viasna on patreon

Эксперты ААН: COVID-19 павышае рызыку неналежнага абыходжання і прымянення катаванняў ва ўсім свеце

2021 2021-06-26T10:58:03+0300 2021-06-26T11:19:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/international_day_support_victims_torture.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыя з twitter-акаўнта ААН

Ілюстрацыя з twitter-акаўнта ААН

У Міжнародны дзень у падтрымку ахвяраў катаванняў механізмы ААН па барацьбе з катаваннямі* аднагалосна перасцераглі аб тым, што пандэмія COVID-19 вядзе да росту колькасці выпадкаў катаванняў і неналежнага абыходжання ва ўсім свеце, а ахвяры катаванняў схільныя да асабліва высокай рызыкі заражэння гэтым смяротным вірусам па прычыне свайго ўразлівага становішча. Гэта адзначаецца ў адпаведнай заяве, размешчанай на сайце Упраўлення Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН. 

Людзі, пазбаўленыя волі, ужо былі схільныя да рызыкі стаць ахвярамі жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага годнасць абыходжання ў турме і ў іншых месцах пазбаўлення волі, а цяпер сутыкнуліся з новай пагрозай. Да сярэдзіны чэрвеня 2020 г. больш за 78 000 зняволеных заразіліся COVID-19 у 79 краінах, і, па меншай меры, 1100 чалавек загінулі ў выніку заражэння новым вірусам у турмах 35 краін**. На жаль, гэтыя лічбы не з'яўляюцца канчатковымі.

У дадзеных крытычных абставінах эксперты ААН па барацьбе з катаваннямі звярнулі ўвагу на асабліва слабае становішча людзей, якія знаходзяцца пад вартай або змяшчаюцца ў замкнёных прасторах, дзе сацыяльнае дыстанцыяванне практычна немагчыма. Яны асабліва занепакоеныя тым, што затрыманыя і раней не мелі доступу да належнай медыцынскай дапамогі, што спрыяла хуткаму распаўсюджванню COVID-19 з патэнцыйна смяротнымі наступствамі.

"Сёння ўрады нясуць яшчэ больш высокую адказнасць за забеспячэнне бяспекі ўсіх людзей, пазбаўленых волі. Зняволеныя павінны мець доступ да тых жа стандартаў у галіне аховы здароўя, якія даступныя грамадству ў цэлым, уключаючы доступ да тэставання на вірус і да лячэння", - заявіў старшыня Камітэта супраць катаванняў доктар Енс Модвіг.

"Усе людзі, пазбаўленыя волі, павінны ва ўмовах прыватнасці прайсці агляд незалежнымі медыцынскімі работнікамі ў момант паступлення ў месца ўтрымання пад вартай або турму з мэтай праверкі на наяўнасць у іх інфекцыйных захворванняў і магчымых прыкмет неналежнага абыходжання".

У многіх рэгіёнах свету паведамляецца аб ужыванні празмернай сілы для забеспячэння выканання каменданцкай гадзіны і правілаў сацыяльнага дыстанцыявання. Эксперты перасцераглі, што такія дзеянні могуць прыраўноўвацца да катаванняў і бесчалавечнага або зневажальнага годнасць абыходжання.

Эксперты таксама падкрэслілі, што незалежнае дакументаванне матэрыяльна-бытавых умоў асобаў, пазбаўленых волі, а таксама маніторынг прымянення сілы супрацоўнікамі органаў па забеспячэнні правапарадку з'яўляюцца неабходнымі сродкамі папярэджання ўсіх формаў неналежнага абыходжання і таму заўсёды павінны быць часткай агульных мераў па барацьбе з COVID-19.

"Маніторынг месцаў пазбаўлення волі незалежнымі органамі, такімі як нацыянальныя прэвентыўныя механізмы, застаецца асноватворнай гарантыяй абароны ад катаванняў і неналежнага абыходжання. Доступ да месцаў утрымання пад вартай павінен быць гарантаваны ўрадамі", - заявіў старшыня падкамітэту па папярэджанні катаванняў сэр Малькальм Эванс.

"Дзяржавы павінны скараціць колькасць людзей, якія ўтрымліваюцца ў турмах, за кошт выкарыстання альтэрнатыў дасудовага затрымання і турэмнага зняволення, не звязаных з пазбаўленнем волі. Яны таксама павінны пакласці канец памяшчэнню мігрантаў пад варту і выкарыстанні закрытых лагераў бежанцаў", – дадаў ён.

Важнасць пільнасці падкрэсліў Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб катаваннях Нілс Мелзер:

"Урады павінны падтрымліваць забарону катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відаў абыходжання ў любы час, у тым ліку ў перыяд надзвычайнага становішча па прычыне пандэміі COVID-19. Меры абароны, уключаючы ізаляцыю і каменданцкую гадзіну, не могуць служыць падставай для прымянення празмернай сілы і прымусу, а таксама ўсе заявы аб прымяненні катаванняў і неналежным абыходжанні павінны быць старанна расследаваныя".

Падкрэсліваючы важнасць кампенсацыі шкоды і рэабілітацыі, Старшыня Савета папячыцеляў Фонду добраахвотных узносаў ААН для дапамогі ахвярам катаванняў доктар Вівьен Натансан заявіла, што ахвяры катаванняў падвяргаюцца падвышанай рызыцы зноў перажыць траўму з прычыны пандэміі COVID-19.

"Ахвяры катаванняў нясуць на сабе цяжар фізічных, сацыяльных, эканамічных і псіхалагічных праблем. Яны таксама могуць не мець належных жыллёвых умоў, якія дазволілі б ім засцерагчы сябе ад распаўсюджвання віруса. Мы выказваем удзячнасць за выдатныя намаганні арганізацый грамадзянскай супольнасці, якія працягваюць аказваць асноўныя паслугі ахвярам катаванняў, у тым ліку падчас надзвычайнага становішча і каменданцкіх гадзін, нават калі яны сутыкаюцца з актамі запалохвання і супрацівам з боку ўладаў".

Крызіс, выкліканы каранавіруснай пандэміі, выявіў інстытуцыйныя і працэдурныя праблемы, якія паглыбілі рызыку прымянення катаванняў у дачыненні да вялікай колькасці дзяцей, жанчын і мужчын ва ўсіх рэгіёнах свету, як паведамляюць эксперты. Яны перасцераглі: пандэмія COVID-19 не павінна выкарыстоўвацца як падстава для невыканання ўрадамі свайго універсальна прызнанага абавязку выкараняць усе формы катаванняў і іншыя жорсткія, бесчалавечныя або прыніжаючыя годнасць віды абыходжання і пакарання.

Усе чатыры эксперта будуць абмяркоўваць дадзеныя цяжкасці ў межах публічнага семінара з нагоды Міжнароднага дня ў падтрымку ахвяр катаванняў 26 чэрвеня 2020 г. з 13:00 да 14:30 (па цэнтральнаеўрапейскім часе).


* Сумесная заява апублікавана Камітэтам ААН супраць катаванняў, падкамітэтам ААН па папярэджанні катаванняў, Спецыяльным дакладчыкам ААН па пытанні аб катаваннях і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відах абыходжання і пакарання і Саветам папячыцеляў Фонду добраахвотных узносаў ААН для дапамогі ахвярам катаванняў.

** Статыстыка Prison Insider, усе дадзеныя аб колькасці зняволеных, заражаных COVID-19, і пра загінулых сярод іх выведзеныя на падставе афіцыйных дадзеных урадаў і апошніх паведамленняў СМІ.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства