viasna on patreon

"Мінсктранс" патрабуе 22 тысячы рублёў у асуджаных пратэстоўцаў за "перакрыццё дарог" у ноч з 10 на 11 жніўня каля "Рыгі"

2021 2021-07-10T09:51:40+0300 2021-07-10T11:23:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vas_vas_ploschad_20200809_012-2.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мінск, Беларусь. Фота: Аляксандр Васюковіч / vot-tak.tv / belsat.eu

Мінск, Беларусь. Фота: Аляксандр Васюковіч / vot-tak.tv / belsat.eu

У мінскіх судах працягваюць разглядаць грамадзянскія пазовы «Мінсктранса» да асуджаных палітзняволеных. У іх патрабуюць кампенсацыю шкоды за «перакрыццё дарог» на пратэстах. На гэтым тыдні судзіліся мінімум з двума асуджанымі пратэстоўцамі: Дзмітрыем Дубковым і Дзянісам Чыкалёвым. Але, як мы і пісалі раней, яшчэ ніводны працэс не скончыўся: абвяшчаюць перапынкі і аб'ядноўваюць справы з іншымі палітвязнямі. «Вясна» распавядае, што вядома пра грамадзянскія працэсы за "перакрыццё дарог" на гэтым тыдні.

Суд з Дзмітрыем Дубковым

Той самы МАЗ. Фота: auto.onliner.by
Той самы МАЗ. Фота: auto.onliner.by

9 ліпеня ў судзе Савецкага раёна Мінска разглядзелі пазоў «Мінсктранса» да палітзняволенага Дзмітрыя Дубкова. Сума пазова да асуджанага на сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму пратэстоўца складае 21 861,69 рублёў за блакаванне дарог у ноч з 10 на 11 жніўня мінулага года.

Дзмітрый Дубкоў — 29-гадовы дальнабойшчык. Яго прызналі вінаватым па ч. 2 арт. 293 (удзел у масавых беспарадках) і ч. 3 арт. 214 (крадзеж транспартнага сродку, учынены з прымяненнем насілля, небяспечнага для жыцця або здароўя, альбо з пагрозай яго прымянення) і асудзілі на сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за тое, што ў ноч з 10 на 11 жніўня на вул. Прытыцкага ён «па папярэдняй дамове з нявызначанымі асобамі ён пранік у кабіну МАЗ, завалодаў транспартным сродкам і запусціў рухавік».

Дзмітрый Дубкоў віну не прызнаў.

Справу разглядае Марыя Ляшкевіч. На судзе прысутнічаў юрысконсульт Мінсктранса, які заявіў хадайніцтва аб'яднаць справу з пазовам у дачыненні да Івана Красоўскага. На судзе патлумачылі, што 21 861,69 рублёў — гэта сума шкоды за простай ўсяго транспарту 10 і 11 жніўня, звязанага з несанкцыянаванымі масавымі мерапрыемствамі. Таму гэтую суму будуць дзяліць на ўсіх пратэстоўцаў, асуджаных за «перакрыццё дарог» у гэтыя дні. 

Суд задаволіў хадайніцтва Мінсктранса.

Сам Дзмітрый Дубкоў не ўдзельнічаў у паседжанне, бо ён адбывае сямігадовае пакаранне ў папраўчай калоніі №22 у Івацэвічах. Інтарэсы палітвязня прадстаўляў адвакат. На судзе ён заявіў, што Дубкоў не прызнае пазоў, бо яго дзеянні не прывялі да прыпынку транспарту. Як і напісана ў прысудзе, Дзмітрый паставіў аўтамабіль тэхдапамогі ў трэцяй паласе ў 23:14. Рух быў перакрыты супрацоўнікамі АМАПу, астатнія поласы былі перагароджаныя, на дарозе знаходзіліся людзі.

Суддзя прыпыніла працэс да ўступлення ў законную сілу прысуду ў дачыненні да Яраслава Збароўскага, асуджанага да трох гадоў «хіміі» за блакаванне дарогі ўласнай машынай і ўзвядзенне барыкадаў у ноч з 10 на 11 жніўня каля ТЦ "Рыга". Мяркуецца, што працэс працягнецца ў жніўні.

Суд з Дзянісам Чыкалёвым 

Дзяніс Чыкалёў. Фота:
Дзяніс Чыкалёў. Фота: "Белта"

9 ліпеня ў судзе Фрунзенскага раёна разглядаўся пазоў «Мінсктранса» да асуджанага на тры гады «хіміі» па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса гамельчука Дзяніса Чыкалёва. Справу разглядаў суддзя Мікалай Багамякаў, які ў гэтым судзе разглядае аналагічныя пазовы да ўсіх палітвязняў.

Па матэрыялах справы, Чыкалёў увечары 9 жніўня парушыў працу аднаго аўтобуса (№163), за гэта "Мінсктранс" выставіў пазоў на суму 6 126 рублёў і 81 капейку.

Але і тут пазоў не разглядзелі па сутнасці. Суддзя Багамякаў аб'яднаў ягоную справу з іншым палітвязнем і перанёс справу ў суд Заводскага раёна Мінска. Дата суда невядомая.

Вядома, што такая сума шкоды выстаўлена і палітзняволенаму Лявону Халатарану.

Больш за 74 тысячы рублёў: у асуджаных палітвязняў пачалі патрабаваць кампенсацыю за «перакрыццё дарог» на пратэстах

«Вясна» распавядае ўсё, што вядома пра грамадзянскія працэсы з палітзняволенымі за «перакрыццё дарог».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства