Абразы Лукашэнкі, здзек з дзяржаўных сімвалаў і паўторны суд над палітвязнем. Як беларусаў судзілі па дыфамацыйных артыкулах на гэтым тыдні Дапоўнена

2021 2021-06-18T17:19:20+0300 2021-06-24T11:04:21+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/illustr_advokaty.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае маніторыць судовыя паседжанні па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праявы пратэсту. Па дадзеных праваабаронцаў, самымі распаўсюджанымі крымінальнымі інструментамі рэпрэсій сёння з’яўляюцца пераслед па дыфамацыйных артыкулах: абраза прадстаўнікоў улады, суддзяў, міліцыянтаў, прэзідэнта (арт. 368, 369, 391 Крымінальнага кодэкса). Штодзень па ўсёй Беларусі адбываюцца суды па гэтых артыкулах. “Вясна” распавядае, каго і за што на гэтым тыдні судзілі ў Беларусі па дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Пра справы па дыфамацыйных артыкулах, разгледжаных на мінулым тыдні, можна пачытаць па спасылцы.

Год “хіміі” – за скамячаны сцяг

14 чэрвеня суд Заводзскага раёна прызнаў 28-гадовага Максіма Крыварота вінаватым паводле артыкула 370 Крымінальнага кодэкса. Суддзя Алена Мурашка прызначыла яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову – “хіміі” – тэрмінам на адзін год. Бок дзяржабвінавачання падтрымала пракурор Качанава.

Мужчыну прызналі вінаватым, што ён у стане алкагольнага а’янення зняў з крышы крамы чырвона-зялёны сцяг, скамячыў і выкінуў яго, а дрэўка – зламаў. Ён поўнасцю прызнаў віну, раскаяўся і добраахвотна пакрыў шкоду – 92 рублі 47 капеек.


Тры месяцы арышту – за “здзек” над дзяржаўным сцягам

Суд Ленінскага раёну Гародні 15 чэрвеня разглядзеў крымінальную справу паводле артыкула 370 Крымінальнага кодэксу. На лаве падсудных – 27-гадовы Яўген Анкуда. Суддзя на працэсе – Юрый Казакевіч, дзяржабвінаваўца – Дзяніс Ткач.

Маніторынг працэсу вёў праваабаронца Раман Юргель.

Як піша “Гарадзенская Вясна”, паводле абвінавачання Анкуда ў стане алкагольнага ап'янення наўмысна здзёр з будынку пошты дзяржаўны сцяг і кінуў яго ў сметніцу. Стан алкагольнага ап’янення пацвярджае экспертыза.

Анкуда на судзе патлумачыў, што садраў сцяг без мэты і кінуў яго ў сметніцу. Зараз не можа вытлумачыць свой учынак, раскайваецца ў здзейсненым, віну поўнасцю прызнае. Анкуда таксама дадаў, што на мітынгі не хадзіў і з палітыкай яго ўчынак не звязаны.

За час следства змянілася ажно тры следчых і, па словах Анкуды, усе яны афармлялі паперы па рознаму.

Пракурор адзначыў папрасіў прызначыць Акудзе тры месяцы арышту, прымяніць да яго прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Сцяг пакінуць “Белпошце”, матэрыяльныя выдаткі ацаніць на 37 рублёў. Суддзя цалкам пагадзіўся з пракурорам.


Год калоніі – за абразу Лукашэнкі

У судзе Мінскага раёна 16 чэрвеня разгледжана крымінальная справа жыхароў Заслаўя Андрэя Жулякова і Аксаны Марцешкінай па абвінавачванні іх паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса.

Андрэю Жулякову прысудзілі адзін год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Суд над ім у закрытым рэжыме, паколькі ў справе знаходзяцца матэрыялы, якія зневажаюць гонар і годнасць прэзідэнта (улёткі).

Аксана Марцешкіна не з’явілася на першае судовае пасяджэнне. Яе справа прыпыненая, яна абвешчаная ў вышук.

Справу разгледзеў суддзя Антон Колабаў. Дзяржабвінавачванне прадстаўляла пракурор Касінская.

Андрэя і Аксану затрымалі ўначы з 26 на 27 лютага за развешванне ў Заслаўі ўлётак з карыкатурамі Лукашэнкі. Пасля затрымання яны па трое сутак правялі ў Мінскім раённым ІЧУ на вул. Скарыны, затым знаходзіліся пад хатнім арыштам.


Паўтары гады “хіміі” – за каментар “Два ДБ”

58-гадовы інжынер з Віцебску Васіль Глушакоў  быў прызнаны вінаватым у паводле арт. 369 КК. За кароткі каментар на адрас двух супрацоўнікаў Дубровенскага РАУС у суполцы «Вусаты Таракан» мужчыну прысудзілі да 1 году і 6 месяцам абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»). Прысуд агучыла 16 чэрвеня суддзя Алена Грабянчук.

Суд Чыгуначнага раёну Віцебску абавязаў таксама Васіля Глушакова выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды пацярпелым міліцыянтам – па 1000 рублёў кожнаму. Апроч таго, суддзя Алена Грабянчук  пастанавіла канфіскаваць у мужчыны мабільны тэлефон – як прыладу злачынства.

Каментар, за які быў асуджаны Васіль Глушакоў, быў пакінуты 7 лютага 2021 году ў групе «Вусаты Таракан» у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» пад постам пра тое, як дубровенскія міліцыянты канфіскоўвалі паветраныя шарыкі. 

«Супрацоўнікі Дубровенскага РАУС канфіскоўвалі шарыкі, а два вызначыліся тым, што рызыкавалі нават здароўем і жыццём… І я не канкрэтна ім адказаў, а адказаў таму, хто даваў заўвагі. Я напісаў, што «два ДБ». Так, скарочана», – расказаў пасля абвяшчэння прысуду Васіль Глушакоў.

Мужчына знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе і збіраецца абскардзіць прысуд, які пакуль не набыў законнай моцы.


Паўтары гады «хатняй хіміі» за «шизоидные речи параноика»

Жыхарку Мазыра Тамару Шалупанаву абвінавачвалі паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэкса ў абразе прэзідэнта. У лютым яна змясціла каментар у сацыяльнай сетцы Аднакласнікі. У спрэчцы з адным з карыстальнікаў Тамара напісала: «А ты – вошь прикорытнаная на гребешке, если тебе нравятся шизоидные речи параноика. Только д… (чалавек з разумовай адсталасцю - ПВ), как ты, может слушать этот бред сивой кобылы».

Была зробленая выснова, што размова ў выказванні ідзе пра Лукашэнку, хаця ні ягонага прозвішча, ні пасады ў выказванні няма.

Што было доказамі віны Тамары Шалупанавай у крымінальнай справе, засталося невядомым. Суддзя суда Мазырскага раёну Валянціна Новікава, якая разглядала справу, зрабіла суд закрытым.

Валянціна Новікава прызнала Тамару Шалупанаву вінаватай у злачынстве «Абраза прэзідэнта» і пастанавіла прызначыць ёй пакаранне ўвыглядзе 1 года і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Таксама Новікава вырашыла, што ў Шалупанавай неабходна канфіскаваць усю кампутарную тэхніку – сістэмны блок, манітор, клавітятуру і нават кампутарную мыш. Гэтыя рэчы суддзя палічыла прыладай злачынства. 


Палітвязня, які адбывае “хімію”, зноў асудзілі

17 чэрвеня ў Маскоўскім судзе Берасця суддзя Брэган разгледзеў справу ў дачыненні да палітвязня Дзмітрыя Абрамука. Берасцейца нядаўна ўжо асудзілі да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову, і на суд ён прыехаў з ПУАТ-9.

Дзмітрый Абрамук каля суда

На пасяджэнні дзяржабвінаваўца Ціхановіч агучыла версію абвінавачвання: нецвярозы Абрамук Дзмітрый патэлефанаваў у міліцыю на лінію 102 і абразіў Лукашэнку, чым здзейсніў злачынства па ч.1 арт. 368 КК. На судзе выступілі дзве сведкі, абедзве прымалі званкі ў той дзень, і гаварылі з Абрамукам (ён некалькі разоў патэлефанаваў у міліцыю). Вытрымка з аднаго такога званка.

Машэрава... Забярыце, калі ласка, мяне.
Што здарылася ў вас?
Ненавідзім Лукашэнку.
І ў чым гэтая нянавісць выяўляецца?
Лукашэнка під * * * с. можна, калі ласка, мяне забраць?..

Дзяржабвінавачанне запрасіла для мужчыны два гады абмежавання волі. З улікам неадбытага пакарання, шляхам складання прызначыць тры гады "хіміі". Прысуд суддзі цалкам супаў з запытаным бокам абвінавачвання.


У Віцебску за абразу Балабы судзяць затрыманага на літоўскай мяжы беларуса

У судзе Першамайскага раёна за абразу камандзіра АМАПа Дзмітрыя Балабы па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса судзяць 36-гадовага Вадзіма Ермаловіча. Мужчына знаходзіцца пад вартай з 14 красавіка ў віцебскім СІЗА – 2 пасля затрымання яго на літоўскай мяжы. Справа ў судзе Першамайскага раёна разбірае Наталля Карабліна. Акрамя бацькоў падсуднага, у залю пусьцілі толькі аднаго слухача. Журналісты на пасяджэнне не патрапілі. Самога Вадзіма Ермаловіча заводзілі ў залу ў так званай позе "Белы лебедзь": тулава сагнута, рукі ў кайданках ззаду і ўверсе.

Падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы стаў каментар ў Telegram. Абразлівы каментар, згодна з пастановай аб распачынанні крымінальнай справы, Вадзім Ермаловіч размясціў "рэалізуючы намер на абразу прадстаўніка ўлады-камандзіра АМАП ГУУС Менгарвыканкама палкоўніка міліцыі Балабы, з мэтай прынізіць яго гонар і годнасць у сувязі з выкананнем службовых абавязкаў, кіруючыся нізкімі намерамі, якія выказаліся ў жаданні паказаць Балабу ва зневажальным становішчы ў вачах шырокай грамадскасці, з выкарыстаннем неўстаноўленай прылады з доступам у інтэрнэт". Як сцвярджаецца, паведамленне ў чаце было размешчана 24 снежня 2020 года.

Крымінальную справу распачалі 20 сакавіка 2021 года. У гэты ж дзень Вадзіма Ермаловіча ўзялі пад варту, а ў яго доме зладзілі ператрус: канфіскавалі кампутар, ноўтбук, нэтбук, флэшкі, мабільны тэлефон, а таксама грошы. Аднак праз 72 гадзіны па затрыманні (23 сакавіка) мужчыну вызвалілі з ізалятара пад падпіску аб нявыездзе. 14 красавіка Вадзім Ермаловіч быў ізноў затрыманы непадалёк ад мяжы Беларусі з Літоўскай Рэспублікай.

"Яго затрымалі на мяжы з Літвой. Мяжу ён не перасякаў. Месца нам не агучылі", – распавяла маці затрыманага Таццяна.

Пасля гэтага яго адправілі ў СІЗА. Віну Ермаловіч прызнаў цалкам.

Як стала вядома іх матэрыялаў справы, з Балабай не было ніякіх следчых дзеянняў, вочных ставак, кантакту пацярпелага ў абвінавачанага няма, у сувязі з гэтым прабачэнні прынесці не мог. Пацярпелы камандзір не прыйшоў на суд, але заявіў патрабаванне аб пакрыцці маральнай шкоды ў памеры адной тысячы рублёў.

У судзе абвясцілі перапынак да 21 чэрвеня.


2,5 гады "хіміі" – за каментар у тэлеграм

У Жлобіне суддзя Качалава прысудзіла 2,5 гады абмежавання волі ва ПУАТ і выплату маральнай шкоды 700 рублёў абвінавачанаму Б. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 369 КК: згодна з тэкстам абвінавачання, ён у лістападзе 2020 года ў групе "Карацелі Беларусі" прачытаў пра тое, што падпалкоўнік Вішнеўскі Д. Д. (начальнік ІДН) Аршанскага РАУСа збіваў дзяўчыну, не ўтрымаўся і пакінуў каментар кшталту "бабу дубінкай біць сілён, а са мной пабароцца слабо, падла?" Вішнеўскі запрасіў даць яму кампенсацыю 2000 рублёў, падчас сведчання па скайпе ён патрабаваў жорстка пакараць абвінавачанага і не даваць яму ніякіх паслабленняў. У выніку пракурорка Панчык запрасіла 2,5 гады пазбаўлення волі: суддзя Качалава прысудзіла 2,5 гады абмежавання волі ва ПУАТ і выплату маральнай шкоды 700 рублёў, а таксама канфіскацыю тэлефона і арышту машыны. Рашэнне будуць абскарджваць.


Год "хатняй хіміі" – за абразу Лукашэнкі

Суд Маладзечна і Маладзечанскага раёна асудзіў Наталлю Руткевіч паводле арт. 368 Крымінальнага кодэксу і прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову тэрмінам на адзін год: "хатняй хіміі".

Прысуд вынес суддзя Д.Барэйка.


Затрымалі за флікер, а судзілі за абразу Лукашэнкі. У Старых Дарогах асудзілі мужчыну за тое, што аблаяў Лукашэнку ў машыне ДАІ за нечышчаныя тратуары

18 чэрвеня ў судзе Старадарожскага раёна і г. Старых Дарог вынеслі прысуд 37-гадоваму Мікалаю Александрову. Яго абвінавацілі па арт. 368 Крымінальнага кодэкса за абразу Лукашэнкі. Падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы сталі абразы Лукашэнкі ў машыне ДАІ, куды яго змясцілі за адсутнасць флікера, што было зафіксавана на відэарэгістратары. Мужчына на судзе віну прызнаў і адмовіўся ад дачы паказанняў. Раней ён тлумачыў, што яго не задавальняла, што тратуары нечышчаныя і таму ён абразіў прэзідэнта. Старшыня суда Наталля Зык пакарала Александрова штрафам у памеры 150 базавых (4350 рублёў), якія абвінавачаны мусіць выплаціць цягам месяцу. Менавіта такое пакаранне запрашвала памочніца пракурора Святлана Збродава.

Згодна матэрыялаў справы, 1 лютага ў 18.30 Аляксандроў «у алкагольным ап'яненні ў машыне ДАІ пры руху па вул. Садовай у г. Старыя Дарогі пры супрацоўніках ДАІ Русаковічу і Брылевічу сказаў абразлівую інфармацыю пра Аляксандра Лукашэнку, чым прынізіў яго годнасць».

Александроў на судзе віну прызнаў цалкам і сказаў, што раскайваецца. Абвінавачаны адмовіўся ад дачы паказанняў. На судзе зачыталі яго паказанні, дадзеныя падчас следства:

«1 лютага з братам дома ўжывалі алкаголь, накіраваліся да крамы, купілі бутэльку гарэлкі, пілі каля крамы, а пасля ўжо не памятае. Калі выходзіў з двара дома мамы, выйшаў на дарогу, пад'ехалі ДАІ і папрасілі сесці ў машыну за тое, што без флікераў, у машыне быў ужо брат. Мяне і брата затрымалі за алкагольнае ап'яненне, але што ў машыне было і што я там казаў не памятаю. Потым былі ў РУУС і дзьмуў у прыбор, у дачыненні да мяне склалі пратакол па «адміністрацыйцы», штраф 87 руб за гэта.

Я нічога не памятаю, цяпер мне прадэманстравалі два відэазапісы, на адной відаць, як спачатку затрымалі брата, а мяне праз пару метраў. Сябе на відэа пазнаў. На відэа чуваць мой голас з абразлівымі словамі. Я сказаў фразу, таму што мяне абурыла, што я не магу ісці па дарозе, гэта робіцца, каб папоўніць казну. Не стрымаўся і выказаўся. Гэта казаў не я, а спіртное ўнутры мяне. З 90-х гадоў за чыгункай не могуць зрабіць тратуар. Мяне не задавальняла, што тратуары не прачышчаныя, а значыць за штраф адказвае ўлада».

На судзе дапыталі супрацоўнікаў ДАІ, якія затрымлівалі Александрова і былі сведкамі выказванняў мужчыны ў адрас Лукашэнкі. Русаковіч распавёў, што ўвечары 1 лютага ўбачыў «пьянага, які шатаўся, без флікера». Александроў выказаў незадаволенасць наконт тратуараў нецэнзурнай лаянкай на Лукашэнку. Гэта ўсё зафіксаваў відэарэгістратар. Пасля інцындэнту ён з калегам Аляксеем Брылевічам папрасілі Сяргея Шырокіна, начальніка аддзялення прафілактыкі Старадарожскага РУУС, праглядзець відэа, бо там «яўная крыміналка».

- Словы, якія абражалі гонар і годнасць прэзідэнта? удакладніла суддзя.

- Вядома! Таму я і пайшоў разбірацца! – сказаў Русаковіч.

У судзе дапыталі і Брылевіча, і Шырокіна. Апошні на судзе распавёў, што абвінавачаны быў незадаволены сітуацыяй у стране, законамі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства