Мінчуку прысудзілі тры гады "хатняй хіміі" за ўдзел у мітынгу, за які ён ужо адбыў 15 сутак арышту

2021 2021-07-07T15:44:31+0300 2021-07-07T15:46:44+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/marchenko_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вадзім Марчанка каля суда. Фота spring96.org

Вадзім Марчанка каля суда. Фота spring96.org

У судзе Першамайскага раёна разгледзелі крымінальную справу ў дачыненні да Вадзіма Марчанкі, якога абвінавачвалі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). 

Справу разглядаў суддзя Максім Трусевіч, бок дзяржабвінавачання падтрымлівала Іна Зубко.

Мужчыну вінавацілі ў тым, што ён увечары 4 кастрычніка, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, здзейсніў актыўныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, што пацягнула парушэнне працы транспарту і прадпрыемстваў. Вадзіма затрымаў АМАП каля ст. м. "Малінаўка" разам з сябрам, калі ён ужо сыходзіў з мірнай акцыі пратэста. 

Вадзім Марчанка знаходзіцца пад асабістым паручыцельствам, у судзе абараняў сябе сам, сваю віну ў здзейсненным ён прызнаў і раскаяўся.

Таксама быў заяўлены пазоў ад "Мінсктранса" за спыненне грамадскага транспарту 4 кастрычніка ў перыяд з 15.00 да 18.45 на суму 18 624 рубля 45 капеек.

Падчас спрэчак бакоў пракурор указала, што вінаватасць Вадзіма Марчанкі даказаная, пацвярджаецца яго паказаннямі, сабранымі доказамі - у тым ліку фотавыявамі з акцыі пратэсту, звесткамі аб тэлефонных злучэннях. Прасіла суд прызначыць яму пакаранне ў выглядзе трох гадоў абмежавання волі без накіравання, а таксама задаволіць грамадзянскі пазоў ад "Мінсктранс" у поўным аб'ёме.

Абвінавачаны сказаў, што прызнае сваю віну - удзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу, за што ўжо быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці і адбыў 15-суткавы арышт. Прасіў не абмяжоўваць яго ад грамадства.

Суд вынес прысуд 7 ліпеня, згодна з якім Вадзім Марчанка быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 342 КК і асуджаны да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову тэрмінам на тры гады ("хатняя хімія"). Грамадзяскі іск будзе разгледжаны ў асобным парадку. 

Праваабарончы цэнтр "Вясна" с дапамогай валанцераў адсочваў гэты судовы працэс. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства