Затрыманні і ператрусы ў Беларусі 20 ліпеня Дапоўнена

2021 2021-07-20T21:44:00+0300 2021-07-20T22:21:21+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/gubarevich_90.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне 20 ліпеня. Людзей працягваюць затрымліваць па крымінальных справах, праводзіць вобшукі і ўжываць іншыя формы ціску на грамадзянаў. 

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію у тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Мінск 

Затрыманне Стасі Губарэвіч
Затрыманне Стасі Губарэвіч

Сёння раніцай сілавікі прыйшлі з ператрусам на месца прапіскі лідара руху "За Свабоду" Юрася Губарэвіча. У выніку затрымалі яго былую жонку Стасю Губарэвіч.

"Раніцай быў ператрус па адрасе, дзе я прапісаны. Пяцёра невядомых звезлі з сабой Стасю Губарэвіч", — паведаміў палітык.

Як расказаў пазней Юрась Губарэвіч агенцтву БелаПАН, пры вобшуку прысутнічала адна зь яго дачок. З сабой невядомыя забралі скрынку з рэчамі. Сам палітык у дадзены момант на волі.

Дапоўнена. Былая жонка Юрыя Губарэвіча Стася на волі. Яе аштрафавалі на 2030 рублёў за сцяг, які знайшлі падчас ператрусу. Сілавікі сказалі, што заўтра прыйдуць апісваць маёмасць – па якой справе, невядома.

Сілавікі ўжо прыходзілі па месцы прапіскі Юрася Губарэвіча 14 ліпеня. Аднак у той раз з'ехалі да таго, як прыехала дадому дачка.


Як паведамляе "Еўрарадыё", сілавікі праводзяць зачыстку вялікага мінскага дома па адрасе: праспект Дзяржынскага, 119. Яны грукаюцца ў кватэры да тых, хто раней быў затрыманы па "пратэставых" артыкулах. Як пішуць у мясцовым чаце, сілавікі праглядаюць тэлефоны і іншую тэхніку, аглядаюць рэчы. Паралельна ёсць інфармацыя пра такія ж "візіты" да жыхароў Уручча на іншым краі Мінска.


Следства адмовілася змяніць меру ўтрымання ў адносінах лідэра Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Паводле адваката палітыка, на якога спасылаецца «Наша ніва», падабаронны адчувае сябе кепска. Не так даўно яго перавялі ў турэмны шпіталь у СІЗА № 1 Мінску, бо ўзніклі праблемы з сэрцам.


Працягнулі тэрмін утрымання пад вартай да 6 жніўня палітзняволенаму 20-гадоваму грамадзяніну Расіі Ягору Дуднікаву. Ягонага адваката Антона Гашынскага днямі пазбавілі ліцэнзіі. 


Улады замарозілі аперацыі па рахунку Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Сёння стала вядома, што з дня ператрусу ў офісе журналісцкай арганізацыі, па рашэнні Цэнтральнага апарата Следчага камітэта абмежаваныя ўсе аперацыі па рахунку БАЖ. Прычым, замарожаныя не толькі плацяжы, але і папаўненне рахунку.

Нагадаем, што 14 ліпеня ў офісе БАЖ прайшоў ператрус, на які прадстаўнікоў арганізацыі нават не выклікалі. Сілавікі выламалі дзверы, правялі ператрус і апячаталі офіс. Мы зноў не маем доступу да пячаткі і статутных дакументаў арганізацыі.

Усяго за апошнія дні ў прадстаўнікоў медыя і ў рэдакцыях прайшлі 66 ператрусаў. Цэлая хваля ператрусаў прайшла таксама ў шэрагу НДА і праваабаронцаў.


Затрыманыя гісторык і навуковец Андрусь Мастыка і яго жонка Таццяна Мастыка, якая ў мінулым узначальвала грамадскае аб’яднанне “Гісторыка”, піша By_Culture. Учора да іх з вобшукам прыйшлі супрацоўнікі КДБ.Што шукалі і па якой справе невядома. На вобшук у кватэру адваката не пусцілі. Па апошняй інфармацыі, Таццяна цяпер знаходзіцца ў цэнтральным апараце КДБ, яе статус невядомы. Месцазнаходжанне Андруся пакуль невядома.


Затрыманы музыка Максім Субач, удзельнік гуртоў TonqiXod і Subtonans, піша By_Culture.


Зняволеных журналістаў Свабоды Груздзіловіча і Дашчынскага затрымалі на 10 дзён.

Супрацоўнік мінскага ізалятара на завулку Акрэсціна паведаміў родным, што журналісты Свабоды Алег Груздзіловіч і Алесь Дашчынскі, якіх летась пазбавілі акрэдытацыі МЗС, затрыманыя на 10 дзён. Інфармацыі пра іншую зняволеную журналістку Іну Студзінскую няма.


Паўла Вінаградава не выпусцяць на волю пасля 15 содняў арышту. Яму накінулі зверху па тым жа артыкуле яшчэ 30 содняў. Таксама праводзіцца праверка на наяўнасць прыкметаў крымінальнага злачынства ў тым самым пасце Вінаградава ў Facebook, за які ён быў затрыманы.


У "Цэнтры экалагічных рашэнняў" сёння прайшоў ператрус, піша @onlinerby. У супрацоўнікаў канфіскавалі тэхніку. Іншых падрабязнасцяў пакуль няма.


Палітзняволеная журналістка Іна Студзінская абвясціла галадоўку. Пра гэта Свабодзе паведаміла знаёмая Студзінскай, якая атрымала інфармацыю ад яе сукамэрніцы. Дадаткова спраўдзіць гэтую інфармацыю пакуль не атрымалася.

Іне Студзінскай 64 гады. Яе, Алега Груздзіловіча і Алеся Дашчынскага, якія шмат гадоў працавалі на Радыё Свабода, затрымалі 16 ліпеня. Сваякам і калегам дагэтуль невядома, у чым абвінавачваюць журналістаў.


Сёння ў сядзібе ўніверсітэту імя Ніла Гілевіча адбыўся ператрус.

Паведамляюць, што забралі некаторыя кнігі з бібліятэкі. Памяшканне цяпер апячатана, піша @belsat.


Паведамляецца пра ператрусы ў:

  • Аляксандра Аўсіевіча; 
  • Таццяны Доўгайла.

І затрыманнях:

  • Дзмітрыя Аргея;
  • Аксаны Станкевіч;
  • 24-гадовага Мікіты Адашчыка (выпусцілі);
  • Валянціна Рачкоўскага.

Ліда

Як паведамляюць лідчане ў мясцовых чатах, у РАУС выклікаюць тых, хто раней прыцягваўся да адказанасці па арт. 23.34 КаАП, каб узяць адбіткі пальцаў і сліну (для ДНК). 

Пінск

Пра суд над сабой рэдакцыя "Медыя-Палесся" даведалася за гадзіну да пачатку працэсу, піша "БАЖ". На электронную пошту сайта 16 ліпеня ў 13.19 прыйшло паведамленне аб тым, што ў судовым пасяджэнні суда Лунінецкага раёна адбудзецца слуханне паводле арт. 23.5 КаАП у дачыненні да ТАА "МП Компані". Яно прызначанае на 14 гадзін 30 хвілін гэтага дня. 

"Нам у чарговы раз абвінавачваюць у парушэнні заканадаўства аб СМІ. А дакладней — частка 4 артыкула 23.5: "Распаўсюд сродкам масавай інфармацыі інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена ў сродках масавай інфармацыі ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі...", — распавядае галоўная рэдактарка Святлана Гарда

Адміністрацыйны працэс быў пачаты з-за публікацыі на «Медыя-Палессе» аб удзельніках «пінскай справы».

Ці адбыўся працэс і было вынесена рашэнне ў рэдакцыі не ведаюць. Нагадаем, уся тэхніка з офіса і ў супрацоўнікаў "Медыя-Палесся": жорсткія дыскі, фотаапараты, ноўтбукі падчас ператрусаў былі канфіскаваныя.

Гомель

Як піша "Еўрарадыё", гомельскія мясцовыя ўлады вырашылі ліквідаваць юрасобу, якой належыць сайт "Сильные новости". Пра гэта паведаміў стваральнік праекту Пётр Кузняцоў.

"Организация действовала с 2013 года, там было два десятка только штатных рабочих мест, все налоги платились исправно (…), вся деятельность была исключительно уставной. Видимо, поэтому в постановлении исполкома конкретно не указано ни одного основания".

Адначасова падатковыя інспекцыя ладзяць адразу дзве праверкі ў дачыненні да арганізацыі. І на гэтым не ўсё: ён як фізасоба мусіць заплаціць дадатковы падатак у 40 тыс рублёў.

"Если коротко, по версии инспекции я должен заплатить эти налоги за те деньги, которыми сам пополнял свои же карточки – что ни при какой трактовке не является получением дохода, а является лишь, условно говоря, перекладыванием денег из одного кармана в другой".

Тым часам, як тлумачыць Кузняцоў, сайт медыя не працуе праз тэхнічныя пытанні: нехта сапсаваў коды. Цяпер праблему вырашаюць. Ён абяцае, што медыя працягне працу.

Інфармацыя будзе дапаўняцца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства