viasna on patreon

"Я ўпэўненая, што людзям на волі пацяжэй". Гісторыя палітзняволенай Ірыны Шчаснай: лісты, турма, салідарнасць і сям'я Аўдыё

2021 2021-05-21T15:00:25+0300 2021-05-21T15:45:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shchasnaja_dziacinstva.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Магілёве працягваецца суд над актывістамі "Еўрапейскай Беларусі" і Паўлам Севярынцам. "Крымінальная справа разглядаецца ў закрытым рэжыме, у залу суда не пусцілі нават блізкіх сваякоў", —  напісала "Еўрапейская Беларусь". Сярод абвінавачаных — сем чалавек, усе яны прызнаныя палітвязнямі. Сёння ўспамінаем пра адзіную дзяўчыну, якая праходзіць па гэтай справе — Ірыну Шчасную. Для гэтага "Вясна" паразмаўляла з яе мужам Аляксандрам Шчасным.

Ірына Шчасная была затрымана 18 лістапада 2020 года супрацоўнікамі СК. З тых часоў яна застаецца пад вартай. Абвінавачваецца па частцы 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (Удзел у масавых беспарадках). Санкцыя артыкула — ад трох да васьмі гадоў.

scastnaja_i.jpg
Ірына Шчасная

“Экстрэмізм” і этап у Магілёў

Ірыну Шчасную паставілі на ўлік як схільныя да экстрэмізму. Калі менавіта гэта адбылося, невядома, аднак, як адзначае Аляксандр, гэта здарылася цягам апошніх трох тыдняў. Пасля гэтага Ірына перастала атрымліваць газету "Новы час", а лістоў стала прыходзіць яшчэ менш. Праблемы з лістамі былі і раней, калі Ірына знаходзілася пад следствам у СІЗА-1 у Мінску.

11 траўня Ірыну этапавалі ў Магілёў (турма №4) без апавяшчэння сваякоў і адваката. Пра этап даведалася маці Ірыны, калі прынесла ў СІЗА-1 перадачу. Аказалася, што Іры там ужо няма.

Пра тое, як праходзіў этап, распавёў на сваёй Фэйсбук-старонцы сябар Ірыны Яўген Маслаў:

"Вывелі яе з камеры пасля абеду, знаходзілася ў адстойніку, каля 22.00 выйшла з СІЗА, у 23.00 селі ў цягнік, у 7 раніцы была ў Магілёве.

Везлі цягніком, так званай "кругасветкай" праз Жодзіна, Оршу. Да цягніка везлі ў кайданках, рукі за спіной. Рукі так моцна зацяклі, што нават калі кайданкі знялі, яны былі да такой ступені апухлыя, што канваіры самі неслі яе сумкі. У Жодзіне дадаліся нейкія асацыяльныя жанчыны, і яны ехалі ў такой цеснаце, што яна не магла расправіць нават ногі, у дарозе вельмі моцна зацякла спіна. У Магілёве з 7-мі раніцы да 8-мі вечара была ў адстойніку нават без нараў, з вузкай лавачкай, ужо ўвечары перавялі ў камеру”.

Яўген таксама прадаставіў аўдыёзапіс голасу Ірыны Шчаснай — яго можна пачуць тут:

COVID-19?

Пасля пераводу ў магілёўскую турму ў Ірыны неўзабаве знік нюх. Затым — у яе сукамерніцы. Аляксандр упэўнены, што Ірына перанесла COVID-19:

"Ім рабілі тэсты — яны былі адмоўныя. Але тут сумнявацца не прыходзіцца, паколькі нюх да яе да гэтага часу не вярнуўся”.

Сваякі спрабавалі перадаць Ірыне падтрымліваючыя лекі і вітаміны (усе —безрэцэптурныя), але нічога з гэтага не прынялі. Чаму? Гэта таямніца, кажа Аляксандр. У цэлай перадачы не прынялі толькі лекі.

“Іра імкнецца не расказваць пра свае праблемы, каб не хваляваць ні нас, ні бацькоў. У сваіх лістах яна больш кажа пра тое, як яна трымаецца, як яна бачыць сваю будучыню, спрабуе нас яшчэ падтрымаць. Хоць гэта ёй яшчэ не лёгка даецца. Але лісты, на жаль, не даходзяць цяпер", — адзначае Аляксандр.

Аляксандр Шчасны
Аляксандр Шчасны

Ліст Ірыны

Але здараюцца і выключэнні — чацвёртага мая валанцёрка Святлана атрымала ад Ірыны ліст:

 “Пару слоў аб тым, як я, — піша Ірына. — Напэўна, усё добра: па ўмовах, па суседках. Але, вядома, дзесьці стомленасць дае пра сябе ведаць, часам здаецца, што сілы заканчваюцца, але я выдатна разумею, што нельга апускаць рукі, нельга губляць надзею.

Святлана, ведайце, я ўпэўненая, што людзям на волі пацяжэй. Людзі перажываюць усё вастрэй, напэўна, ім дастаецца больш негатыву. Вядома, у такой сітуацыі, як цяпер, вельмі цяжка захоўваць самавалоданне і не ўпадаць у абдымкі упадніцкіх настрояў. Але трэба, неяк трэба нам усім прайсці гэты шлях да канца і ведаць, што нічога не бывае дарма. Бо мільёны праменьчыкам дабра загараюцца толькі да добрага:)”

Свой ліст Ірына скончыла цытатай з Васіля Быкава:

"Зямля мая родная, людзі мае — дайце Вы мне гэтую сілу! Мне яна так трэба!”

Сын і абарона ААН

У Ірыны і Аляксандра ёсць сын Герман — у чэрвені яму спаўняецца 11 гадоў. Разам з бацькам ён жыве ў Кіеве. Туды яны з'ехалі пасля затрымання Ірыны.

"Ён вучыцца ва ўкраінскім ліцэі з беларускай групай. Там цікава выкладаюць, і ён практычна гаворыць на англійскай, падцягнуў беларускую мову", — распавядае Аляксандр.

Большасць беларускіх вучняў у ліцэі — тыя, хто самі сутыкнуліся з рэпрэсіямі на радзіме і з'ехалі. Пра сітуацыю Германа і яго мамы ведаюць усе, "там у кожнага знойдзецца свая гісторыя".

Пра сваю ж гісторыю Аляксандр распавёў Агенцтву ААН па справах бежанцаў ва Украіне:

"Іх юрыдычны аддзел пастанавіў, што я і сын маем патрэбу ў дадатковай абароне. Мы падалі дакументы. Зараз з імі мы можам падаць заяву ў ДМС Украіны (Дзяржаўная міграцыйная служба). Гэта дазволіць заставацца ва Украіне больш за 180 дзён”.

Ліст Германа Шчаснага да сваёй маці
Ліст Германа Шчаснага да сваёй маці

Як рэагуе Герман на сітуацыю з пераследам яго мамы і судовы працэс?

"Герман хвалюецца, — кажа Аляксандр. — Мы цяпер разам хвалюемся, пакуль ідзе гэты суд. Няма ніякай аб'ектыўнасці, ніякай інфармацыі, няма пэўнасці. Таму што разлічваць на нейкі цуд у гэтай сітуацыі не прыходзіцца. Сама Ірына лічыць, што ёй ад пяці да шасці гадоў дадуць”.

Ірына Шчасная ў дзяцінстве
Ірына Шчасная ў дзяцінстве

Кампанія салідарнасці #WeStandBYyou

У Ірыны Шчаснай ёсць хросная еўрадэпутатка — Моніка Хольмаер (у рамках кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, арганізаванай швейцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыяй "Libereco-партнёрства за правы чалавека"). Калі Аляксандр пра гэта даведаўся, то напісаў еўрадэпутатцы ліст. І Моніка Хольмаер адказала: прапанавала сваю дапамогу і спытала, чым могуць дапамагчы ў Еўрапарламенце.

"Нам было дастаткова важным, каб гэтая тэма падымалася ў СМІ — не толькі ў беларускіх, але і еўрапейскіх, у тым ліку ў Еўрапарламенце. Гэта была адна з ключавых просьбаў з нашага боку. Таксама Моніка спрабавала пісаць ліст Ірыне — хутчэй за ўсё яно не дайшло, бо Іра сама пра гэта нічога не казала".

Акрамя таго, Моніка Хольмаер асабіста стэлефанавалася з Аляксандрам праз відэаканферэнцсувязь: яны размаўлялі пра беларускую сітуацыю, успаміналі палітвязняў і пра тое, што адбываецца ў беларускіх судах.

Ірына Шчасная была прызнана праваабарончай супольнасцю Беларусі палітзняволенай 3 снежня 2020 года. Яе муж заўсёды імкнецца агучваць гісторыю Ірыны ў СМІ:

"Пра рэпрэсіі трэба пісаць абавязкова. Гэта невінаватыя людзі, якія пазбаўленыя волі толькі за тое, што спрабавалі выказаць сваё меркаванне, выказаць сваю кропку гледжання, якая была адрозная ад афіцыйнай”.

Акрамя таго, Аляксандр прасіў пісаць Ірыне лісты салідарнасці:

"Ірына вельмі любіць атрымліваць лісты і паштоўкі, з вялікай радасцю яна чытае пошту, і калі ў яе ёсць магчымасць, яна заўсёды піша адказ. Для яе гэта хоць нейкая сувязь са знешнім светам — як і для ўсіх, хто знаходзіцца ў такой сітуацыі.

Трэба пісаць і пабольш. Нават нягледзячы на тое, што цяпер магчыма яна лістоў не атрымлівае, усё роўна рана ці позна хутчэй за ўсё іх ёй аддадуць", —  перакананы Аляксандр.

Цяпер Ірына Шчасная ўтрымліваецца ў турме№4 горада Магілёва, адрас: 212011, г. Магілёў, вул.
* Змены ў адрасе ўтрымання глядзіце тут.

Як паведаміў Аляксандр Шчасны, апошняе судовае пасяджэнне па справе "Еўрапейскай Беларусі",  па ўсёй бачнасці, адбудзецца 25 мая.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства