У экс-следчага Юшкевіча ў СІЗА ўзялі падпіску аб неразгалошванні і прад'явілі яшчэ два абвінавачванні
Былога следчага і ініцыятара праекта ByChange Яўгена Юшкевіча затрымалі 19 красавіка па падазрэнні па арт. 289 Крымінальнага кодэксу (акт тэрарызму). Дома ў яго правялі ператрус, а яго самаго змясцілі ў СІЗА КДБ, куды доўгі час не пускалі адваката. За месяц да затрымання ў машыне, якая належыць яго бацьку, невядомыя ўстанаўлівалі праслушку — адпаведнае відэа з рэгістратара Яўген апублікаваў у фэйсбуку. Цяпер Юшкевіч знаходзіцца ў СІЗА-1, тэрмін утрымання пад вартай яму працягнулі да 19 жніўня. «Вясне» стала вядома, што акрамя арт. 289 КК, яму прад'явілі абвінавачванні па артыкулах 342 і 293 Крымінальнага кодэкса. У Яўгена ўзялі падпіску аб неразгалошванні матэрыялаў справы па артыкуле 289 КК, каб ён нават сваім сукамернікам не мог распавесці, у чым яго канкрэтна абвінавачваюць. «Вясна» распавядае, што вядома пра пераслед былога следчага і пра яго цяпершані стан у СІЗА.
«Помста за выкладзенае відэа з устаноўкай праслушкі ў машыне». У СІЗА-1 прад’явілі абвінавачванні па артыкулах 342, 293 КК
Інцыдэнт, па якому абвінавачваюць Яўгена Юшкевіча па акту тэрарызму, невядомы. Нават у самога Яўгена, якога ўжо 2,5 месяцы ўтрымліваюць пад вартай, узялі падпіску аб неразгалошванні, каб ён нават сваім сукамернікам не мог распавесці абставіны справы. Таксама ў яго на руках няма ніводнага дакумента па гэтай справе. Але, як распавядаюць крыніцы, яму прад'яўляюць тое, «чаго наогул не існавала, не адбывалася ў рэальнасці». І ён, хоць і былы следчы, сам у шоку ад метадаў і ад таго, што адбываецца ў краіне і з ім персанальна: «наогул нічога агульнага з законам».
Сам Яўген Юшкевіч расцэньвае свой пераслед і затрыманне як помсту за выкладзенае відэа з устаноўкай праслушкі ў машыне яго бацькі, на якой ён прыехаў 17 сакавіка на допыт у Следчы камітэт. Тады Яўген падзяліўся гэтай інфармацыяй у фэйсбуку, бо асцерагаўся правакацый. Праз месяц яго затрымалі.
Па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса Яўгену Юшкевічу інкрымінуюць першую частку — арганізацыю і ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Але, па словах Яўгена, «там няма нічога праўдзівага і прававога, і, вядома, ён нічога з прад'яўленага не здзяйсняў».
Нядаўна яму таксама прад'явілі абвінавачванне па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае пакаранне да васьмі гадоў пазбаўлення волі. Юшкевіча вінавацяць у «закліках да гвалтоўных дзеянняў». Але, як кажа сам Яўген, ён «нідзе і ніколі не заклікаў да гвалтоўных або агрэсіўных супрацьпраўных дзеянняў. Ні ў сеціве, ні ў телеграме, ні ў закрытых чатах, а наадварот перасцерагаў ад такіх дзеянняў».
Яўген мяркуе, што ў бліжэйшы час яго могуць зноў перавесці ў «Амерыканку» (СІЗА КДБ). Ён хвалюецца пра «вобраз, які ў бліжэйшы час улады могуць пачаць яму ствараць пасля таго, як выціснуць з Рамана Пратасевіча ўсё, што можна».
Перахварэў на COVID-19, лісты не аддаюць
Сам Яўген трымаецца добра, але без асаблівага аптымізму. З сукамернікамі адносіны добрыя, усе адзін аднаго падтрымліваюць. Былы следчы ведае, што яму было напісана некалькі сотняў лістоў, але іх не перадаюць. Атрымлівае толькі адзінкавыя.
Нядаўна ён перахварэў на COVID-19: не адчуваў пахаў два тыдні, вялікую частку часу праводзіў у сне ад слабасці. Потым пайшоў на папраўку. Нядаўна зусім «ажыў»: зноў пачаў адчуваць пахі, аднавіў чытанне і заняткі фізкультурай падчас прагулак.
Пераслед Яўгена Юшкевіча
Яўген Юшкевіч раней ужо затрымлівалі па крымінальнай справе — 25 лістапада мінулага года. Яго падазравалі па ч. 1 арт. 342 КК у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. 4 снежня яму змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе і адпусцілі на волю.
4 траўня стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка пазбавіў званняў больш за 80 сілавікоў за «дыскрэдытуючыя ўчынкі», у іх ліку — Яўгена Юшкевіча. Ён, як і іншыя пазбаўленыя званняў, «у перыяд абвастрэння грамадска-палітычнай абстаноўкі ў краіне з мэтай яе дэстабілізацыі нагняталі пратэсныя настроі ў грамадстве, арганізоўвалі і ўдзельнічалі ў несанкцыянаваных мерапрыемствах, размяшчалі ў сетцы інтэрнэт экстрэмісцкія матэрыялы».
Хто такі Яўген Юшкевіч?
Яўген Юшкевіч некалькі гадоў працаваў следчым. Затым ён сышоў з СК і заняўся праграмаваннем, а летам 2020 года стаў адным з заснавальнікаў праекта ByChange па дапамозе ў навучанні і перападрыхтоўцы сілавікоў, чыноўнікаў і іншых грамадзян Беларусі, якія страцілі працу з-за сваіх палітычных поглядаў.
Адрас для лістоў:
СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
Яўгену Юшкевічу