viasna on patreon

Хваля ператрусаў у Брэсце, прад'яўленне абвінавачванняў валанцёрам фонда СДЖ: хроніка пераследу 13 ліпеня Дапоўнена

2021 2021-07-13T18:25:00+0300 2021-07-14T00:25:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/fond_sdzh.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. Пасля шырокамасштабнай атакі на прадстаўнікоў незалежных СМІ, ператрусаў, допытаў і затрыманняў, якая доўжылася два дні 8 і 9 ліпеня, у аўторак, 13 ліпеня, працягваецца пераслед людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю, высвятляюцца падрабязнасці крымінальных справаў супраць раней затрыманых.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію у тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna
marsh_minsk_06.08.202013.jpg

Ператрус у сям'і брэсцкага праваабаронцы, затрыманні: хроніка пераследу 12 ліпеня

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне.

Жлобін

Як паведамляе "Гомельская Вясна", на стан у 17:47 у Жлобіне адбываецца вобшук у Юрыя Юркова. Ёсць інфармацыя яшчэ пра два вобшукі. Прозвішчы высвятляюцца.

Віцебск

У Віцебску 13 ліпеня адбываецца пераслед былых сябраў ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі. Ператрусы праходзяць у пенсіянерак, якія насілі перадачы ў СІЗА. Усіх затрымана шэсць чалавек:

  • Галіна Цыбульская;
  • Ганна Куліева;
  • Алена Нядвецкая;
  • Таццяна Аўсяннікава;
  • Ірына Старавойтава;
  • і яшчэ адна (прозвішча высвятляецца).

Брэст

Сёння раніцай у Брэсце пракацілася хваля ператрусаў. Іх праводзяць супрацоўнікі КДБ у межах крымінальнай справы па ч. 2 арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму). Людзі, у якіх адбываюцца ператрусы, маюць працэсуальныя статусы сведак. Так, праваабаронцам "Вясны" вядома пра мінімум семь ператрусаў у берасцейцаў сёння а шостай раніцы. Дома ў іх праводзяць ператрусы, потым забіраюць на допыт у якасці сведак, пасля чаго адпускаюць. Вядома, што ператрусы ў некаторых санкцыянаваў пракурор вобласці.

Так, сілавікі прыйшлі да Шчурко — цікавіліся "ОГСБ", Цяліпкі. Пасля ператрусу на допыт у якасці сведкі вазілі Рамана Берасценя, потым яго вызвалілі. Таксама ператрус быў у Андрэя Клімовіча па арт. 289 КК.

У Брэсце раніцай затрымалі Анастасію Мантраву. У яе сёння мусіў быць суд, але а 8 раніцы яе затрымалі.

Раніцай да выдаўца брэсцкага часопіса «Бінокль» Дар'і Гарашчанкі прыйшлі з ператрусам сілавікі. Яе павезлі на апытанне ў Ленінскі РАУС, пазней адпусцілі, але забралі мабільны тэлефон.

Таксама з ператрусам раніцай прыйшлі да брэсцкай фатографкі Вольгі Латышавай.

Да рэдактаркі «Бинокля» Ксеніі Пятровіч таксама прыходзілі з ператрусам. Дома была толькі маці, якая не адчыніла дзверы.

Гомель

Сёння раніцай да бухгалтаркі "Моцных Навін" Ганны Стрэльчанкі прыйшлі супрацоўнікі крымінальнага вышуку. 


Стала вядома, што затрыманы 8 ліпеня гомельскі валанцёр Ілля Міронаў знаходзіцца ў ІЧУ г. Гомеля. Па словах яго адваката, там яго будуць утрымліваць да канца тыдня.

Прад'яўленне абвінавачванняў валанцёрам фонда "Страна для жизни" 

Марына Дуброўская, Антон Сташэўскі, Юлія Сырых
Марына Дуброўская, Антон Сташэўскі, Юлія Сырых

Стала вядома, у чым абвінавачваюць затрыманых 9 ліпеня валанцёраў фонда "Страна для жизни". Нагадаем, у пятніцу падчас "шырокамасштабнай аперацыі КДБ па зачыстцы ад радыкальна настроеных асобаў" затрымалі трох валанцёраў фонда:

  • 37-гадовую Марыну Дуброўскую;
  • 41-гадовага Антона Сташэўскага;
  • 46-гадовую Юлію Сырых.

Таксама разам з імі была затрыманая 44-гадовая валанцёрка Таццяна Астроўская.

12 ліпеня Дуброўскай, Сташэўскаму, Сырых прад'явілі абвінавачванні па арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання). Верагодна, ім інкрымінуюць частку 2 (здзейсненае групай асоб), санкцыя гэтай нормы прадугледжвае да васьмі гадоў пазбаўлення волі.

Усіх чатырох затрыманых па "справе фонда СДЖ" змясцілі пад варту пакуль на два месяцы ў СІЗА-1 на Валадарскага.

Як адзначаюць у Фондзе, валанцёры "фармавалі перадачы для палітвязняў і ніякіх грашовых сродкаў не збіралі".

Магілёў

У рэдакцыю сайта «Магілёўскі рэгіён» прыехала міліцыя, піша "БАЖ". У рэдакцыі правялі агляд. Сілавікі забралі камп'ютары і іншыя носьбіты інфармацыі. Заўтра рэдактара сайта Змітра Салаўёва і ягоную жонку выклікаюць у міліцыю.


Днём 13 ліпеня супрацоўнікі КДБ прыйшлі на працоўнае месца да магілёўца Аляксандра Банькова, піша MAYDAY. Яго адвезлі дадому, дзе зладзілі ператрус, а пасля тры гадзіны пратрымалі ў будынку УКДБ па Магілёўскай вобласці. Як адзначыў Аляксандр, іх цікавіў яго тэлеграм-акаўнт, куды ён практычна не заходзіць апошнія паўгода. Па заканчэнні трох гадзін Банькова адпусцілі.

Мінск

У Мінску затрымалі Аляксандра Каўрыгу і Арцёма Бабок. Прычыны затрымання пакуль невядомая.


Таксама сілавікі пасля ператрусу затрымалі 46-гадовага Андрэя Цуркана. Прычына невядомая. Падчас ператрусу жонку Андрэя папрасілі забраць дзяцей і выйсці. Пасля ператрусу мужчыну даставілі ў Партызанскі РУУС, дзе жонцы сказалі, што ён "затрыманы ў сувязі з непадпарадкаваннем". Андрэй Цуркан два разы прыцягваўся да адказанасці па арт. 23.34 КаАП у 2020 годзе.


Мін'юст праводзіць тэрміновую праверку дзейнасці Саюзу беларускіх пісьменнікаў.Гэта ня першая праверка грамадзкіх арганізацый у Беларусі.


Мінскі праграміст Антон Пажытных быў затрыманы працаўнікамі КДБ 7 ліпеня і на 72 гадзіны змешчаны ў ІЧУ на Акрэсціна. Але пасля трох сутак ён не выйшаў на свабоду, і ягонага цяперашняга статусу сваякі не ведаюць, піша "Белсат".

Пра абставіны затрымання Антона Пажытных распавяла belsat.eu ягоная жонка Дар’я:

«У мінулую сераду мы былі ў краме, а на выхадзе з яе нас каля машыны чакалі працаўнікі КДБ. Сказалі мужу, што маюць пастанову на ператрус нашай кватэры. У пастанове гаворка ішла пра тое, што ёсць падазрэнне, што ў нашай кватэры можа быць нешта, звязанае з крымінальнай справай аб «актах тэрарызму» (арт. 16 і 289 КК).

Яны правялі ператрус, а ўвечары мужа забралі, нібыта на размову ў КДБ. То бок гэта не допыт быў, адваката не выклікалі. Калі Антон з’язджаў, ён яшчэ не меў ніякага працэсуальнага статусу. Ужо пасля 23-й гадзіны муж патэлефанаваў і сказаў, што яго ўсё ж затрымліваюць на трое содняў, бо падазраюць у «акце тэрарызму».


У Мінску затрыманы 30-гадовы шэф-кухар, грамадзянін Расійскай Федэрацыі Віктар Цітоў. Яго даставілі на Акрэсціна. Прычына затрымання пакуль невядомая.

Рэчыца

З ператрусам прыйшлі да прадпрымальніка ў Рэчыцы. Дзянісу Шылянку паказалі пастанову аб ператрусе паводле арт. 289 КК (акт тэрарызму). У траўні ён адбываў 25 содняў арышту за майку з афіцыйным гербам Рэчыцы.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства