ім сваё жыццё і жыццё Сяргея. Новікаў падзяліўся з Ціханоўскім, што вырашылі з жонкай вырашыць пасля выбараў, заставацца або з'язджаць. Таму ён абсалютна не згодны, што ў той дзень паміж ім і Ціханоўскім адбылася нейкая змова. Ён таксама нічога не чуў пра праграмы Ціханоўскага і Статкевіча, хоць не выключае, што мог ненаўмысна скідваць спасылку на іх.

"На той момант ні "Краіна для жыцця", ні "Беларусь 12stop" не былі экстрэмісцкімі — для мяне гэтага было дастаткова, — адзначыў палітвязень. — Калі б прагучала, што гэта забароненыя каналы, мяне б там не было. Мой профіль быў адкрытым, публічным. Я не адношу сябе да апазіцыянераў: я чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, з абвостраным пачуццём спраўдлівасці, які мае досвед, які дазваляе рабіць свае высновы".

На наступны дзень Ціханоўскі і Новікаў сустрэліся ў Варапаева-роднай вёсцы Новікава. Сустрэча была неагаворанай: Новікаў ведаў, што Ціханоўскі плануе здымаць там ролік, яму было цікава, як гэта робіцца і па дарозе ён заехаў туды. Калі Ціханоўскі даведаўся, што гэта малая радзіма Андрэя, ён папрасіў расказаць на камеру свае ўражанні пасля вяртання сюды. Новікаў падкрэсліў, што інтэрв'ю было спантанным і няўзгодненым.

25 траўня ў вёсцы Стары Двор Андрэй Новікаў таксама меў зносіны са сведкам Бугаевым, каб зразумець, ці можа ён забяспечыць парадак падчас збору подпісаў, якія праводзіліся на Пастаўшчыне. Там, паводле яго слоў, яго назойліва спрабавалі ўцягнуць у абмеркаванне, Што рабіць на выбарах, — ініцыятыва зыходзіла менавіта ад Бугаева, на што ён адказваў, што не пойдзе на іх, таму што з'яўляецца грамадзянінам Расіі. Сустрэча таксама была спантаннай, пікетаванне падчас яе не праводзілася.

Андрэй Новікаў прызнаў факт удзелу ў трох мерапрыемствах па зборы подпісаў: у Варапаеве, Паставах і Глыбокім. Ён асабіста ўдзельнічаў у іх, а таксама размяшчаў інфармацыю пра іх у телеграм-чаце "Пастаўшчына для жыцця". Як валанцёр ён сачыў за бяспекай падчас мерапрыемстваў: напрыклад, прасіў людзей заставацца на тратуары, каб яны не парушалі грамадскі парадак, а таксама меў кантакты супрацоўнікаў РАУС, каб у любы момант дапамагчы ім скаардынавацца. Ніякіх лозунгаў падчас гэтых мерапрыемстваў не выкрыквалася. Палітвязень не можа адназначна сказаць, ці размяшчаў рэпосты-аб'явы з нагоды мерапрыемстваў у Мінску, Магілёве, Гродне і Докшыцах.

"Мне трэба было быць побач з сям'ёй"

Паводле 371 КК Андрэй Новікаў цалкам прызнаў віну.

"У лістападзе я даведаўся, што арышт адменены, — распавёў палітвязень. — Я не паспеў выйсці з СІЗА, як мяне завялі ў кабінет, забралі ўсе дакументы па справе, па якой я там знаходзіўся, асабістую перапіску, храналогію запісаў аб тым, што адбываецца, якую я вёў. Мяне пасадзілі ў машыну і павезлі. На мяжы мне паставілі на каленцы штамп у пашпарт, папярэдзілі аб адказнасці за парушэнне тэрміну змяшчэння. Я так зразумеў, на мяжы быў супрацоўнік ГУБАЗіК, кіроўца і супрацоўнік міграцыйнай службы. Яны сказалі мне стаць каля шыльды "Расія", сфатаграфавацца з адкрытым пашпартам, а потым селі ў машыну і з'ехалі. На маё пытанне, дзе мае дакументы і лісты, мяне спыталі, не ці мала мне праблем.

Я разумеў, што мне забаронена з'яўляцца быць у Беларусі 10 гадоў. Я не адмаўляю, што парушаў гэта, таму што мне трэба было быць побач з сям'ёй".


Андрэй Новікаў — грамадзянін Расійскай Федэрацыі, валанцёр ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Нарадзіўся ў беларускім Варапаева, пасля школы з'ехаў вучыцца ў Расею. Жыў на Далёкім Усходзе, служыў у міліцыі, мае званне падпалкоўніка ў адстаўцы. Двойчы ўдзельнічаў у вайсковых апэрацыях на тэрыторыі Чачні. Жанаты, мае трох дачок, адна з якіх — дзяўчына з інваліднасцю. 

Яго затрымалі 6 чэрвеня 2020 года ў вёсцы Прусы Паўстаўскага раёна Віцебскай вобласці за ўдзел у пікеце па зборы подпісаў, які прыраўнялі да несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Спачатку яго адвезлі ў Паставы, каб скласці пратакол па арт. 23.34 КаАП, а затым стала вядома, што яго перавезлі ў Мінск у ІЧУ на вул. Акрэсціна, а пасля ў СІЗА-1. 

12 чэрвеня яму прад'явілі абвінавачванне па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. 26 лістапада Андрэя Новікава наўпрост вывезлі на мяжу з Расіяй, паставілі штамп аб забароне ўезду на тэрыторыю Беларусі на 10 год. У Беларусі ў него засталіся жонка і двое дзяцей. Андрэй Новікаў быў ізноў затрыманы 13 красавіка ў Паставах, куды таемна прыехаў наведаць жонку і дзяцей. Новікаву таксама інкрымінуюць арт. 371 КК РБ.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства