Да дзесяці год пазбаўлення волі. Гарадзенца судзяць за заклікі да гвалту і тэрарызму

2021 2021-07-07T13:28:56+0300 2021-07-07T14:06:30+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/gerasimliuk-01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Леанід Герасімлюк. Скрыншот з відэа МУС.

Леанід Герасімлюк. Скрыншот з відэа МУС.

Гарадзенскі абласны суд 7 ліпеня працягвае разгляд крымінальнай справы 29-гадовага мясцовага жыхара Леаніда Герасімлюка. Яго абвінавачваюць у публічных закліках да гвалту і здзяйснення актаў тэрарызму, размешчаных нібыта ім у кастрычніку-лістападзе 2020 года ў адным з публічных Telegram-чатаў і іншых дзеяннях, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі па ч.3 артыкула 361 КК РБ.

Справу разглядае суддзя Уладзімір Яўхута, дзяржабвінаваўца – Анжаліка Клішына.

Маніторынг судовага працэсу ажыццяўляў праваабаронца Раман Юргель.

Леаніда Герасімлюка затрымалі 25 лютага і змясцілі ў СІЗА Гарадзенскай турмы. Сваёй віны ён не прызнае.

“Не памятаю, ці канфіскоўвалі тэлефон…” Што казалі сведкі на судзе і на ранейшых допытах

6 ліпеня ў судзе праходзіў допыт сведкаў.

Допыт сведкі Галіны Фядотавай. Распавядае, што знаёмая з абвінавачаным з восені 2020 года, не ведае, за што ён арыштаваны. Якія чаты наведваў - не ведае, якім тэлефонам карыстаўся таксама. Адвакату адказвае, што следчы паказваў раздрукоўкі званкоў на следстве. Паказваў паведамленні ў сацыяльных сетках. Радыкалізацыі поглядаў у Герасімлюка не назірала.

Допыт сведкі Дзяніса Грынько. Адказвае пракурору, што бачыліся часта, жывуць ў адным доме, яму невядома, якія чаты ён наведваў. Свайго стаўлення да праваахоўнікаў, да палітыкі не выказваў:

“Я прачытаў у Інтэрнэце, што ён нешта напісаў пра сілавікоў, але я сумняваюся, што ён гэта пісаў”.

Сведка Аляксандр Пажарскі, супрацоўнік ўзвода Гродзенскага АМАПу, які затрымліваў абвінавачанага.

Адказвае пракурору, што ў затрыманні ўдзельнічалі яшчэ 3 амапаўцы і супрацоўнік ГУБАЗіК.

Пры затрыманні Герасімлюк паводзіў сябе нармальна, спакойна, адэкватна, фізічную сілу не ўжывалі.

Амапавец адказвае адвакату, што супрацоўнікі ГУБАЗіК вызначылі месца затрымання, паведамілі што ён заклікаў да дзеянняў у дачыненні да сілавікоў. Ехалі вакольным шляхам у будынак ГУБАЗІК, які знаходзіўся побач. Ці канфіскоўвалі ў Герасімлюка мабільны тэлефон – не памятае.

Пракурор зачытвае пратакол допыту амапаўца Пажарскага ад 4 траўня: "Мы былі ў масках, у 12.50 Герасімлюка затрымалі. Супрацоўнік ГУБАЗіК здымаў на відэа затрыманне. Нам не былі вядомыя акалічнасці затрымання.  Герасімлюк кажа, што яго вазілі каля адной гадзіны і наносілі ўдары. Мы не наносілі ўдараў яму. Пратакол допыту дакладны, я яго падтрымліваю. Паказанні ўсё пацвярджаю”.

Адвакат перапытвае сведку, ці дакладна ён усё памятае, бо затрыманне было ў лютым а пратакол допыту ад 4 траўня.

- Так, памятаю дакладна.

Допыт сведкі Ігара Лупача, амапавец:

"Калі абвінавачваемы выйшаў з таксі, мы яго  затрымалі ўтрох, я прадставіўся, агучыў, што я супрацоўнік. За што затрымалі – паведаміў супрацоўнік ГУБАЗіК.  Ужывалі загін рук, я як афіцэр зафіксаваў гэта ў кнігу. Абвінавачаны паводзіў сябе нармальна, усміхаўся.  Усе матэрыялы былі ў супрацоўнікаў ГУБАЗіК. Была просьба не везці яго наўпрост у будынак, а павазіць яго 10 хвілін. Я не памятаю, у колькі сышлі з будынка".

Не памятае, хто канфіскоўваў тэлефон пры затрыманні.

Пракурор зачытвае пратакол допыту ад 25 лютага. “Тэлефон ужо канфіскавалі падчас агляду супрацоўнікі ГУБАЗіК. У Герасімлюка не было заўваг, даваў паказанні добраахвотна. Ён напісаў заяву, што мы яго адну гадзіну вазілі і білі. Але мы яго не білі. Усё выкладзена дакладна.”

Адвакату адказвае, што не памятае, якія дакументы падаваў следчы СК. Ніхто ўдараў яму не наносіў, цялесных пашкоджанняў не было.

Допыт сведкі амапаўца, сяржанта Дзмітрыя Нарбута. Адказвае пракурору, што быў таксама пры затрыманні, аказвалі сілавую падтрымку, Быў у бусе, а астатнія затрымлівалі. Герасімлюк сядзеў спакойна, без кайданкоў. Не памятае, у каго пры затрыманні быў тэлефон абвінавачанага, не памятае, хто яго абшукваў.

7 ліпеня ў судзе працягваўся допыт сведак.

Сведкі Скрыпальшыкаў і Мяцеліца напісалі заявы, разгледзець справу без іх удзелу, настойваюць на сваіх ранейшых паказаннях. Пракурорка не настойвае на іх паўторным выкліку і мяркуе, што можна абвясціць іх паказанні. Адвакат супраць, лічыць то трэба іх дапытаць. Суддзя вырашыў абвясціць паказанні Скрыпальшчыкава і Мяцеліцы.

Як рабілая пакаяннае відэа: «Азарёнок. Тайные пружины политики 2.0». В гостях Дзермант и Петровский

 

Тое, у чым мяне абвінавачваюць, я не здзяйсняў

Дапытваюць абвінавачанага Герасімлюка. Кажа, што быў даўно падпісаны на тэлеграм канал “Гародня 97”, гэта публічная сацсетка. Меў зносіны ў ім з сябрамі за мяжой. Напрыклад, з Крысцінай Занеўскай, у Варшаве жыве, працуе. Яўгенам Бярдоўскім, Яўгенам Ціханавым.

Быў пад нікнэймам Леанід Сяргеевіч, з яго выходзіў у чат.

Пракурор:

- Са жніўня 2020 па 23.11.20 вы размяшчалі паведамленні публіцыстычнага характару?

- Не магу сцвярджаць, што я гэта пісаў. Я законапаслухмяны грамадзянін, служыў у арміі. Тое, у чым мяне абвінавачваюць, я не здзяйсняў! Не ведаю, хто напісаў за мяне некаторыя паведамленні, тэлефонам маглі скарыстацца іншыя людзі, таксама і з майго акаўнта ў ранейшым прададзеным тэлефоне.

Пракурор:

- 31 кастрычніка Вы пісалі паведамленне “У Гродне выбіраюцца ўсе месцы, якія перакрытыя, трэба выкарыстоўваць іншыя месцы, хто падкажа, падкажыце? І дзе вы знаходзіліся?

- Не магу дакладна сказаць, я ўжо быў прадаў свой мабільны праз “Куфар”. Я не пацвярджаю, што гэта я размяшчаў. Я не ведаю, не памятаю, дзе знаходзіўся з той дзень. Калі я і мог бы напісаць такое паведамленне, то толькі для таго, каб засцерагчы людзей ад неправамерных дзеянняў сілавікоў, апранутых па грамадзянцы і ў балаклавах. У тыя дні 10-12 жніўня, я бачыў шмат збітых людзей і гэта на мяне паўплывала.

Пракурор:

- А якое ваша стаўленне да прадстаўнікоў улады, да сілавікоў было?

- Калі пераапранутыя сілавікі б'юць мірных людзей, то гэта недапушчальна. У мяне няма прэтэнзій да канвою, да аховы турмы.

Пракурор: "Далей паведамленне ад 3 лістапада, што тэрмінавікі-вайскоўцы ВВ выйдуць".

- Не магу сцвярджаць што я пісаў. Але мог яго размясціць.

Пракурор:

 - Хай вайскоўцы тэрміновай службы ідуць здавацца ў міліцыю, гэты вы размяшчалі ў чаце? 

-   Не ведаю, не сцвярджаю.

Пракурор: “Паведамленне ад 4 лістапада, што трэба выходзіць і паліць партрэты прэзідэнта, Вы пісалі?”

- Я не пісаў гэта паведамленне.

Пракурор: “Так, а хто размясціў гэтае паведамленне?»

- Не ведаю.

Пракурор:  “Наступнае паведамленне -  браць пікі, ціснуць іх МАЗамі, БелАЗамі, вы пісалі?

- Не, я не пісаў. Са старога прададзенага тэлефона нехта мог зайсці і так напісаць.

Пракурор:

- Паводле абвінавачвання, вы заклікалі кола асоб да актаў, да каардынацыі супрацьпраўных дзеянняў, не аплаты камунальных плацяжоў, да актаў тэрарызму, забойстваў супрацоўнікаў... Вы маглі здзейсніць такое? У вас меўся намер на дэстабілізацыю парадку?

- Не, не трэба помсціць. Я за тое, каб у РБ быў закон і парадак! Цяпер у краіне сітуацыя абсурдная, прэзідэнта нідзе на Захадзе не прызнаюць, я сумняваюся ў яго легітымнасці. У мяне была добрая праца. А міліцыя заўсёды патрэбна людзям. Не ўсе структуры працуюць правільна, напрыклад следчы не дазваляе з лютага спатканне з мамай. Я пастаўлены на прафулік у турме, мяне водзяць з кайданках.

Пракурор пытаецца, калі, дзе і кім былі затрыманыя?

- 25 лютага я выклікаў таксі і паехаў у барбершоп, на вул. Ажэшкі, выйшаў з таксі і мяне паклікалі, затрымалі, загін рук зрабілі і пасадзілі ў бус. Мяне павезлі па горадзе, вазілі каля гадзіны. Задавалі пытанні, я аддаў супрацоўнікам мабілу, спыталі пароль і ўдарылі па галаве. Пыталіся на якія каналы быў падпісаны, каго збіраўся вешаць, каму голавы адразаць. Завялі ў будынак ГУБАЗіК, у кабінет, задавалі пытанні, трое амапаўцаў таксама знаходзіліся ў кабінеце.

Я хутка адказваў на пытанні і падпісаў усе паперы, у мяне канфіскавалі асабістыя рэчы. Іншы супрацоўнік аформіў тэлефон. Амапаўцы сышлі. Далей мне сказалі запісаць відэазапіс з публічным выбачэннямі на мабільны тэлефон. Мне сказалі тэкст, я яго і прамовіў на відэа, што я заклікаў да гвалту і такіх дзеянняў. У канцы вымавіў, што давайце жыць дружна, я не прыхільнік гвалту. Было 5 дубляў відэазапісу.

Да мяне ў камеру падсаджвалі падсадных, якія спрабавалі мяне вывесці на правакацыйныя размовы. Мяне выводзяць на шпацыр, на допыты толькі ў кайданках, бо я схільны да ўцёкаў нібыта. Учора, 6 ліпеня пасля суда мяне змясцілі ў каранцін, я на верхнім ложку знаходжуся.

Судовае пасяджэнне працягнецца 8 ліпеня. Пачатак у 10 гадзін.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства