Заключэнне экспертаў і аналітыкаў ПЦ "Вясна" па крымінальнай справе па абвінавачванні Ціхана Осіпава

2021 2021-05-31T13:56:42+0300 2021-05-31T13:56:43+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/img_5355-muybn.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Аналітыкі і эксперты ПЦ "Вясна" ў рамках кампаніі па маніторынгу палітычна матываваных крымінальных спраў, узбуджаных у перыяд выбарчай кампаніі па выбарах прэзідэнта, прыйшлі да наступнага заключэння па крымінальнай справе Ціхана Осіпава.

Прысудам Мінскага гарадскога суда Ціхан Осіпаў прызнаны вінаватым:

  • у замаху на забойства супрацоўніка міліцыі ў звязку з выкананнем ім абавязкаў па ахове грамадскага парадку, на падставе ч. 1 арт. 362 КК яму прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 10 гадоў;
  • ва ўдзеле ў масавых беспарадках, на падставе ч. 1 арт. 293 КК яму прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 4 гады;
  • у свядома непраўдзівым даносе аб учыненні злачынства, за які на падставе ч. 1 арт. 400 КК яму прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1 год.

Канчаткова прызначанае пакаранне ў выглядзе 11 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.

Кіроўцу BMW асудзілі да 11 гадоў калоніі за наезд на пецярых вайскоўцаў на жнівеньскім пратэсце

19 траўня Мінскі гарадскі суд вынес прысуд 25-гадоваму Ціхану Осіпаву за наезд на пяць вайскоўцаў падчас пратэстаў у жніўні мінулага года, удзел у масавых беспарадках, а таксама за ілжывы данос: пасля ДТЗ хлопец заехаў на машыне ў вадаём, пакінуў яе там і заявіў аб згоне. Ціхана абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: па ч. 2 арт. 293, ч. 1 арт. 400, ч. 1 арт. 14 і арт. 362. Ён прызнаў віну толькі па арт. 400 Крымінальнага кодэкса, па іншых артыкулах — не прызнаў. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Пятра Арлова асудзіла Осіпава да 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Пракурор Антон Цюменцаў два разы запрашваў для яго 12 гадоў калоніі. На абвяшчэнні прысуда Ціхан быў без акуляраў і ў кайданках.

Ц. Осіпаў у ноч з 10 на 11 жніўня знаходзіўся ў г. Мінску, кіруючы аўтамабілем. Ён апынуўся на вул. Прытыцкага, калі супрацоўнікі сілавых ведамстваў пачалі рухацца паміж аўтамабіляў, якія стаялі ў корку, спантанна затрымліваючы кіроўцаў і пасажыраў аўтамабіляў, з ужываннем фізічнай сілы і спецсродкаў. Ц. Осіпаў не хацеў быць затрыманым і баяўся фізічнага гвалту за ўдзел у мірным пратэсце, таму паспрабаваў выехаць з затору і накіравацца ў іншы раён. Спалохаўшыся наведзенай на яго зброі і прагучаўшага стрэлу, знаходзячыся ва ўсхваляваным стане з прычыны удараў па аўтамабілі і папярэдняй спробы людзей у форме пракрасціся ў аўтамабіль, ён не спыніў рух перад шэрагам людзей, з прычыны чаго зачапіў некалькіх з іх. Пры гэтым абвінавачаны сцвярджаў, што пасля стрэлу з помпавай стрэльбы, якой было пашкоджанае лабавое шкло, ён прыгнуўся, каб не быць параненым (гэтак жа зрабілі і двое пасажыраў), і цягам некаторага прамежку часу не кантраляваў дарожную абстаноўку і рух аўтамабіля. Пасля таго, як Ц. Осіпаў выехаў з зоны канфлікту, ён па неасцярожнасці ўтапіў аўтамабіль у вадаёме і заявіў у міліцыю аб ягоным выкраданні.

Намер прычыніць цялесныя пашкоджанні або смерць каму-небудзь адмаўляе.

Наезд на супрацоўнікаў АУС Я. Васільчанка, Д. Астапенка, Д. Голеса, А. Ляпёшкіна, М. Протаса – вайскоўцаў в/ч 5524 УВ МУС, паводле прысуду, не суправаджаўся прычыненнем ім цялесных пашкоджанняў.

Мяркуем, што выснова суда аб удзеле Ц. Осіпава ў масавых беспарадках з'яўляецца памылковай, зробленай на падставе адвольна ацэненых доказаў альбо ў адсутнасці доказаў.

Так, мы раней прыйшлі да высновы аб тым, што ў паказаны час у паказаным месцы масавыя беспарадкі адсутнічалі, а мелі месца ў цэлым мірныя спантанныя акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, якія падпалі пад напад з боку прадстаўнікоў сілавых ведамстваў, якія адвольна і непрапарцыйна ўжывалі фізічную сілу, спецсродкі і зброю.

Як стала вядома крыху пазней, разгон пратэстных акцый суправаджаўся паўсюдным ужываннем катаванняў у дачыненні да іх удзельнікаў і выпадковых мінакоў па палітычных матывах. За дзве гадзіны да здарэння ў Мінску супрацоўнікамі спецслужбаў на вуліцы быў застрэлены ўдзельнік пратэстаў А. Тарайкоўскі.

Таму намер любым спосабам пакінуць месца правядзення ў цэлым мірнага сходу, якое стала аб'ектам агрэсіі прадстаўнікоў МУС, каб не падпасці пад збіццё і расстрэл са зброі, намі разглядаецца як правамерны. Мяркуем, што на супрацоўніках МУС ляжаў абавязак стварыць такія ўмовы, пры якіх фізічная сіла, спецсродкі і зброя ўжываліся б выключна ў мэтах, пазначаных у законе, а мірныя пратэстоўцы карысталіся б іх абаронай.

Таксама мы мяркуем, што выснова суда аб наяўнасці прамога намеру на прычыненне пацярпелым смерці няправільная, зробленая на падставе адвольна ацэненых доказаў альбо на падставе здагадак.

У адпаведнасці з пастановай Пленума ВС «Аб судовай практыцы па справах аб забойстве (арт. 139 КК), «высвятляючы намер вінаватага, суды павінны зыходзіць з сукупнасці ўсіх абставінаў зробленага і ўлічваць, у прыватнасці, спосаб і прыладу здзяйснення злачынства, колькасць, характар і лакалізацыю раненняў і іншых цялесных пашкоджанняў (напрыклад, раненні жыццёва важных органаў чалавека), прычыны спынення злачынных дзеянняў і г. д., а таксама папярэднія паводзіны вінаватага і пацярпелага, іх узаемаадносіны, характар дзеянняў вінаватага пасля здзяйснення злачынства».

Пра намер прычыніць смерць супрацоўнікам АУС Осіпаў нікому не паведамляў, іншых людзей да такой формы пратэсту не схіляў. Да моманту нападу супрацоўнікаў АУС на мірных пратэстоўцаў ніякіх спробаў агрэсіі ў дачыненні да іх не рабіў.

Рухаўся ў месцы збору людзей з нізкай хуткасцю, якая прадугледжвала магчымасць людзей вакол, якія знаходзяцца на праезнай частцы дарогі, дзе відавочны прыярытэт транспартнага сродку, адступіць і даць магчымасць аўтамабілю праехаць.

Выснова суда аб тым, што адной з прычын, па якой абвінавачаны не давёў свой намер на забойства да канца, стала немагчымасць набраць дастатковую для гэтага хуткасць, адвольны, не заснаваны на якіх-небудзь даследаваных доказах і абвяргаецца даследаванымі і ўстаноўленымі абставінамі: наезд на пацярпелых быў зроблены на шостай секундзе павелічэння абвінавачаным хуткасці з 17 км/г да каля 23 км/г (дакладная хуткасць на момант наезду не ўстаноўленая, і знаходзіцца ў паказаным прамежку), тады як пры наяўнасці намеру максімальна паскорыцца гэтая хуткасць дакладна магла быць значна вышэй, з улікам магчымасці сучасных бюджэтных аўтамабіляў набіраць хуткасць ад 0 да 100 км/г цягам 10-15 секунд.

Таксама можна сцвярджаць, што абвінавачаны не мог разлічваць на гібель пацярпелых, паколькі аб'ектыўна гэта малаверагодна пры зафіксаванай хуткасці руху аўтамабіля.

Паводле разлікаў спецыялістаў, "пры хуткасці легкавога аўтамабіля ў момант наезду на пешахода 5 км/г верагоднасць атрымання пешаходам траўмаў са смяротным зыходам складае 1 %, пры 10 км/г – 3 %, пры 15 км/г – 5 %, пры 20 км/г – 7 %, пры 25 км / г – 9 %.

У іншай крыніцы прыводзяцца прыкладна тыя ж разлікі: 

Нават устаноўленага прысудам факту накіравання аўтамабіля ў бок групы супрацоўнікаў АУС і кантакту аўтамабіля і пацярпелых недастаткова для таго, каб прыйсці да высновы аб намеры забіць пацярпелых. Іншых доказаў таго, што Ц. Осіпаў хацеў прычыніць смерць пацярпелым, няма, што выключае выснову аб наяўнасці прамога намеру. У той жа час наяўнасць ўскоснага намеру, пры якім абвінавачаны прадбачыў бы магчымасць грамадска небяспечных наступстваў, не хацеў, але свядома дапускаў гэтыя наступствы альбо ставіўся да іх абыякава, выключала б кваліфікацыю ягоных дзеянняў як замаху на забойства: замах пры ўскосным намеры выключаны (п. 2 названай Пастановы).

Як устаноўлена ў ходзе судовага пасяджэння, руху аўтамабіля пад кіраваннем Ц. Осіпава на групу супрацоўнікаў АУС і фактарам, які паўплываў на дзеянні абвінавачанага, стаў стрэл з кароткай дыстанцыі ў лабавое шкло аўтамабіля.

У адпаведнасці з Законам “Аб органах унутраных спраў", супрацоўнік органаў унутраных спраў мае права на прымяненне зброі, гэта значыць, на учыненне стрэлу (стрэлаў) з яе, у дачыненні да асобы:

  • якая здзяйсняе напад на супрацоўніка органаў унутраных спраў і (або) іншага грамадзяніна, калі іх жыццё або здароўе трапляюць у небяспеку;
  • якая здзяйсняе напад у складзе групы або напад, спалучаны з ужываннем зброі альбо выбухаў, падпалаў і іншых агульнанебяспечных спосабаў, выкарыстаннем транспартных сродкаў, машын або механізмаў, на жылыя памяшканні ці іншыя законныя ўладанні грамадзян, памяшканні, іншыя аб'екты арганізацый, вайсковы або службовы нарад органаў унутраных спраў, на асоб або аб'екты, якія ахоўваюцца органамі ўнутраных спраў;
  • якая здзяйсняе дзеянне, непасрэдна накіраванае на гвалтоўнае авалоданне зброяй, якая знаходзіцца ў супрацоўніка органаў унутраных спраў (або боепрыпасамі да яе, баявой і спецыяльнай тэхнікай або адмысловымі сродкамі);
  • якая ажыццяўляе захоп або ўтрыманне асобы ў якасці закладніка;
  • заспетай пры здзяйсненні дзеянняў, пазначыных вышэй, і якая спрабуе схавацца, калі ў мэтах пазбягання затрымання гэтая асоба прымяняе (пагражае прымяненнем) зброю, выбуховае рэчыва, выбуховае прыстасаванне або іншыя прадметы, якія ўяўляюць небяспеку для жыцця або здароўя супрацоўніка органаў унутраных спраў або іншых грамадзян;
  • якая здзяйсняе ўцёкі з-пад варты, канвою;
  • не падпарадкавалася законнаму патрабаванню супрацоўніка органаў унутраных спраў неадкладна здаць (пакласці) зброю, выбуховае рэчыва, выбуховае прыстасаванне або іншыя прадметы, прымяненне якіх можа пагражаць жыццю або здароўю супрацоўніка органаў унутраных спраў ці іншых грамадзян.

Супрацоўнік органаў унутраных спраў таксама мае права на выкарыстанне агнястрэльнай зброі, гэта значыць на выкананне стрэла (стрэлаў) з яго, для:

  • падачы сігналу трывогі або выкліку дапамогі;
  • абясшкоджвання жывёлы, якая непасрэдна пагражае жыццю або здароўю грамадзян;
  • спынення транспартнага сродка шляхам яго пашкоджання, калі кіроўца не падпарадкоўваецца загадзя відавочным для яго законным і неаднаразовым патрабаванням супрацоўніка органаў унутраных спраў аб прыпынку транспартнага сродку і ягоныя дзеянні ствараюць рэальную пагрозу жыццю або здароўю грамадзян, або маюцца пэўныя дадзеныя аб тым, што транспартным сродкам кіруе асоба, якая ўчыніла цяжкае або асабліва цяжкае злачынства.

Такім чынам, відавочных законных падстаў для прымянення зброі ў супрацоўнікаў МУС не было, а абвінавачаны быў пастаўлены ва ўмовы пільнай патрэбы, і быў вымушаны для прадухілення або ліквідацыі небяспекі, якая непасрэдна пагражае ягонай асобе, правам і законным інтарэсам, пайсці на тыя меры, якія дазволілі б яму пакінуць небяспечнае месца; гэтая небяспека пры дадзеных абставінах не магла быць ліквідаваная іншымі сродкамі, а прычыненая шкода па факце апынулася сімвалічнай, тады як абвінавачаны, пакінуўшы месца стрэлаў і збіванняў затрыманых, мог бы захаваць як сваё жыццё і здароўе, так і жыццё і здароўе пасажыраў.

Падкрэсліваем, што ўжыванне ўнутранага заканадаўства ў гэтай справе і ацэнка фактаў і доказаў відавочным чынам насілі адвольны характар і склалі відавочную памылку, чым суд парушыў сваё абавязанне ў дачыненні да незалежнасці і бесстароннасці. Такім чынам, парушанае права абвінавачанага на справядлівае судовае разбіральніцтва.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая свабоды, калі пры наяўнасці палітычных матываў ейнага пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  1. a) пазбаўленне волі было ўжытае ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
  2. b) пазбаўленне волі было заснаванае на фальсіфікацыі доказаў усвядомленага правапарушэння або пры адсутнасці падзеі або складу правапарушэння альбо яго здзяйсненні іншай асобай.

Ужыванне гвалту ў дадзеным выпадку насіла характар зваротнага, справакаванага зыходным непрапарцыйным прымяненнем зброі, спецсродкаў і фізічнай сілы, прытым, што ў намеры абвінавачанага не ўваходзіла прычынення шкоды; гвалт ўжыт у стане пільнай патрэбы.

Праваабаронцы лічаць неабходным для дададзенага палітычнага зняволенага патрабаваць неадкладнага перагляду прынятых у дачыненні да яго мер і судовых рашэнняў пры выкананні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на прысуд. Таксама варта патрабаваць вызвалення асуджанага з ужываннем іншых мер стрымання, якія забяспечваюць яўку ў суд, з улікам адсутнасці падстаў для прымянення больш строгай меры.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства