У Мінску судзяць дзяўчыну, якая высяліла з кватэры "палітычную" памочніцу пракуроркі. Але суд закрылі

2021 2021-06-18T10:52:45+0300 2021-06-18T11:19:37+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kas_janchyk_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Заводскім судзе Мінску пачаўся працэс над 33-гадовай Вольгай Сінялёвай, якая адмовілася здаваць кватэру памочніцы пракурора Фрунзенскага раёна Мінска Аліне Касьянчык. Дзеянні мінчанкі кваліфікавалі па арт. 190 Крымінальнага кодэкса — парушэнне раўнапраўя грамадзян. Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае да 2 гадоў пазбаўлення волі. Справу разглядае суддзя Анжэла Касцюкевіч, дзяржаўнае абвіначванне падтрымлівае Кунцэвіч. Суд зрабілі закрытым "у сувязі з неабходнасцю абараніць асабістыя дадзеныя Касьянчык і дадзеныя яе сям'і ад разгалошвання".

Абвінавачаная Вольга Сінялёва, якая мае двух дзяцей, адно з іх грудное, знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. Як раней паведаміла генпракуратура, дамова найму жылога памяшкання была падпісана летась 21 ліпеня на два гады. Пацярпелая памочніца пракурора «выконвала своечасова і ў поўным аб’ёме» свае абавязацельствы паводле дамовы. Але арэндадаўца, паводле пракуратуры, «паддалася інфармацыйнаму ўздзеянню Telegram-каналаў і іншых інтэрнэт-рэсурсаў» і запатрабавала ад Аліны Касьянчык вызваліць жылое памяшканне.

Што адбываецца на судзе?

Пацярпелая Аліна Касьянчык з'явілася ў суд. Наогул у суд прыйшлі падтрымаць Вольгу каля 20 чалавек, але ў залю паседжанняў пусцілі толькі восемь. З іх дваіх чалавек выдалілі з працэса за тое, што яны "хмыкнулі" на адхіленне хадайніцтва адваката, каб дазволілі абвінавачанай сесці побач з абаронцам. 

Таксама пракурор Кунцэвіч амаль адразу заявіў хадайніцтва аб правядзенні суда ў закрытым рэжыме "ў сувязі з неабходнасцю абараніць асабістыя дадзеныя Касьянчык і дадзеныя яе сям'і ад разгалошвання". Адвакат Сінялёвай Андрэй Мачалаў быў катэгарычна супраць — у справе няма ніякіх асабістых дадзеных пацярпелай, тым больш яе сям'і — няма нават адраса рэгістрацыі і тэлефона, толькі рабочыя. Але суддзя Анжэла Касцюкевіч задаволіла хадайніцтва. Суд пройдзе ў закрытым рэжыме.

Як распавялі родныя Сінялёвай, пацярпелая Касьянчык сама напісала заяву на скасаванне дамовы арэнды праз месяц, а праз два тыдні напісала заяву ў міліцыю, тыя адмовілі, бо не было падставаў для ўзбуджэння крымінальнай справы. Яна пайшла ў СК, тыя доўга выклікалі Вольгу з грудным дзіцем на допыты і распачалі крымінальную справу па арт. 190 КК.

Хто такая Аліна Касьянчык?

Памочніца пракурора Фрунзенскага раёна Мінска Аліна Касьянчык падтрымлівала дзяржаўнае абвінавачванне ў многіх "палітычных" справах, удзельнічала ў працэсах па крымінальных справах супраць пратэстоўцаў. Яна была дзяржабвінаваўцам у справе журналістак «Белсата» Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай, якіх за стрым з «Плошчы пераменаў» асудзілі на два гады калоніі. Таксама Касьянчык прадстаўляла абвінавачванне ў справе аб надпісах «Не забудзем» каля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства