“Мы павінны дамагчыся таго, каб людзі ў Беларусі больш не падвяргаліся жорсткаму абыходжанню”. Праваабаронцы ў падтрымку ахвяраў катаванняў

2021 2021-06-26T12:40:57+0300 2021-06-26T13:25:19+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/pravaabaroncy_calazh.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ад жніўня 2020 года да сённяшняга дня Беларусь спазнала невядомы да гэтуль маштаб катаванняў і здзекаў з боку сілавікоў у дачыненні да мірных грамадзянаў. Растрэльванне светла-шумавымі гранатамі, гумовымі кулямі, збіццё дручкамі, кулакамі і нагамі ў першыя дні пасля выбараў прэзідэнта, цяперашняе стварэнне невыносных умоваў утрымання ў ЦІП і ІЧУ па ўсёй краіне: перапоўненнасць камер, заліванне хлёркай, адбіранне пасцельных прыналежнасцяў, пазбаўленне прагулак, харчовых перадач і душа. Катаванні працягваюцца кожны дзень, а ўлады не прадпрымаюць ні адзінага крока для іх спынення і прыцягнення вінаватых да адказнасці.

У Міжнародный дзень у падтрымку ахвяраў катаванняў вядомыя праваабаронцы з трох арганізацый дзеляцца сваімі меркаваннямі пра тыя выпрабаванні, з якімі сутыкнуліся беларусы, і тых кроках, што варта зрабіць для пераадолення катаванняў у краіне.

ales_bialiacki_gryc.jpg
Старшыня ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі. Фота: Сяргей Грыц

Алесь Бяляцкі, Праваабарончы цэнтр “Вясна”

“Міжнародны дзень у падтрымку ахвяраў катаванняў у апошні год стаў як ніколі актуальным для Беларусі. Пасля выбараў 9 жніўня 2020 года сілавымі структурамі былі праяўленыя нечувальныя зверствы ў адносінах да мірных беларускіх грамадзянаў. Такіх катаванняў беларускі народ не перажываў з часоў Сталіна. Тысячы мірных дэманстрантаў, грамадскіх актывістаў, студэнтаў, працоўных і медыкаў, непаўнагадовых і жанчын былі збітыя пры затрыманні і пры перавозцы ў аўтазаках, прайшлі праз засценкі Акрэсціна, раённых РУУС, СІЗА, атрымалі сур’ёзную шкоду фізічнаму і псіхалагічнаму здароўю. Катаванні беларускіх грамадзянаў працягваюцца і дагэтуль.

Беларускае грамадства павінна праявіць салідарнасць з ахвярамі катаванняў. Кожны з нас рознымі шляхамі мусіць дапамагчы людзям, якія прайшлі праз лукашэнкаўскае пекла.

Другі аспект падтрымкі беларускіх ахвяраў катаванняў ясна гучаў падчас леташніх стотысячных дэманстрацыяў:

“Не забудзем! Не даруем!”

Пакуль па законе не адкажуць УСЕ, хто браў удзел у катаваннях, не будзе справядлівасці ў нашым свеце. Будзем жа разам і супольна дабівацца гэтага!”

aleh_hulak1.jpg
Старшыня БХК Алег Гулак. Фота з сацсетак

Алег Гулак, Беларускі Хельсінкскі Камітэт

“Катаванні – адно з самых жорсткіх і грубых парушэнняў правоў чалавека. Яны адмаўляюць чалавечую годнасць як такую. І тое, што мы зараз маем у нашай краіне, і тое, што адбылося на працягу мінулага года – гэта катастрофа з правамі чалавека ў Беларусі.

Катаванні, якія мы бачылі, – пры затрыманнях, дастаўленні ў РУУС, для выбівання паказанняў або як элемент пакарання, – увесь гэты жах, які мы бачылі, адлюстроўвае нейкае сярэднявечнае стаўленне да чалавека. А сам чалавек не вызначаны як вышэйшая каштоўнасць грамадства і дзяржавы, як гэта напісана ў нашай Канстытуцыі. Наадварот, гэта поўнае грэбаванне і непавага да чалавека як такога. І таму з катаваннямі трэба змагацца і ім супрацьстаяць.

Крайняе абурэнне выклікае тое, што дзяржава да гэтага часу не прадпрыняла ніякіх мераў для расследавання парушэнняў і прыцягнення да адказнасці вінаватых. І гэта папушчальніцтва, на жаль, толькі заахвочвае далейшую эскалацыю, прымяненне такіх метадаў і такога стаўленне да людзей, што заслугоўвае самага сур'ёзнага асуджэння. Цяпер павінны быць уключаныя ўсе наяўныя ў распараджэнні – на нацыянальным і міжнародным узроўні – механізмы для таго, каб усё ж такі каштоўнасць чалавека аднаўляць і не дапускаць у далейшым падобных парушэнняў”.

Старшыня Libereco - Partnership for Human Rights Ларс Бюнгер
Старшыня Libereco - Partnership for Human Rights Ларс Бюнгер

Ларс Бюнгер, Libereco Партнёрства за правы чалавека

“Мне невыносна думаць пра тое, што людзі, якім я ўчора напісаў электронны ліст або патэлефанаваў па відэасувязі, сёння ўжо могуць падвяргацца катаванням у Беларусі. Ахвяры дзяржаўных катаванняў і жорсткага абыходжання ў Беларусі – гэта звычайныя людзі, такія ж, як мы – нашы сябры, суседзі ці калегі па працы. Думка пра тое, што ўсім ім прычыняюць фізічную боль, яны падвяргаюцца наймацнейшаму псіхалагічнаму ціску, выклікае ў мяне велізарны смутак.

Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы ахвярам катаванняў і жорсткага абыходжання ў Беларусі. Вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасці і асуджаныя да доўгіх тэрмінаў турэмнага зняволення. І перш за ўсё, мы павінны дамагчыся таго, каб людзі ў Беларусі больш не падвяргаліся катаванням і жорсткаму абыходжанню.

Катаванні не знікнуць з Беларусі, пакуль злачынны рэжым Лукашэнкі не будзе скінуты – і менавіта гэтага мы павінны дамагацца!”


26 чэрвеня – Міжнародны дзень у падтрымку ахвяраў катаванняў, які быў абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН у 1997 годзе і штогод праводзіцца з мэтай выкаранення ўсіх відаў катаванняў і бесчалавечнага абыходжання. У гэты дзень у 1987 годзе ўступіла ў сілу Канвенцыя супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання. На сённяшні дзень яе ратыфікавалі 162 краіны свету, у тым ліку і Беларусь.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства