З ператрусамі прыйшлі да праваабаронцаў "Вясны": наступ на НДА ў Беларусі працягваецца Дапоўнена

2021 2021-07-14T16:00:00+0300 2021-07-19T17:58:44+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/labkovich_stefanocvih.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

14 ліпеня працягваецца пераслед людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю: раніцай сілавікі прыйшлі да праваабаронцаў "Вясны", БХК, Lawtrend ды актывістаў недзяржаўных арганізацый, партый і рухаў па ўсёй краіне.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію у тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Пераслед вясноўцаў у Мінску

А сёмай гадзіны раніцы сілавікі прыйшлі з ператрусам да юрыста Уладзіміра Лабковіча. Падрабязнасцяў ператрусу пакуль няма, сам Лабковіч паспеў толькі паведаміць пра гэта ў фэйсбуку.

Пасля ператрусу Уладзіміра разам з жонкай Нінай павезлі ў ДФР. Каля 14:30 Уладзіміра і Ніну Лабковічаў павезлі на допыт у Следчы камітэт. Ніна з'яўляецца выканаўчай дырэктаркай аб'яднання інвестараў Angels Band. У іх трое непаўнагадовых дзяцей.

labkovichy.jpg
Ніна і Уладзімір Лабковічы

Дапоўнена: Уладзімір і Ніна Лабковічы затрыманыя на 72 гадзіны.


Таксама з ператрусам прыйшлі да Сябры Рады «Вясны» Валянціна Стэфановіча. Як паведаміла жонка Валянціна Аліна, ператрус у іх скончыўся ў 10:30. Забралі ўсю тэхніку. Валянціна Стэфановіча сілавікі забралі з сабой. 

Валянцін Стэфановіч. Фота: TUT.BY

Як стала вядома, з ператрусам да праваабаронцы "Вясны" Валянціна Стэфановіча прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследванняў. У пастанове на ператрус значылася два артыкулы Крымінальнага кодэкса: 342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў). Верагодна, іншыя праваабаронцы, да якіх сёння прыйшлі з ператрусам, праходзяць па гэтых жа артыкулах.

Сястры Валянціна Стэфановіча паведамілі, што намесніка старшыні «Вясны» павезлі на допыт у СК і затрымліваюць на 72 гадзіны.


У Мінску затрымалі журналіста і праваабаронцу Сяргея Сыса. У яго таксама дома адбыўся ператрус. Падрабязнасці пакуль невядомыя. 

Дапоўнена: Сяргей Сыс затрыманы на 72 гадзіны.

Журналіст Сяргей Сыс
Журналіст Сяргей Сыс

З ранку адсутнічала сувязь са старшынём Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесем Бяляцкім. У 18:00 стала вядома, што Алесь Бяляцкі затрыманы. Справу вядзе Цэнтральны апарат Следчага камітэту. 

Падрабязнасці высвятляюцца.

Алесь Бяляцкі. Фота: Радыё Свабода.
Алесь Бяляцкі. Фота: Радыё Свабода.

Таксама ператрус адбыўся ў праваабаронцы, каардынатара кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" Андрэя Палуды. Яго затрымалі. Цяпер яго вязуць на пляцоўку "Тэрыторыя правоў", там будзе ператрус. 

Дапоўнена: Андрэй Палуда затрыманы на 72 гадзіны ў межах крымінальнай справы. Пасля допыта яго перавялі ў ізалятар на Акрэсціна.

Праваабаронца Андрэй Палуда
Праваабаронца Андрэй Палуда

У Мінску затрыманая праваабаронца Яўгенія Бабаева. Яе павезлі ў Следчы камітэт.

Дапоўнена: Яўгенія Бабаева затрыманая на 72 гадзіны ў межах крымінальнай справы. 

babatva_zhenia.jpg
Яўгенія Бабаева

Сёння ў 7:30 раніцы прайшоў ператрус у праваабаронцы "Вясны" Алены Лапцёнак. У пастанове на ператрус значылася тры артыкула КК: ч.1, 2 арт. 342 і ч. 2 арт. 243. Алену павезлі ў Следчы камітэт. Невядома, у якім яна статусе.

Дапоўнена: Алена Лапцёнак затрыманая ў межах крымінальнай справы на 72 гадзіны.

Каардынатарка серыі

У адным з мінскіх офісаў «Вясны» на вуліцы Мяржынскага адбываецца ператрус, ламалі дзверы.

«Судя по всему, ломают двери в офисе Весны на Мержинского. 4 человека, без характерного транспорта, в штатском. Слышны удары по металлу», – паведамляюць відавочцы.

"Святло ўключанае, на вуліцы з вокнаў чутны шоргат паліэтылену. На супрацьлеглым баку ад дома стаіць чорная шкода з нумарам 0471, у ёй сядзіць або стаіць каля машыны мужчына спартыўнага целаскладу", – пішуць пра ператрус у "Вясне".

Пераслед праваабаронцаў і актывістаў у Мінску

Раніцай сілавікі з ператрусам прыйшлі да дырэктаркі Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend Вольгі Смалянка. У фэйсбуке яна паведаміла, што ператрус таксама будзе адбывацца ў офісе праваабарончай арганізацыі.

Па стане на 17:40 страніца ў фэйсбуку Вольгі стала недаступнай: "Гэты кантэнт зараз недаступны. Магчыма, уладальнік выдаліў кантэнт або абмежаваў доступ да яго". Невядома, ці адпусцілі яе пасля ператрусаў дома і офісе.

Дырэктарка Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend) Вольга Смалянка. Фота: spring96.org
Дырэктарка Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend) Вольга Смалянка. Фота: spring96.org

Дапоўнена: пасля вобшукаў праваабаронца Вольга Смалянка дома.


У офісе Беларускага Хэльсінскага камітэту таксама ламаюць дзверы. Пра гэта напісаў у сваім Facebook старшыня праваабарончай арганізацыі Алег Гулак.


Сілавікі прыйшлі і да “Руху “За свабоду!". Таксама супрацоўнікі ДФР прыйшлі ў офіс "Имена".

“Добрая навіна — СК прызнаў "Рух" праваабарончай арганізацыяй. Дрэнная — яны стаяць пад нашым офісам на Кульман”, напісаў кіраўнік арганізацыі Юрась Губарэвіч на сваёй старонцы ў Facebook.

Дапоўнена: стала вядома, што адбыўся вобшук у намесніка старшыні Руху "За Свабоду" Віктара Янчурэвіча. Канфіскавалі тэхніку, сцягі і паперы. Ён сам на волі.


​​Раніцай у офіс "Имён" прыйшлі сілавікі, якія прадставіліся супрацоўнікамі фінансавай міліцыі, піша само выданне. Паводле папярэдняй інфармацыі, у офісе прайшоў ператрус, на які не пусцілі адваката. У офісе знаходзіліся дырэктарка "Имён" Кацярына Сяргеева і бухгалтарка Таццяна Аднавол. Таццяна зараз на волі, дома. Яна пад падпіскай аб неразгалошванні. Офіс "Имён" апячатаны. Ператрус плануецца ці ўжо праходзіць у кватэры Кацярыны Сяргеевай.

Заснавальніца "Имён" Кацярына Сінюк на сваёй старонцы ў Facebook у 19.30 паведаміла, што дома ў яе скончыўся ператрус.

"Я пад падпіскай, на волі. Адваката пусцілі. А з офіса канфіскавалі ўсе дакументы. Дарэчы, нядаўна мы скончылі аўдыт. Так што ў мяне няма сумневаў, што з дакументамі ў нас усё ў парадку".


Стала вядома, што дзверы ў офіс БАЖ выламаныя. Там сілавікі. Пра гэта паведамляе сам "БАЖ".


Ператрус праходзіць на офісе Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», піша "Наша Ніва".


У грамадскіх дзеячаў Тамары Мацкевіч (Таварыства беларускай школы) і Сяргея Мацкевіча (Цэнтр Супольнасць) адбываецца вобшук. Сілавікі прыехалі да іх у вёску, дзе яны адпачывалі. Пасля ператрусу ў доме ў вёсцы Тамару адпусцілі на волю, а Сяргея павезлі на кватэру на ператрус. 

Яны таксама праходзяць па крымінальнай справе па ч.1 і 2 арт. 342 і ч.2 арт. 243 КК (№21128310008). 

Дапоўнена: Сяргея Мацкевіча пасля двух вобшукаў і допыта павезлі ў ізалятар на Акрэсціна. Ён таксама затрыманы на 72 гадзіны ў межах крымінальнай справы.


Сілавікі прыйшлі ў Цэнтр эканамічных даследаванняў BEROC, піша "Наша Ніва".


Па стане на 12 гадзін сілавікі ламаюць дзверы у офіс БНФ.


Сілавікі прыйшлі таксама ў офісе праваабарончай арганізацыі "Гендарныя перспектывы".


У эканаміста Яраслава Раманчука таксама ператрус.


Таксама ператрус адбыўся ў арганізацыі Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацыі. Пра гэта напісала ў Facebook дырэктарка арганізацыі Святлана Зінкевіч.


Адбываюцца вобшукі ў сяброў грамадскага аб’яднання “Фонд імя Льва Сапегі”. Гэты фонд займаўся развіццём мясцовага самакіравання ў Беларусі.


Таксама ператрус адбыўся ў офісе "Саюза беларускіх пісьменнікаў". Ператрус у офісе ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” скончыўся каля 15 гадзін. Офіс апячатаны, канфіскаваная тэхніка. Барыс Пятровіч і Сюзанна Паўкштэла на свабодзе пад падпіскай аб неразгалошванні.

Прайшоў ператрус у кватэры старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыса Пятровіча. З яго ўзята падпіска аб нявыездзе.


Сёння раніцай у Мінску прыйшлі з ператрусам і затрымалі за "тэрарызм" мінчука Аляксандра Харытона. З 9.00 стаялі на лесвічнай пляцоўцы "касманаўты" (супрацоўнікі АМАПу) у чорным.


Ператрус адбываецца ў палітыка Анатоля Лябедзькі. З-за гэтага ў Магілёве адмянілі публічную дыскусію пра новую Канстытуцыю, у якой ён мусіў сёння прымаць удзел.

Анатоль Лябедзька. Фота БелаПАН
Анатоль Лябедзька. Фота БелаПАН

Таксама быў ператрус ў старшыні праўлення адукацыйнага цэнтра ПОСТ Сафіі Емельянавай. У яе, акрамя кампутара і тэлефона, забралі зборнік апавяданняў выдавецтва НН: "Жанчыны выходзяць з-пад кантролю".


Як піша "Белсат", ГУБАЗіК прыходзіў у офіс лабараторыі «Новак». Гэта найстарэйшая прыватная арганізацыя ў Беларусі, якая спецыялізуецца на вывучэнні грамадскай думкі і даследаваннях маркетынгу і медыя. Сілавікі правялі ў офісе ператрус і забралі тэхніку.

"Вобшук, канфіскацыя тэхнікі, дакументаў і кніг. Падпіска аб неразгалошанні - але там няма ніякай таямніцы апроч прозвішчаў следчых. Калі што - ня бойцеся. Усё будзе добра. Дзень прыйдзе новы", - напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку Віталь Каратыш.

Паведамляецца, што ператрус праходзіць у офісе "Аб'яднанай грамадзянскай партыі" па вуліцы Веры Харужай, 22. На вуліцы стаіць бус, у будынак зайшлі сілавікі ў масках. Вядома, што з ператрусам прыйшлі да сябры АГП Вольгі Беляўцавай у Бараўлянах.


Стала вядома, што КДБ затрымаў Аляксандра Руткевіча і Арыну Каршунову. 

Дапоўнена: З імі імаверна былі затрыманыя Алесь Міноў і Яўгенія Субот (дачка Ганны Севярынец).

Дапоўнена: Яўгенію Субот, Аляксандра Руткевіча і Арыну Каршунову адпусцілі з КДБ, ноччу адпусцілі і Алеся Мінова.

rutkevich_karshynova.jpg
Аляксандр Руткевіч і Арына Каршунова

Дырэктарка SYMPA/BIPART Наталля Рабава напісала ў сваім Facebook, што яе кватэра апячатаная сілавікамі.


Стала вядома, што ў кватэры старшыні Кацярыны Максіменка і намесніка старшыні моладзевай арганізацыі «Новые лица» прайшоў ператрус.

У іх забралі статут арганізацыі, яшчэ нейкія дакументы, чэкі за старыя пераводы не звязаныя з арганізацыяй, скапіявалі інфармацыю з камп'ютара.

"Было тры чалавекі ў цывільным, прывялі разам з сабою двух панятых у медычных масках. Адзін быў без яе. Склалі пратакол, што забралі дакументы і дзве сінія тэчкі".

Самой Кацярыны дома пад час вобшуку не было. У пастанове на вобшук кватэры старшыні арганізацыі ўзгадваліся артыкулы 209 ("Махлярства") і 210 ("Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі") Крымінальнага кодэкса.


Таксама "Вясне" паведамілі, што сілавікі прыходзілі з вобшукам у некамерцыйную ўстанову “Офіс дапамогі і падтрымкі занятасці моладзі “ЮларКансалт”.

Смаргонь

Праваабаронца Алесь Дзергачоў
Праваабаронца Алесь Дзергачоў

Ператрус адбываецца ў смаргонскага праваабаронцы «Вясны» Алеся Дзергачова.

Дапоўнена: Алеся Дзергачова адвезлі ў Гародню на допыт у ДФР, пасля чаго адпусцілі. 

Барысаў

Праваабаронца Алег Мацкевіч. Фота: humanrightshouse.org
Праваабаронца Алег Мацкевіч. Фота: humanrightshouse.org

У Барысаве затрымалі праваабаронцу Алега Мацкевіча, піша EX-PRESS.BY. Па папярэдняй інфармацыі, яго павезлі ў Следчы камітэт у Мінск. Раней Алега Мацкевіча ўжо некалькі разоў выклікалі ў Барысаўскі раённы аддзел СК.

Дапоўнена: Алега Мацкевіча пасля допыту адпусцілі.


Таксама правялі ператрус і затрымалі Марыну Статкевіч. Яна былая сябра "Вясны".

Брэст

У берасцейскага праваабаронцы Кірыла Кафанава з Human Constanta праходзіць ператрус, паведамляе "Медыязона". Ён юрыст, займаецца дапамогай уцекачам у Брэсце і аналітычнай працай. 

У Кірыла правялі ператрус у межах арт. 342 і 293 КК, забралі сістэмны блок кампутара, два ноўтбукі, два тэлефоны, нататнікі і працоўную дамову. Пасля ператрусу і размовы з супрацоўнікамі ГУБАЗіКа, якія яму прапаноўвалі запісаць відэа (ён адмовіўся), яго адпусцілі. Сказалі, каб праваабаронца чакаў выкліку на афіцыйны допыт.

Полацк

У Міколы Шараха, кіраўніка ячэйкі свабоднага прафсаюза з Полацка і сябры Полоцкага праваабарончага таварыствау хаце пачаўся вобшук. Ператрус праводзяць супрацоўнікі Полацкага РАУС у межах узбуджанай 29 сакавіка 2021 года крымінальнай справы па арт. 341 КК "апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці".

Пасля ператрусу трое супрацоўнікаў паехалі з Міколам у яго офіс ўстановы Цэнтр інфармацыйна-прававой падтрымкі сацыяльна неабароненых груп насельніцтва "Адвакацыя" для ператрусу там.

Мікалай Шарах затрыманы на 72 гадзіны і знаходзіцца ў Полацкім РАУС.


Таксама ў Полацку затрымалі паэтку Леру Сом, піша "Белсат". Правялі ператрус, забралі тэхніку і павезлі на допыт у Следчы камітэт у Віцебску. Па якой справе – невядома. Потым яе адпусцілі.

Орша

Ігар Казмерчак. Фота: БАЖ
Ігар Казмерчак. Фота: БАЖ

У Оршы сілавікі забралі і кудысьці павезлі рэдактара мясцовага партала orsha.eu і праваабаронцу Ігара Казмерчака, паведамляецца ў сацсетках выдання. Казмерчака ўжо затрымлівалі 8 ліпеня, тады ў яго дома прайшоў ператрус. Праз трое сутак журналіста выпусцілі з СІЗА.

Як піша "БАЖ", да прадаўца Цудоўнай крамы (сувенірная прадукцыя) у Оршы зараз прыйшла арэндадаўца і сказала, што яе выклікалі ў выканкам і сказалі тэрмінова скасаваць дамову арэнды, уладальнік краіы Ігар Казмерчак ў дадзены момант знаходзіцца ў Віцебску ў следчым камітэце на допыце.

Дапоўнена: пасля допыту Ігар Казмерчак быў вызвалены. 


Стала вядома, што сёння таксама два вобшукі прайшлі ў былога сябры “Вясны” з Оршы Васіля Леўчанкава. Пасля першага вобшука яго вазілі ў Віцебск у Следчы камітэт на допыт, а па вяртанні дамой у Воршу ўвечары ў яго адбыўся другі вобшук.

leuchankau_v.jpg
Васіль Леўчанкаў

Мазыр

Уладзімір Целяпун
Уладзімір Целяпун

З 10 гадзін адсутнічае сувязь з кіраўніком мазырскага аддзялення праваабарончага цэнтра "Вясна" Уладзімірам Целяпуном.

UPD. Праваабаронца Уладзімір Целяпун на волі. Ён паведаміў "Палескай Вясне", што раніцай а 7-й гадзіне ў дзверы ягонага дома нехта грукаў, але потым сышоў.

Пераслед праваабаронцаў у Гродне

Праваабаронца Віктар Сазонаў. Фота: ПЦ
Праваабаронца Віктар Сазонаў. Фота: ПЦ "Вясна"

У 8.15 раніцы супрацоўнікі ДФР прыйшлі з ператрусам да гарадзенскага праваабаронцы Віктара Сазонава. У 9:50 ператрус скончыўся, у выніку якога забралі кампутары і тэлефоны. Самога праваабаронцу сілавікі забралі з сабой: яго статус і месцазнаходжанне цяпер невядомыя.

Дапоўнена: Віктар Сазонаў затрыманы на 72 гадзіны. 


У Гродне ў офісе ГА "Цэнтр "Трэці сектар" сілавікі ўскрылі офіс без прысутнасці сябраў арганізацыі. Ідзе ператрус.


Гомель

У Гомелі на допыт у КДБ забралі хлопца з інваліднасцю, піша Радыё Свабода.

За 26-гадовым Артурам Юсупавым прыйшлі сёння раніцай. Як кажа яго мама Тамара Дасхаева, з выгляду прыстойныя людзі. Сказалі, што сын знаходзіўся ў телеграм-чаце "Атрада грамадзянскай самаабароны" і можа быць датычны да тэракту ў Вілейцы. Бацькі не хацелі аддаваць Артура, пачалі лаяцца. КДБ пагражаў пасадзіць яго на трое сутак.

Пасля допыту Артура адпусцілі.

"Палітычных" адвакатаў пазбавілі ліцэнзій

"Палітычнага" адваката Антона Гашынскага пазбавілі ліцэнзіі. Антон Гашынскі абараняў палітолага Віталя Шклярава, журналіста Андрэя Аляксандрава, айцішнікаў кампаніі PandaDoc, аўтара ютуб-канала "Слуцк для жыцця" Уладзіміра Няронскага, расіяніна Ягора Дуднікава, выкладчыцу БДІУР Вольгу Філатчанкаву, абвінавачануюпа "справе студэнтаў".

Апошнім часам Гашынскі таксама прадстаўляў інтарэсы расіянкі Сафіі Сапегі, затрыманай разам з Раманам Пратасевічам.

Таксама стала вядома, што акрамя Антона Гашынскага кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці спыніла дзеянне ліцэнзій адвакатаў Кацярыны Жалтаногі, Андрэя Мачалава і Валерыя Звягінцава

Высвятляецца сітуацыя з іншымі праваабаронцамі-вясноўцамі. Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства