"Яму пагражаюць, што з турмы жывым не выйдзе". Ціск на палітвязня Ягора Дуднікава працягваецца і на "Валадарцы"

2021 2021-06-17T12:42:42+0300 2021-06-28T08:20:21+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/egor_90_v.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

20-гадовага грамадзяніна Расійскай Федэрацыі Ягора Дуднікава затрымалі 5 траўня ў Мінску і змясцілі ў СІЗА КДБ. Хлопцу прад'явілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Крымінальную справу супраць яго распачалі з-за таго, што ён агучваў відэаролікі і аўдыёпаведамленні ў телеграм-канале "ОГСБ". Ягор праз ліст з СІЗА распавёў пра катаванні і збіццё, якія ўжываліся да яго пасля затрымання. 31 траўня хлопца перавялі ў СІЗА-1. Па інфармацыі мамы, запалохвання, фізічны гвалт і ціск на хлопца працягваюцца і на "Валадарцы" — "яму пагражаюць, што жывым з турмы не выйдзе". Юлія рыхтуе звароты ў Камітэты ААН па фактах катаванняў і жорсткага абыходжання з сынам. Ягор зноў перадаў запіску на волю, у якой распавядае пра жорсткія ўмовы ўтрымання ў СІЗА-1, пра падтрымку з волі і перажыванні пра былога сукамерніка Рыгора Кастусёва. "Вясна" публікуе словы палітвязня.

Ягор Дуднікаў. Фота з сямейнага архіва

"У мяне моцныя галаўныя болі, бессонніца, прыступы панічнага страху. Псіхолаг або псіхатэрапеўт не прыходзяць, хоць я пішу заявы праз дзень. Зуб баліць і ежа вельмі дрэнная. Катастрафічна не хапае вітамінаў і нармальнай чалавечай ежы. Ад мамы дайшло толькі адно пісьмо, ад дзяўчыны – ні аднаго! Затое прыйшло некалькі лістоў ад зусім незнаёмых людзей, што мяне вельмі падтрымала і ўзрадавала. Яшчэ прыйшла адна пасылка таксама ад невядомага чалавека — я быў гэтаму вар'яцка рады.

У душ водзяць адзін раз у тыдзень. На гэтым тыдні не было ў душы гарачай вады (прыйшлося мімаволі гартавацца). Пры гэтым, у душы даюць 10 хвілін часу на ўсе справы, чаго катастрафічна не хапае.

Яшчэ Рыгор Кастусёў, з якім я сядзеў разам з Бабарыка ў СІЗА КДБ вельмі моцна перажывае, што яму не даходзяць лісты і навіны з волі. Яму будзе вельмі прыемна, калі яго падтрымаюць добрым словам ці навінамі!

Знаходжанне ў СІЗА дае магчымасць падумаць і гэта моцна загартоўвае. Не ведаю, ці зробяць мяне палітвязням. Дзіка прашу прабачэння і перадаю прывітанне ўсім, і усіх люблю".

Мама Ягора распавядае, што ён таксама перадаў ім, што вельмі ганарыцца сваёй сям'ёй і верыць у самае лепшае. У Бабарыка, калі сядзеў з ім у адной камеры ў СІЗА КДБ, шмат пытаўся пра бізнес і стартапы, усё канспектаваў. Збіраецца вучыць ангельскую мову.

"Мне вельмі горка і страшна за сваё дзіця"

Таксама мама Ягора адзначае, што яго дзяўчына піша па тры лісты ў тыдзень і яна сама адправіла не адзін ліст, але іх яму не аддаюць. Юлія расцэньвае тое, што яе сыну не аддаюць лісты ад родных людзей, яшчэ адным спосабам прэсінгу і здзекаў. Яна рыхтуе звароты з нагоды сына ў Камітэты ААН і падкрэслівае, што не мае намеру здавацца:

"Я не пакіну гэта ў такім стане. Я ўжо пішу ліст у Міжнародны камітэт па абароне правоў чалавека і ў Камітэт супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання. Я ў жаху, што ў сучасным свеце могуць быць такія ўмовы ўтрымання зняволеных, што адны людзі дазваляюць сабе здзекавацца над іншымі людзьмі. Мне вельмі горка і страшна за сваё дзіця, што яму даводзіцца такое трываць і спрабаваць выжываць у такіх умовах".

"Ён закаханы хлапчук, а не падрыхтовец паўстанняў". 20-гадовага расейца абвінавачваюць у арганізацыі пратэстаў у Мінску

20-гадовага грамадзяніна Расейскай Федэрацыі Ягора Дуднікава затрымалі 5 траўня ў Мінску, на здымнай кватэры правялі ператрус і змясцілі ў СІЗА КДБ. Хлопцу прад'явілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), па якой яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Да Ягора ўжо два тыдні не пускаюць адваката. Усё, што ведаюць блізкія хлопца аб ягонай сітуацыі, — першапачатковая інфармацыя пасля затрымання ад дзяжурнага адваката. Мама Ягора Юлія распавяла «Вясне» аб пераездзе сына ў Беларусь, яго затрыманні і пераслед беларускімі ўладамі.

egor_909.jpg

"Калі я лёг, то пачуў гук перадзёрнутага затвора пісталета". Расіянін Ягор Дуднікаў распавёў з СІЗА пра сваё затрыманне

Адвакат Антон Гашынскі пасля двух тыдняў нядопуску да Ягора, нарэшце змог трапіць да свайго падабароннага. Ягор праз яго распавёў, як яго затрымлівалі, збівалі, дапытвалі ў СІЗА КДБ і ў чым канкрэтна яго абвінавачваюць. "Новая Газета" публікуе словы Ягора цалкам.

Адрас для лістоў:
СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
Ягору Аляксандравічу Дуднікаву

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства