viasna on patreon

Шэсць выпадкаў, калі закон спрацаваў на карысць беларусаў

2021 2021-06-25T11:53:35+0300 2021-06-25T11:53:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stuzhki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Кожны дзень у Беларусі праходзяць суды па палітычна матываваных адміністрацыйных справах, дзе людзей прыцягваюць да адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах і выкарыстанне пратэстнай сімволікі. Бел-чырвона-белыя сцягі, сняжынкі і нават лісты белай паперы на вокнах кватэр расцэньваюцца ўладамі як пікетаванне, а суды за такія ўчынкі выносяць суткі і велізарныя штрафы, нягледзячы на супярэчлівасць доказаў і ілжэсведчанне супрацоўнікаў міліцыі. Але сярод мноства рэпрэсіўных рашэнняў часам сустракаюцца адміністрацыйныя справы, якія скончыліся справядліва для грамадзян. "Вясна" прыводзіць шэсць такіх гісторый. У мэтах бяспекі ўсе імёны герояў змененыя. 

Звярнуўся ў суд са скаргай на рашэнне ДАІ

23 верасня мінулага года ў Мінску праходзіла адна з мірных акцый пратэсту. Але толькі ў лістападзе Аляксей быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 18.1 КаАП супрацоўнікамі ДАІ за тое, што ён нібыта парушыў ПДР у той дзень: ажыццяўляў наўмыснае блакаванне транспартных камунікацый шляхам стварэння перашкоды, з дапамогай спынення і стаянкі транспартнага сродку. Гэты артыкул КаАП з пачаткам пратэстаў актыўна ўжываецца да кіроўцаў, якія мірна выказваюць сваё меркаванне або садзейнічаюць іншым удзельнікам акцый. У выніку інспектар ДАІ выпісаў Аляксею штраф у памеры 10 базавых велічынь (290 рублёў).

Падставай для прыцягнення Аляксея да адказнасці стала адпраўленае ў ДАІ відэа, дзе быў заўважаны аўтамабіль мужчыны. 

У справе Аляксея ёсць важная дэталь: у горадзе Мінску няма перасячэння вуліц Глебкі і Прылуцкай, дзе мужчына нібыта ўчыніў правапарушэнне. Аляксей не прызнаў сваю віну: яго ніхто не спыняў, а позва ў ДАІ яму прыйшла па пошце. 

Нязгодны з такім рашэннем Аляксей абскардзіў пастанову намесніка начальніка УУС ДАІ ў суд. Суд адмяніў пастанову і ў падтрымку мужчыны ўказаў, што абставіны правапарушэння ў пастанове ДАІ нічым не пацверджаныя, больш за тое, супярэчаць пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні ў частцы месца і прадмета яго здзяйснення. Суд звярнуў увагу, што не былі ўлічаныя змякчальныя абставіны і абставіны, якія абцяжарваюць адказнасць. Суд прыйшоў да высновы, што рашэнне аб вінаватасці Аляксея - заўчаснае. Таксама суд падтрымаў довады Аляксея ў тым, што падстава для адмены з'яўляецца безумоўнай. Справа была накіравана на новы разгляд.

Праз амаль месяц мужчыну зноў выклікалі ў ДАІ. На гэты раз пратакол і пастанова былі складзеныя з улікам рэкамендацый суда, толькі памер штрафу застаўся такім жа. 

Аднак тэрмін прыцягнення Аляксея да адміністрацыйнай адказнасці скончыўся, з прычыны чаго справа была спыненая.

Даведка: тэрмін прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці - 2 месяцы з дня выяўлення правапарушэння або 2 месяцы са дня адмены ўжо вынесенай пастановы.

Высновы суда апынуліся заўчаснымі

Сцяпан абскардзіў пастанову па двух "народных" артыкулах: за ўдзел у акцыі пратэсту (арт. 24.23 КаАП) і за непадпарадкаванне супрацоўнікам праваахоўных органаў (арт. 24.3 КоАП), згодна з якім мужчыну аштрафавалі на 30 базавых велічынь. Праз месяц пасля падачы скаргі ён атрымаў па пошце станоўчае рашэнне суда на сваю карысць, дзе адзначалася: "Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях вызначае, што абставіны, названыя ў пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні, не могуць грунтавацца на здагадках". Суддзя Мінскага гарадскога суда, які разглядаў скаргу, як і Сцяпан, звярнуў увагу на апіскі ў пратаколе аб непадпарадкаванні. У пастанове ён указаў суддзі першай інстанцыі, што той быў абавязаны высветліць, ці было здзейснена правапарушэнне і ці вінаватая асоба, якая нібыта яго ўчыніла. Мінгарсуд падкрэсліў: 

"Высновы суда аб здзяйсненні правапарушэння з'яўляюцца заўчаснымі". 

Справа была накіраваная на новы разгляд у той жа суд, але да іншага суддзі. 

Яшчэ праз амаль два месяцы ў Сцяпана прайшоў паўторны суд, аднак іншы суддзя вырашыў падвергнуць Сцяпана аналагічнаму штрафу, нягледзячы на ўказанні вышэйстаячага суддзі. 

Цяпер Сцяпан падаў скаргу на другую пастанову і чакае вынік яе разгляду.

Дзяўчыну судзілі за сцяг у кватэры, дзе яна даўно не жыве

Аліса ўжо даўно пражывае ў ЗША. Аднак гэта не перашкодзіла суду прыцягнуць яе да адказнасці за пікетаванне ў сваёй кватэры ў г. Мінску, дзе на акне кватэры быў заўважаны БЧБ-сцяг. Суд пастанавіў аплаціць штраф у памеры 30 базавых велічынь. Аліса адправіла скаргу на такое рашэнне, дзе адным з довадаў было пацверджанне факту пражывання ў іншай краіне. У выніку абскарджання пастанова была адмененая, але накіравана на новы разгляд. Падставай да адмены, на думку суддзі Мінскага гарадскога суда, стала істотнае парушэнне нормаў ПВКаАП, у тым ліку парушэнне парадку выкліку Алісы ў суд для дачы тлумачэнняў.

З моманту адмены пастановы прайшло больш за два месяцы, а значыць, справа была спыненая. 

Пасля аплаты штрафу грошы спісалі яшчэ і з карткі

У лістападзе студэнтка 2 курса Марына была аштрафаваная на 30 базавых велічынь (810 рублёў) за студэнцкую акцыю пратэсту.

Марына атрымала максімальна магчымы штраф паводле ч.1 арт. 23.34 да прыняцця новага Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэнняў. 

Пры вынясенні пастановы суд не ўлічыў, што Марына знаходзіцца на ўтрыманні ў бацькоў, а адзіны яе даход - стыпендыя. Марына добраахвотна і ў тэрмін аплаціла штраф, аднак пазней са стыпендыі ў яе пачалі спісваць грошы ў кошт пагашэння штрафу: адразу 25% ад стыпендыі, а праз некалькі дзён - усю.  

Марына не пагадзілася з такім становішчам і адправіла скаргу на дзеянні судовых выканаўцаў у суд. У выніку разгляду скаргі суддзя пастанавіў вярнуць залішне запатрабаваныя грошы Марыне. 

Вядома, што такое беспрэцэдэнтнае парушэнне з боку судовых выканаўцаў не аднойчы было заўважана і абскарджана людзьмі ў судзе.

Затрымалі за маску з нацыянальным арнаментам

У верасні Канстанцін ішоў адзін у аптэку за лекамі. Але да аптэкі ён не дайшоў, бо быў затрыманы людзьмі ў чорнай вопратцы і без якіх-небудзь апазнавальных знакаў. Як перакананы Канстанцін, прычынай затрымання паслужыла ахоўная маска з беларускім нацыянальным арнаментам. Пасля затрымання прайшоў суд, вынік - 20 базавых велічынь штрафу

Абскарджанне ў Мінскі гарадскі суд не было паспяховым: скарга была пакінутая без задавальнення, а пастанова без зменаў. 

Канстанцін на гэтым не спыніўся і накіраваў скаргу старшыні Мінгарсуда, які правёў праверку па справе. У ходзе яе старшыня выявіў, што сведка здзяйснення правапарушэння не падпісаў пратакол, а такім чынам, не можа лічыцца апытаным. Старшыня Мінскага гарадскога суда даў рэкамендацыі да новага разгляду: даследаваць абставіны справы ўсебакова, поўна і аб'ектыўна і ў залежнасці ад устаноўленага прыняць законнае і абгрунтаванае рашэнне. 

Папярэджанне за ўпрыгожванне балкона бел-чырвона-белымі ніткамі

Дар'я ўпрыгожыла балкон сваёй кватэры ніткамі бел-чырвона-белых колераў, што з вуліцы магло выглядаць, а праваахоўнымі органамі расцэнена як недазволены пікет. Неўзабаве да дзяўчыны ў кватэру пачалі стукацца міліцыянты. Каб засцерагчы сябе, Дар'я прыбрала ўпрыгожванне з балкона. Аднак праз паўтара месяца па месцы працы маладога чалавека, які таксама прапісаны ў кватэры, прыйшлі супрацоўнікі РУУС. Міліцыянты пачалі высвятляць усе абставіны, але хутка зразумелі, што ён фактычна не пражывае ў кватэры, што іх цікавіць. Малады чалавек патэлефанаваў Дар'і, усё ёй расказаў, а пасля гэтага супрацоўнікі запрасілі дзяўчыну ў РУУС для падпісання пратакола. Дар'я пагадзілася, але пайшла ў міліцыю са сваім адвакатам. Гутарка міліцыянта, Дар'і і адваката была доўгая, але са станоўчым для Дар'і вынікам: пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні складзены не быў, замест яго Дар'я атрымала афіцыйнае папярэджанне. Дзяўчына лічыць, што ролю ў пазітыўным зыходзе справы адыграла прысутнасць адваката, яго пытанні і юрыдычнае разуменне сітуацыі. 


Апісаныя гісторыі паказваюць, што парушаныя правы можна аднавіць, а рэпрэсій за выказванне меркавання - пазбегнуць. Для гэтага трэба памятаць аб гарантаваным праве на абскарджанне, якое ў некаторых выпадках дае магчымасць дасягнуць справядлівасці. 

Права на абскарджанне замацаванае і ў Канстытуцыі (арт. 15), і ў актах нацыянальнага заканадаўства (арт. 2.15 ПВКаАП), і ў абавязковых для Рэспублікі Беларусь міжнародных дамовах (п. 5 арт. 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах). 

"Вясна" нагадвае, што ніхто не можа падвяргацца пераследу за рэалізацыю права на абскарджанне. 

Даведка: згодна з ч. 2 арт. 5 Закона "Аб зваротах грамадзян", не дапускаецца ўшчамленне правоў, свабод і (або) законных інтарэсаў заяўнікаў, іх прадстаўнікоў, членаў сем'яў заяўнікаў-грамадзян у сувязі з іх зваротам у арганізацыі, да індывідуальных прадпрымальнікаў.

Калі вам неабходная дапамога ў абскарджанні і аднаўленні вашых парушаных правоў, вы можаце звярнуцца да юрыстаў "Вясны":

  • telegram - @Zvarot96
  • email - zvarot@spring96.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства