Libereco заклікае да больш жорсткіх захадаў супраць рэжыму Лукашэнкі

2021 2021-07-19T12:09:43+0300 2021-07-19T13:07:46+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/libereco_logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя Libereco - Partnership for Human Rights апублікавала заяву, у якой заклікае еўрапейскія краіны прыняць больш жорсткія меры супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

“Стала відавочна, што тых рэакцый, якія ўжо былі зробленыя, недастаткова для спынення дзяржаўнага тэрору супраць беларускага народа”, — гаворыцца ў заяве. — “У апошнія тыдні былі ліквідаваны апошнія крытычныя галасы. Рэжым раздушыў рэшткі беларускіх незалежных медыя і зняволіў дзясяткі супрацоўнікаў СМІ. Улады таксама здзейснілі атакі на офісы шматлікіх праваабарончых арганізацый, правялі ператрусы ў дамах і затрымалі шматлікіх праваабаронцаў – у тым ліку Алеся Бяляцкага, лаўрэата Альтэрнатыўнай Нобелеўскай прэміі 2020 года”.

Libereco нагадвае, што за апошні год у Беларусі былі затрыманыя больш за 40 000 чалавек. У цяперашні час па палітычных матывах па ўсёй краіне ў турме знаходзяцца як мінімум 1 500 чалавек, а больш за 500 ужо прызнаныя палітычнымі зняволенымі. Многія зняволеныя сталі ахвярамі катаванняў, на ўсіх іх аказвалі моцны псіхалагічны ціск.

У дадатак да санкцый, якія ўжо былі ўведзеныя шматлікімі краінамі, Libereco заклікае ўсе дэмакратычныя ўрады зрабіць далейшыя захады супраць беларускага рэжыму. У прыватнасці, праваабаронцы прапануюць выключыць беларускія банкі з міжнароднай плацежнай сістэмы SWIFT, забараніць гандаль беларускімі дзяржаўнымі аблігацыямі, выслаць усіх беларускіх паслоў і адклікаць усіх амбасадараў з Беларусі. Акрамя таго, Libereco заклікае забараніць выкарыстанне чырвона-зялёнага беларускага сцяга, бо ён з'яўляецца сімвалам тэрарыстычнага рэжыму Лукашэнкі.

“Дзяржаўныя забойствы, смерць пры падазроных абставінах, спробы самагубства і галадоўкі палітвязняў, якія доўжацца некалькі тыдняў, — усё гэта адбываецца ў самым цэнтры Еўропы. Беларускі рэжым на нашых вачах здзяйсняе злачынствы супраць чалавечнасці і тэрарызуе ўласнае насельніцтва. Калі мы не спынім гэтыя жахлівыя злачынствы, мы будзем іх саўдзельнікамі! Еўрапейскія дзяржавы і сусветная супольнасць мусіць тэрмінова ўвесці жорсткія санкцыйныя меры супраць рэжыму беларускага тэрору, а таксама супраць Расіі, калі яна будзе працягваць падтрымліваць злачынны рэжым Лукашэнкі. Еўропа павінна спыніць беларускі рэжым тэрору”, — патрабуе Ларс Бюнгер, прэзідэнт швейцарскага аддзялення Libereco.

Cтаршыня нямецкай секцыі Libereco Марка Фібер падкрэслівае:

“Нават апошнія санкцыі, уведзеныя толькі пасля ўгону самалёта, не спынілі беларускага дыктатара. Наадварот, рэпрэсіі працягваюцца няспынна і нават узмацняюцца. Апошнія некалькі дзён паказалі, што Лукашэнка не цураецца знішчаць нават самых апошніх сваіх крытыкаў. Еўропа не павінна сядзець склаўшы рукі, пакуль зусім блізка невінаватыя людзі штодня трапляюць за краты. Такім чынам, кошт парушэння правоў чалавека Лукашэнкі павінен быць як мага вышэйшы для рэжыму і не быць пры гэтым крыніцай пакутаў для грамадзянаў”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства