viasna on patreon

Як выжыць на "хіміі", калі больш за палову заробку трэба аддаць дзяржаве?

2021 2021-05-19T12:04:23+0300 2021-05-19T12:44:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/puat.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу №52. Ілюстрацыйнае фота з сайта intex-press.by

Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу №52. Ілюстрацыйнае фота з сайта intex-press.by

Адзін з асуджаных па крымінальнай справе паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса распавёў на ўмовах ананімнасці пра ўмовы ўтрымання на “хіміі”.

Рашэннем суда мужчына быў пакараны абмежаваннем волі больш чым на два гады за адно "абразлівае" слова ў каментарах пад размешчаным у сацыльнай сетцы пастом з дадзенымі супрацоўніка міліцыі. Некалькі месяцаў назад ён быў накіраваны ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Адразу па прыбыцці асуджанага паставілі на прафілактычны ўлік “як асобу, схільную да экстрымізма і іншай дэстуктыўнай дзейнасці” і “як асобу, схільную да захопу закладнікаў”, што накладае шэраг абмежаванняў. Галоўнае з іх – адсутнасць магчымасці выходзіць з тэрыторыі ПУАТ пасля 19 гадзін вечара. Таксама, калі мужчына не знаходзіцца на працы, то кожную гадзіну вымушаны прыходзіць адзначацца ў камендатуру. Кожны раз, калі прыходзіць на працу – таксама абавязаны патэлефанаваць у адміністрацыю папраўчай установы.

Перад тым, як прыехаць у ПУАТ, мужчыну разлічылі на ранейшым месцы працы, на ягонай картцы было каля 250 рублёў. Але па прыездзе на “хімію” ён даведаўся, што грошы былі спісаныя ў прымусовым парадку.

За той час, пакуль мужчына не працаваў, у яго атрымалася запазычанасць па крэдытах і растэрміноўках, агулам каля 2000 рублёў. Акрамя таго, па рашэнні суда, ён павінен сплаціць пацярпеламу па крымінальнай справе кампенсацыю маральнай шкоды ў 500 рублёў.

Асуджанаму ўжо званілі з аддзелу прымусовага выканання і сказалі, што з улікам усіх запазычанасцяў і пеняй з яго заробку будуць вылічваць 40%. Каля 70 рублёў мужчына павінен плаціць за камунальныя паслугі ў папраўчай установе. Таксама за свой кошт набываць прадукты, адзенне па сезоне, плаціць за сувязь ды іншыя паслугі.

Праз тыдзень асуджанага ўладкавалі на працу на прадпрыемства па дрэваперапрацоўцы, але праз месяц яго звольнілі адтуль і пры гэтым не выплацілі заробак. Мужчына кажа, што яго выпадак на гэтым прадпрыемстве не першы. Цяпер ён працуе на ферме, але бліжэйшую зарплату атрымае толькі ў чэрвені. Атрымоўваецца, што другі месяц асуджаны жыве без сродкаў да існавання, тым больш, што ў яго з родных ёсць толькі хворая маці, якой бы мужчына хацеў дапамагаць.

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка адзначае, што становішча асуджаных да абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу досыць супярэчлівае з пункту гледжання працоўных правоў і абавязкаў.

З аднаго боку, права на працу прадугледжвае свабодны выбар – працаваць ці не, калі працаваць – то ў якога наймальніка і на якіх умовах. Але паводле Крымінальна-выканаўчага кодэксу асуджаныя, якія адбываюць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ, знаходзяцца пад наглядам і апроч іншага абавязаны "працаваць паводле накіравання адміністрацыі папраўчай установы адкрытага тыпу, за выключэннем асуджаных, якія маюць пастаяннае месца працы па месцы адбывання пакарання".

"Ну, абавязаны – значыць абавязаныя. Як у калоніі, напрыклад – ніхто не кажа пра свабодную працу, і зняволеных проста вядуць на працу.

Але ў ПУАТ сітуацыя іншая – там на працу не вядуць, а накіроўваюць ... заключыць працоўную дамову з пэўным наймальнікам. Дагавор, наогул прадугледжвае свабоду бакоў – заключаць ці не, на якіх умовах і на які тэрмін. А ў ПУАТ скарыстацца гэтым правам і адмовіцца азначае зрабіць першы крок да змены віду пакарання на пазбаўленне волі", – адзначае праваабаронца.

Паколькі зняволеныя ў ПУАТ падпісваюць працоўны дагавор, то яны маюць практычна тыя ж правы, што і астатнія работнікі, у тым ліку – спагнаць нявыплачаную заработную плату ва ўстаноўленым парадку: налічаную зарплату – праз выканаўчую надпіс натарыуса, у астатніх выпадках – праз суд. Заработная плата не можа быць ніжэй устаноўленага заканадаўствам мінімуму – 400 рублёў. Але за выкананнем працоўных правоў асуджаных адміністрацыя ПУАТ не сочыць.

Што тычыцца ўмоў утрымання, то па УВК асуджаныя размяшчаюцца ў жылых памяшканнях папраўчых устаноў адкрытага тыпу, дзе ім прадастаўляюцца індывідуальнае спальнае месца і пасцельныя прыналежнасці.

Асуджаныя пакрываюць кошт камунальных, якія прадстаўляюцца, зыходзячы з фактычнага спажывання гэтых паслуг у натуральным выражэнні на падставе дадзеных індывідуальных або групавых прыбораў уліку, а пры іх адсутнасці - на падставе нормаў спажывання, якія ўстанаўліваюцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, а таксама тарыфаў на камунальныя паслугі для насельніцтва, якія ўстанаўліваюцца ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

Прадугледжана, што адзенне, бялізна і абутак набываюцца асуджанымі самастойна за кошт уласных сродкаў. Пры адсутнасці ў асуджанага ўласных сродкаў адміністрацыя папраўчай установы адкрытага тыпу можа аказаць ім дапамогу.

Што тычыцца харчавання, то яно аплачваецца асуджанымі за кошт уласных сродкаў. Пры адсутнасці ў асуджаных уласных сродкаў іх харчаванне забяспечваецца за кошт дзяржавы з наступнай кампенсацыяй яго кошту асуджанымі – такое правіла ёсць ва УВК, але зняволеныя часта паведамляюць, што ў гэтым ім адміністрацыя ПУАТ адмаўляе.

"Адпаведна ў асуджанага ёсць небагаты выбар – дамагчыся нармальна аплачваемай працы ці дапамогі ад ПУАТ (якую трэба будзе пасля вярнуць) або быць на ўтрыманні родных і блізкіх – нейкіх іншых гарантый у іх няма. Дамагацца захавання сваіх правоў, дарэчы, нялёгка: разгляд любога роду скаргаў ва ўстановах ДВП павярхоўны, а коштам звароту можа стаць канфлікт з адміністрацыяй, які можа перарасці ў куды больш складаныя праблемы", – падкрэслівае Павел Сапелка.


Праваабаронцы “Вясны” працягваюць маніторынг месцаў несвабоды ў Беларусі і збіраюць актуальныя звесткі пра ўмовы ўтрымання ў папраўчых калоніях і турмах. Таксама важнымі для аналізу з’яўляюцца і тыя абмежаванні, якія накладаюцца на “дамашняй хіміі”.

Для збору інфармацыі была распрацаваная адпаведная анкета, якую могуць запоўніць як тых, хто накіраваны на “хімію”, так і блізкія тых, хто этапаваны ў калоніі. Таксама інфармацыю і копіі лістоў абвінавачаных і асуджаных можна дасылаць наўпрост на пошту - umovynesvabody@gmail.com

Праваабарончы цэнтр “Вясна” гарантуе ананімнасць і нераспаўсюд персанальных звестах без адпаведнага дазволу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства