viasna on patreon

У Мінску пачалі разглядаць чарговую справу па жнівеньскіх падзеях

2021 2021-05-27T15:45:51+0300 2021-05-27T15:45:52+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gagieu.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілля Гагіеў у судзе

Ілля Гагіеў у судзе

Суд Фрунзенскага раёна горада Менска пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 21-гадовага Іллі Гагіева, якога абвінавачваюць паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса РБ.

Справу разглядае суддзя Юлія Блізнюк, дзяржабвінавачанне прадстаўляе Аліна Касьянчык. У справе няма пацярпелых і сведак.

Ілля Гагіеў затрыманы 11 сакавіка. Малады чалавек са шматдзетнай сям'і: акрамя яго, у сям'і яшчэ трое дзяцей. Ягоная маці — ляжачы чалавек з інваліднасцю. За ёй даглядае 22-гадовая сястра Іллі, тады як ён — адзіны карміцель у сям'і: малодшыя браты, якім 18 і 16 гадоў, не працуюць. Ён на аматарскім узроўні займаецца валейболам, навучаўся кіраванню аўтамабілем, каб здаць на правы. Працадаўца на судзе даў маладому чалавеку добрую характарыстыку, сказаўшы, што пайшоў бы з ім у разведку.

"Рухаўся, у тым ліку, у групавым скрыжаванні рук локцямі"

Іллю Гагіева абвінавачваюць у тым, што з 16.00 дзявятага жніўня да 3.10 дзясятага жніўня 2020 года ён знаходзіўся на праезнай частцы праспекта Пераможцаў у горадзе Менску "ў мэтах выканання заклікаў да актыўнага ўдзелу ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, размешчаных у глабальнай кампутарнай сетцы інтэрнэт". Паводле абвінавачання, ён ведаў, што масавае мерапрыемства праводзіцца без падачы заявы аб яго правядзенні. Але каб публічна незаконнымі спосабамі выказаць свае грамадска-палітычныя погляды, "прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням улады". Гэта пацягнула за сабой парушэнне працы транспарту, бо Гагіеў "наўмысна перашкаджаў руху транспарту і нармальнаму функцыянаванню прадпрыемства".

Паводле абвінавачання, Ілля Гагіеў публічна выкрыкваў лозунгі, рабіў гучныя воплескі рукамі, рухаўся па праезнай частцы дарогі праспекта Пераможцаў, блакаваў і перагароджваў шлях транспартных сродкаў.

Аналагічныя дзеянні абвінавачаны паўтарыў з 20.10 дзясятага жніўня да 1.50 адзінаццатага жніўня 2020 года. Ён "рухаўся па праезнай частцы дарогі, у тым ліку, у счэпцы локцямі, групавым скрыжаванні рук локцямі".

"Паддаўся эфекту натоўпу"

Ілля Гагіеў распавёў, што дзявятага жніўня яны з сябрам паехалі катацца на роварах: ім было цікава паглядзець на тое, што адбываецца. Калі яны прыехалі на месца падзей, рух ужо быў перакрыты. Ён не задумваўся аб законнасці мерапрыемства, але паколькі было шмат людзей, паддаўся эфекту натоўпу. Ён растлумачыў, што не ведае, навошта наогул стаў у счэпку, фота якой было зроблена на другі дзень яго прысутнасці на месцы падзей. Ён хутка сышоў адтуль, таму што не любіць п'яных: ад людзей, якія стаяць побач, адчуваўся перагар, таму яму стала сорамна стаяць з імі.

Пасля таго, як два дні ён быў на мерапрыемствах, пачытаў навіны, зразумеў, што гэта яму не трэба: усвядоміўшы гэта, перастаў хадзіць.

Суддзя ўдакладніла ў яго, ці атрымлівала яго сям'я падтрымку ад дзяржавы. Ілля адказаў, што яны атрымалі сацыяльнае жыллё, ездзілі ў аздараўленчыя лагеры і елі бясплатна.

— Узнікае пытанне, навошта вы туды пайшлі? Што вам зрабіла дзяржава не так? — удакладніла Юлія Блізнюк.

— Нічога. Я ж кажу, што я толькі за, а не супраць нашай улады. Калі б я меў намер у чымсьці ўдзельнічаць, я б хаваў твар.

— Сёння, даючы прызнальныя паказанні ў судзе будуючы такую ж пазіцыю ў ходзе следства, гэта не вымушаная пазіцыя?

— Не.

— Вы разумееце, што ў нас адкрытае судовае пасяджэнне, тут могуць знаходзіцца людзі, якія сёння гэтую інфармацыю выкінуць у інтэрнэт?

— Так, я разумею.

— Адпаведна, магчыма мноства людзей па-іншаму могуць спрабаваць вас зразумець.

— Так. Мне гэта казалі. 

Што ў матэрыялах справы?

У матэрыялах справы знаходзіцца відэаздымка, якую Ілля рабіў падчас падзей. На ёй ззаду хлопца стаяць супрацоўнікі міліцыі, а ён кажа фразу: "Мне (нецэнзурная лексіка), я за бацьку галасаваў!"

Дзяржабвінаваўца хадайнічае далучыць да матэрыялаў справы пазоўную заяву аб кампенсацыі маёмаснай шкоды ў інтарэсах Мінсктранса: пазоў на суму 21 тысяча 830 рублёў 59 капеек, а таксама дзяржпошліну ў памеры адной тысячы 91 рубля і 58 капеек.

Справу праягнуць разглядаць 28 траўня а 10.15.

"Вясна" назірае за працэсам з дапамогай валанцёраў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства