Пракурор запрасіў 15 гадоў калоніі і штраф для палітзняволенага Віктара Бабарыкі Дапоўнена

2021 2021-06-22T12:02:13+0300 2021-06-22T19:17:21+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/babaryka3-q32gb.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Віктар Бабарыка. Фота: "Наша Ніва"

Віктар Бабарыка. Фота: "Наша Ніва"

На выязным пасяджэнні Вярхоўнага суда ў судзе Маскоўскага раёна 22 чэрвеня пракурор Сяргей Гіргель запрасіў 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму для палітзняволенага экс-банкіра Віктара Бабарыкі. Яго абвінавачваюць у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (частка 3 артыкула 430 КК) і легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (частка 2 артыкулы 235 КК), піша телеграм-канал Людмілы Гладкай. Таксама пракурор прапанаваў пакараць яго штрафам у памеры 145 тысяч рублёй (пяць тысяч базавых велічыняў) і канфіскацыяй маёмасці. Віктар Бабарыка не прызнае віны ні па адным эпізодзе, які яму інкрымінуецца. Судовае следства доўжылася пяць месяцаў.

Акрамя таго, Сяргея Шабана і Дзмітрыя Кузьміча дзяржабвінавачанне папрасіла пакараць 6,5 гадамі пазбаўлення волі. Аляксандра Ільясюка, Сяргея Дабралета і Кірыла Бадзея пракурор папрасіў пакараць 5,5 гадамі пазбаўлення волі. Намесніку Бабарыка Аляксею Задойко пракурор папрасіў 3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Для саўладальніка і кіраўніка кампаніі "Активлизинг" Віктара Кабяка пракурор запрасіў 3 гады пазбаўлення волі, паведамляе "Медыязона".

Нагадаем, суд над топ-мэнэджарамі "Белгазпрамбанка" пачаўся 17 лютага. Віктар Бабарыка абвінавачваецца ў "адмыванні" сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2  арт. 235 КК), і атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3  арт. 430 КК, Аляксей Задойка (былы першы намеснік старшыні праўлення Белгазпрамбанка), Кірыл Бадзей (в. а. старшыні праўлення Белгазпрамбанка пасля сыходу Бабарыка), Сяргей Шабан (намеснік старшыні праўлення Белгазпрамбанка), Дзмітрый Кузьміч (намеснік старшыні праўлення банка), Аляксандр Ільясюк (намеснік старшыні праўлення банка), Сяргей Дабралёт (былы намеснік старшыні праўлення банка) абвінавачваюцца ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры. Віктар Кабяк (заснавальнік кампаніі «Активлизинг») абвінавачваецца ў дачы хабару паўторна альбо ў буйным памеры. З Бадзеем, Дабралетам, Кузьмічом, Ільясюком, Шабанам, Кабяком заключаны дасудовыя пагадненні аб супрацоўніцтве. 

Віктар Бабарыка быў затрыманы 18 чэрвеня разам з сынам Эдуардам, калі накіроўваўся ў ЦВК для здачы сабраных подпісаў. Затрыманне праводзіў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Цэлы дзень да затрыманых не пускалі адвакатаў: у будынку ДФР "праводзіліся вучэнні". У гэты ж дзень Віктар Бабарыка быў змешчаны ў СІЗА КДБ, дзе знаходзіцца да гэтага дня.

Віктар Бабарыка не прызнае віны ў злачынствах, у якіх яго вінавацяць. Усе астатнія сем абвінавачаных віну прызналі.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства