"Удзельнічаў у разгоне мітынгаў і катаваў людзей". Тэлемайстра з Баранавічаў асудзілі на 2 гады "хіміі" за пост пра міліцыянта
Суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы 25 траўня асудзіў 61-гадовага прадпрымальніка-тэлемайстра Пятра Зіневіча да двух гадоў "хіміі" за паклёп да супрацоўніка міліцыі па арт. 188 Крымінальнага кодэкса. Мужчыну асудзілі за тое, што ён ў жніўня на сваёй старонцы "ВКонтакте" апублікаваў фатаграфію супрацоўніка Баранавіцкага РАУС з надпісам "удзельнічаў у разгоне мітынгаў і катаваў людзей". Таксама з Зіневіча спагналі маральную кампенсацыю пацярпеламу міліцыянту ў памеры 1000 рублёў, піша intex-press.by. Пад варту тэлемайстра ўзялі 8 красавіка, калі ён прыляцеў з Кіева, да суда яго ўтрымлівалі ў СІЗА №6. "Вясна" распавядае ўсё, што вядома пра гэтую справу.
Як праходзіў суд над мясцовым прадпрымальнікам
Паводле версіі следства, 23 жніўня 2020 года ён на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы ВКонтакте апублікаваў фатаграфію супрацоўніка Баранавіцкага РАУС з надпісам "удзельнічаў у разгоне мітынгаў і катаваў людзей". За гэта на яго завялі крымінальную справу паводле арт. 188 КК (паклёп).
Зіневіч цалкам прызнаў сваю віну, патлумачыўшы, што карцінку на сваёй старонцы апублікаваў на эмоцыях:
"Гэта былі не мае словы. Я проста пагарачыўся", – растлумачыў ён, адзначыўшы, што не чакаў такіх наступстваў.
Пацярпелым па справе прызнаны супрацоўнік Баранавіцкага РАУС 1975 года нараджэння. На судзе ён прасіў строга не караць абвінавачанага, але заявіў пра намер спагнаць з яго 5000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды, патлумачыўшы, што сітуацыя негатыўна адбілася на ягонай маці, якая мае інваліднасць другой групы.
"Цяжка перанесці, калі табе тэлефануюць і кажуць: "Ты – карнік", – сказаў на судзе пацярпелы.
У сваім апошнім слове абвінавачаны папрасіў прабачэння ў пацярпелага і папрасіў паклапаціцца пра яго дзяцей.
"Прашу прабачэння ў міліцыянта за тое, што размясціў фатаграфію. Прашу паклапаціцца аб маіх дзецях, калі ёсць такая магчымасць", – сказаў ён.
Пракурор запрасіў для абвінавачанага два гады "хіміі" з кампенсацыяй маральнай шкоды пацярпеламу. Суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы пастанавіў: прызнаць жыхара Баранавічаў вінаватым ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага арт. 188 Крымінальнага кодэкса, і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на два гады з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, меру стрымання абвінавачанага змяніць з утрымання пад вартай пад падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах да ўступлення прысуду ў законную сілу. Таксама абвінавачаны павінен выплаціць пацярпеламу 1000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.
Паведамленне міліцыянтаў пра "крыміналку" ў мясцовым тэлеграм-чаце, затрыманне па вяртанні з Кіева: пераслед Зіневіча
Пра свой пераслед сам Зіневіч распавядаў раней газеце "Салідарнасць". Па яго словах, з верасня мінулага года да дзвярэй кватэры Пятра перыядычна наведвалі людзі ў форме і без. 28 студзеня дзверы кватэры Зіневіча ўзламалі, вынеслі адтуль усю тэхніку, а саму кватэру апячаталі. Відэакамеры ўзломшчыкі заклеілі, але мікрафоны працягвалі працаваць:"Я чуў (і ў мяне захаваліся запісы), як яны крычалі: "Зіневіч, выходзь!", – распавядаў Пётр.
На наступны дзень правялі ператрус у кватэры ягонай жонкі. Забралі ноўтбук, тэлефон і планшэт ў дзіцяці.
Пазней з Пятром у тэлеграм-чаце ЖБК звязаўся маёр міліцыі:
"Ён заявіў, што мне трэба прыйсці ў ГАУС, таму што ў дачыненні да мяне заведзеная крымінальная справа па 188 КК. Вядома, з'яўляцца ў гараддзеле ў мяне няма ніякага жадання: складана выказаць здагадку, як будуць звяртацца там са мной людзі, па незразумелых прычынах ўзломваюць дзверы кватэры, у якой нікога няма.
Дарэчы, і сам спосаб абвесткі пра існаванне крымінальнай справы з дапамогай телеграм-чата жыллёвага кааператыва мне здаецца вельмі дзіўным. Чаму я павінен верыць, што чалавек, які напісаў гэта, сапраўды маёр міліцыі?"
Потым Зіневіч выязджаў з Беларусі па працоўных пытаннях, але па вяртанні быў затрыманы. 8 красавіка па прылёце з Кіева тэлемайстара затрымалі і ўзялі пад варту. Яму прад'явілі абвінавачванне па арт. 188 КК, хоць узяцце пад варту як мера стрымання па гэтым артыкуле не прадугледжаная. Да суда яго ўтрымлівалі ў СІЗА №6 г. Баранавічы.