19-гадовага мінчука асудзілі на 4 гады калоніі за ўдзел у пратэстах пасля выбараў. Да суда ён быў на волі

2021 2021-07-20T17:11:58+0300 2021-07-20T17:45:30+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/gontovoi_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска 20 ліпеня да чатырох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму асудзілі 19-гадовага мінчука Ігара Гантавога. За ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту 9-11 жніўня ў Мінску яго абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках) і ч. 1 арт. 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). "Мінсктранс" налічыў у агульнай суме амаль 28 тысяч рублёў шкоды з-за прастою транспарту ў тыя дні. Справу разглядала суддзя Вольга Няборская, дзяржабвінавачанне падтрымлівала Ульяна Рудніцкая. Ігар да суда быў на волі пад паручальніцтвам сваякоў, але 20 ліпеня яго ўзялі пад варту ў зале суда пасля абвяшчэння прысуду.

Ігар Гантавы
Ігар Гантавы

Па версіі абвінавачвання, Гантавы ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў Мінску 9-11 жніўня. "Мінсктранс" налічыў суму шкоды з-за прастою грамадскага транспарту ў гэтыя дні ў памеры 27 тысяч 958 рублёў 50 капеек. 

Паводле версіі абвінавачвання, Ігар Гантавы ў ноч з 9 жніўня на 10 жніўня на праспектах Пераможцаў, Машэрава, Незалежнасці ў Мінску, рухаўся па праезнай частцы, у мэтах выканання публічных заклікаў ва ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, размешчаных у тэлеграм-каналах. У групе з нявызначанымі асобамі ён рухаўся па праезнай часткі, быў у першых шэрагах, выкрыкваў лозунгі. Гантавы "з мэтай выказвання сваіх грамадска-палітычных настрояў прыняў актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак". За гэта яго абвінавацілі па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Таксама Ігара Гантавога абвінавацілі па ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках) па падзеях 11 жніўня на «Пушкінскай». Па версіі абвінавачвання, яго віна заключаецца ў тым, што ён рухаўся па праезнай частцы па вуліцы Прытыцкага, выкрыкваў лозунгі, гучна пляскаў у ладкі. Аднак, па словах Ігара, у гэты час ён падпрацоўваў кур'ерам і проста быў на замовах.

Увечары 13 жніўня Ігара Гантавога затрымалі на Раманаўскай Слабадзе, калі ён з сябрам стаяў на прыпынку. Пры затрыманні ў яго былі пры сабе пальчаткі, складаны нож, маска і іншыя неўстаноўленыя прадметы. Экспертыза прызнала знойдзены ножык у Ігара халоднай зброяй. Як заявіла на судзе дзяржабвінаваўца, складаны нож варта расцэньваць як прыладу злачынства, якое ён не давёў да канца з-за затрымання. Хоць Ігар, як ён сцвярджаў на судзе, узяў яго, каб рэзаць скрынкі на замовах. Пры ператрусе дома ў Ігара нічога не знайшлі. Следства расцаніла знойдзеныя прадметы як падрыхтоўку Гантавога да ўдзелу ў масавых беспарадках у Мінску. 

Віну Ігар Гантавы па ч. 1 арт. 342 КК прызнаў цалкам, а паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК — не прызнаў.

"Калі ў тры гадзіны ночы ў камеры зверху пачынаюць збіваць людзей — гэта страшна"

У апошнім слове сказаў Ігар:

"Высокі суд, я прызнаю сваю віну па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса, у тым, што я сапраўды выйшаў на праспект Машэрава на праезную частку і прайшоў літаральна 100-150 метраў, не больш. Але ў мяне не было ніякага злачыннага намеру. Я не збіраўся нічога крышыць, граміць, падпальваць. Я не збіраўся аказваць ўзброены супраціў.

Я згодны з тым, што я быў на "Пушкінскай" 10 і 11 жніўня. Так, я стаяў на паркоўцы каля кінатэатра "Аўрора". Але я проста сачыў за тым, што адбываецца. Я не падыходзіў, нічога не разбураў, не граміў, нікога не біў, маёмасць нічыю не ламаў. Я не трымаў "Пушкінскую" да пяці раніцы, не лавіў пяць куль. Для мяне гэта быў проста дзіцячы лепет, каб здацца круцейшым у вачах сябра Арсеня, таму што да гэтага я ведаў яго толькі некалькі месяцаў.

За тыя трое сутак, якія я правёў пад вартай на Акрэсціна... Не, мяне там не білі. Але калі ў тры гадзіны ночы ў камеры зверху пачынаюць збіваць людзей — гэта страшна. У СІЗА [там правёў шэсць дзён] ставіліся добразычліва. Мяне ніхто не прыніжаў, ціск не аказвалі. За гэты амаль год я шмат чаго ўсвядоміў. Так, я раскайваюся па ч. 1 арт. 342 КК, па артыкуле 293 КК — дакладна не. Я не рабіў нічога, што прадугледжана гэтым артыкулам. У мяне не было ніякага злачыннага намеру. Я не здзяйсняў ніякіх злачынных дзеянняў. Я толькі пазней даведаўся, што выхад на мітынгі, нават побач стаяць і глядзець — таксама незаконна. Я лічу, што чатыры гады — занадта строга для мяне. Я прашу вас строга не караць".

Старэйшая памочніца пракурора Кастрычніцкага раёна Мінска Ульяна Рудніцкая папрасіла суд пакараць Гантавога паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса на  чатыры гады пазбаўлення волі. Менавіта такое пакаранне і прызначыла суддзя Вольга Няборская.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства